MAM у сетцы

Але як узяцца за стварэньне чагосьці, аб чым мы не маем уяўленьня і робім гэта першы раз у жыцьці? Насамрэч, гэта ня так цяжка. Сёньня мы маем ужо шэраг публікацыяў аб школьнай журналістыцы, таксама арганізуюцца курсы, якія могуць нам у гэтым дапамагчы. А таму...
Навогул мы добра ведаем нашых вучняў і умеем ацаніць іх здольнасьці. Паспрабуйма заахвоціць да рэдакцыйнае працы тых, хто добра піша ды добра малюе. Мы ня мусім адразу вызначаць ролі і разьмяркоўваць задачы. Лепш пачаць ад размовы аб іхных уяўляеньнях наконт кшталту школьнага часпісу.
Можна вывесіць абвестку і папрасіць прыйсьці на першую сустрэчу усіх, хто хоча браць удзел у стварэньні сваёй школьнай газэты. Акажацца, што знойдуцца ня толькі тыя, якія ўмеюць пісаць і маляваць, але й добрыя арганізатары ці вучні, якія захочуць толькі дапамагчы й прыдадуцца для іншых функцыяў.
Можна пачаць і ад гэтага: пазаглядваць у іншыя школьныя газэткі (добрыя прыклады сабраныя, напрыклад, на старонцы mammedia.org) і зарыентавацца, што ў іх ёсьць. Прасачыць за рэдакцыйнымі калёнкамі ды рубрыкамі, занатаваць функцыі, якія мы там знайшлі. Прыглядзецца ўзьнятым у часопісах тэмам. Нарэсьце, ацаніць газэты з эстэтычнага пункту гледжаньня: складу тэкстаў і ілюстрацыяў, малюнкаў ці фотаздымкаў, а таксама асаблівасьцяў графікі: нумарацыі старонак і г.д.
Гэтыя дзеяньні мы можам выканаць супольна з вучнямі альбо самастойна – каб ведаць, што ім запрапанаваць.
Гэта можна рабіць двумя спосабамі: кожны будучы сябра рэдакцыі прапануе назву, і мы шляхам галасаваньня выбіраем самы цікавы. Альбо ангажуем у гэта ўсю школу і просім прапановы ад кожнае клясы. Потым прэзэнтуем самыя лепшыя і зноў шляхам галасаваньня абіраем назву нашае газэты.
Яе можна зьвязаць з прозьвішчам асобы, імя якой носіць школа, з нумарам школы. Сэнс назвы можа пераклікацца з прэсай і адначасова са школай, альбо ня мець ні з першым, ні з другім нічога супольнага. У гэтай справе пануе абсалютная свабода. У Польшчы нават існуе школьная газэта, якая носіць назву: “Без назвы”.
Галоўнае, каб назва была максімальна простай ды кароткай, якую можна лёгка запомніць. Яна таксама не павінна выклікаць негатыўных асацыяцыяў, не павінна быць шматзначнай. Ну й хаця б пэўным чынам мусіць адносіцца да “школьнасьці” часопісу.
Напэўна знойдуцца вучні з лідэрскімі якасьцямі – можа зь іх атрымаюцца добрыя галоўныя рэдактары? Але спачатку моладзі трэба растлумачыць, якія абавязкі ляжаць на кожнай асобе, якая ўваходзіць у склад рэдакцыі.
Журналіст-аўтар – працаўнік рэдакцыі, збірае ды апрацоўвае матэрыял, піша тэкст, рыхтуе яго да друку.
Кіраўнік аддзелу - кожная сучасная рэдакцыя (друкаваная, радыйная, тэлевізійная, інтэрнэтная) мае разгалінаваную арганізацыйную структуру, у якую ўваходзяць разнастайныя аддзелы (напр.: замежны, эканамічны, спартовы і г.д.).
Галоўны рэдактар – журналіст, які адказвае за часопіс у цэлым. Асоба, якая кіруе ўсімі дзеяньнямі рэдакцыі, адказвае за выгляд ды зьмест выданьня. Галоўны рэдактар кіруе працаю журналістаў, часта адказваючы за іх прыняцьцё ды звальненьне з працы. У школьных газэтах галоўным рэдактарам мусіць быць вучань, але, нажаль, здараецца так, што гэтую функцыю бярэ на сябе апекун рэдакцыі (якога жартоўна клічуць “надрэдактар”).
Рэдактар-выдаўца (“выпускаючы”) – рэдактар, адказны за выданьне аднаго канкрэтнага нумару газэты. У школьных часопісах рэдка здараецца, каб кожны чарговы нумар меў розных адказных за ягоны выпуск рэдактароў. Гэтую функцыю звычайна выконвае галоўны рэдактар.
Тэхнічны рэдактар – у друкаваных выданьнях асоба, якая адказвае за тэхнічны бок выпуску газэты. Яна мусіць кантраляваць графічны аддзел, а таксама сачыць за DTP (desktop publishing – падрыхтоўка публікацыяў з дапамогай камп’ютэра) і паліграфічнымі працамі.
Сакратар рэдакцыі – арганізуе працу ўсёй рэдакцыі, зацьвярджае да публікацыі ўсе старонкі, часта нясе адказнасьць за моўна-стылістычны выгляд газэты. Трымае кантакт з чытачамі, адказваючы на іхныя лісты, і-мэйлы.
Мы можам стварыць і іншыя функцыі, напр. графіка ці фотакарэспандэнта. Аднак паколькі мы яшчэ ня ведаем, што кіруе вучнямі: сапраўдны імпэт ці саламяны запал – прапануем склад рэдакцыі на выпрабавальныя 2 ці 3 месяцы. І толькі пасьля гэтага вызначