Падзел функцыяў і задачаў паміж вучнямі

У рэдакцыях вялікіх друкаваных выданьняў для дарослых мы можам знайсьці шмат разнастайных функцыяў: ад галоўнага рэдактара – праз кіраўнікоў аддзелаў ды профільных рэдактараў – да шэраговых журналістаў і карэктараў. У школьнай газэеце ажно столькі функцыяў не патрэбна.

Галоўны мусіць быць!

Сход школьнай рэдакцыі складаецца наогул зь невялікай колькасьці асобаў. Канешне, можна выдумаць функцыю для кожнага, але на практыцы адпаведным чынам выконваюць свае задачы галоўны рэдактар, сакратар рэдакцыі, фотарэпартэр ды моўны карэктар.

Галоўны рэдактар выбіраецца ўсёй рэдакцыяй, часьцей за ўсё шляхам галасаваньня. Ім становіцца асоба, якая мае лідэрскія якасьці, умее выконваць ускладзеныя на яе калегамі функцыі, дысцыплінуе рэдакцыю і дастаткова самастойна ёю кіруе. Такая асоба здараецца рэдка, бо ўсё ж такі для вучняў (з увагі на іхны ўзрост) характэрны “саламяны запал”. Мне трапіліся дзьве: дзяўчынка (гімназія) ды хлопец (ліцэй), якія выдатна спраўляліся з арганізацыяй рэдакцыйнае працы. Уласна кажучы, я толькі прыглядаўся, са зьдзіўленьнем заўважаючы, якімі яны былі аўтарытэтамі для астатніх, і як іх слухаліся. Вядома, заўжды здараецца, што нехта не пасьпявае напісаць артыкул у час, аднак большасьць журналістаў галоўныя рэдактары ўмелі дысцыплінаваць.

Не зважаючы на тое, ці галоўны рэдактар будзе весьці працу самастойна, ці не – такая функцыя мусіць быць, і яе мусіць выконваць вучань, а не настаўнік!

Іншыя – згодна зь меркаваньнем і патрэбамі

У школьнай рэдакцыі часта выбіраюць намесьніка галоўнага рэдактара, хоць на практыцы такую функцыю можа выконваць сакратар рэдакцыі. Трэба моладзі патлумачыць, што сакратар рэдакцыі – гэта не сакратарка, якую яны ведаюць са школьнай рэчаіснасьці. Гэта вельмі адказная функцыя (гл. слоўнік), якую фактычна выконвае апекун – настаўнік. Тым ня менш, асабліва ў старэйшых клясах, можа знайсьціся асоба, якая справіцца з гэтай адказнасьцю.

Чарговаю функцыяй, якую можа пасьпяхова выконваць вучань – гэта фотарэпартэр. Сёньня няма вялікіх праблемаў са здымкамі: амаль у кожнай клясе знойдзецца вучань, які цікавіцца фатаграфіяй і з задавальненьнем паслужыць школьнай рэдакцыі.

Тое самае з моўным карэктарам. Прынамсі ў працу маёй рэдакцыі заўжды ангажуецца нехта, хто ведае правілы артаграфіі. А калі нават ён чагосьці ня ведае, то заўжды можа параіцца з апекуном (калі гэта філёляг, настаўнік мовы) альбо зь іншым настаўнікам. Зрэшты, кампутарныя праграмы для рэдагаваньня тэкстаў заўжды маюць артаграфічныя слоўнікі.

Затое рэдка ў школьных рэдакцыях рэдагуюцца самі тэксты. Таму там няма тыповага рэдактара. Настаўнік звычайна ня мае для гэтага адпаведнай адукацыі, а вучань тым больш ня ведае, у чым такая праца палягае. Калі каротка, рэдагаваць – значыць прыстасаваць тэкст да ўспрыняцьця яго чытачом, то бок прыбраць “ваду”, паўторы ды непатрэбныя адхіленьні ад асноўнай тэмы. Лепш за ўсё з гэтай праблемай спраўляюцца філёлягі.

Рэдактары аддзелаў

Ці абавязкова ствараць у школьнай газэце аддзелы ды ўскладаць адказнасьць за кожны на асобнага рэдактара? Натуральна, спортам мог бы заняцца спартовы рэдактар, культураю – рэдактар культуры і г.д. Можна так зрабіць, аднак не заўжды гэта атрымліваецца. З майго досьведу вынікае, што гэта хутка надакучвае моладзі, якая звычайна цікавіцца сьветам і ўвесь час патрабуе новага. Па шчырасьці, гэта надакучвае і мне. Тым больш, што жыцьцё прыносіць розныя неспадзяванкі, і можа аказацца, што ў чарговым нумары ня хопіць месца для той ці іншай сталай тэмы. Усё залежыць ад канкрэтнай рэдакцыйнай каманды. Таму ў гэтым пытаньні – поўная свабода дзеньняў.

Асобную праблему ўяўляюць сытуацыі, калі кагосьці надзяляюць нейкай рэдакцыйнай функцыяй у выхаваўчых або псыхалягічных мэтах: шмат якім вучням патрэбная падтрымка, усьведамленьне сваёй патрэбнасьці, магчымасьць паверыць у сябе. Таму часам зьяўляецца функцыя распаўсюдніка газэты, “заўгаса”, чалавека, адказнага за кантакты з клясамі, або адказнага за фінансы і г.д. Яны ня ўмеюць ні пісаць, ні маляваць – але прыдаюцца ў рэдакцыі дзякуючы сваім арганізатарскім здольнасьцям. І воўк сыты, і авечкі цэлыя.

Падзел задачаў

Мяркую, настаўніку (апекуну рэдакцыі) ня трэба тлумачыць, як разьмяркоўваць абавязкі і як потым сачыць за іх выкананьнем. Гэта па азначэньні ёсьць элемэнтам ягонай прафэсіі. Напэўна варта падкрэсьліць пасьлядоўнасьць – як самую галоўную якасьць, неабходную ў працы рэдакцыі. Калі яе ня будзе, то мы няшмат дасягнем.

Добра, калі рэдакцыйныя сходы вядзе галоўны рэдактар, а не настаўнік. Ён можа папярэдне сустрэцца з апекуном і пракансультаваць уласныя прапановы. Альбо адразу абмеркаваць усе справы з калегамі. Школьнікі інакш успрымаюць прапановы свайго равесьніка, інакш да яго ставяцца – і зусім па-іншаму ўспрымаюць загады апекуна. Але гэта не ўрок, а заняткі, выбраныя вучнямі, на якіх яны ўрэсьце могуць паказаць сваё уменьне быць самастойнымі і самакіравальнымі.

Таму яны самі абмяркоўваюць тое, што павінна зьявіцца ў газэце і бяруць на сябе канкрэтныя задачы. І ня варта нікога прымушаць да таго, чаго ён ня любіць. Ён напэўна ня зробіць гэтага добра (калі ўвогуле зробіць).

Інтэрнэт-газэта

Усё больш школаў апроч выдаваньня традыцыйнай газэты зьмяшчае свой мэдыйны прадукт у Інтэрнэце. Займаюцца гэтым самі вучні, але апекун мае дадатковую працу, бо мусіць сачыць за тым, каб яна выходзіла сыстэматычна і рэгулярна абнаўлялася. У адваротным выпадку выданьне страчвае чытача.

Натуральна, самае цяжкое – гэта пачатак: “перанос” графічных складнікаў газэткі ў інтэрнэт, то бок выкарыстаньне элемэнтаў праграмаваньня. Мы мусім стварыць прынамсі функцыі галоўнага рэдактара інтэрнэт-вэрсіі ды “праграміста”. Тэксты і здымкі хучэй за ўсё будуць тыя самыя, што і ў друкаванай вэрсіі.

А калі не атрымаецца?

Я працую ў школе, у якой большасьць вучняў (тыя, хто гэтага хоча) маюць мноства заняткаў і абавязкаў. Да таго шмат хто дабіраецца туды з розных, часам досыць адлеглых ваколіцаў. Таму цяжка выдаваць школьную газэту раз на месяц: наогул яна выходзіць радзей, нават раз на два месяцы – хаця тады мае зазвычай большы аб’ём. У такой сытуацыі на рэдакцыйныя сходы рэгулярна прыходзяць ня ўсе, і тады мы кантактуемся праз камунікатары ці электронную пошту. Вучні ствараюць кантактную скрыню, але ў інтэрнэце. Туды яны дасылаюць свае тэксты, а я маю да іх доступ яшчэ да публікацыі ў газэце.

Як у такой сытуацыі прасачыць за выкананьнем рэдакцыйных абавязкаў? Большая адказнасьць нажаль кладзецца на плечы галоўнага рэдактара ды ягоных бліжэйшых супрацоўнікаў, то бок карэктара і ўкладальніка тэксту. Рэдакцыйныя сходы патрэбныя для абмеркаваньня прапановаў матэрыялаў, якія маюць зьявіцца ў газэце. А потым галоўны рэдактар часта вылазіць са скуры, каб дысцыплінаваць калегаў і своечасова выпусьціць чарговы нумар часопіса. Самое ўкладаньне газэткі адбываецца ўжо ў хаце, уначы – нажаль коштам навучаньня.

Мінус такой сытуацыі – слабая повязь паміж школьнымі журналістамі, адсутнасьць магчымасьці збудаваць уласныя традыцыі. Але ёсьць і плюсы: нашая газэта выходзіць прынамсі 5 разоў на год, на вучняў кладзецца большая адказнасьць, і яны ўмеюць зь ёю справіцца. Я у сваю чаргу, як апекун рэдакцыі, станаўлюся кімсьці накшталт кансультанта ды дарадчыка і сачу за рэдакцыяй з пэўнай дыстанцыі. Супольна мы выяжджаем толькі на журналісцкія курсы. Што ж, інакш нельга.

 

Войцех Шот,

тэхнічны рэдактар і намесьнік галоўнага – у адной асобе

Эльжбета Cура

Настаўніца польскай мовы, шматгадовая апекунка школьных газэт, ініцыятар і арганізатар  “Форуму Пісакаў” – агульнапольскага конкурса школьных газэтак. Сябра Згуртаваньня журналістаў Польшчы, працавала журналісткаю 8 гадоў. 

Creative Commons License
Усе матэрыялы распаўсюджваюцца на падставе ліцэнзіі Creative Commons .

Фота:


1) Jenny Solomon, Зьмешчаны на падставе ліцэнзіі Creative Commons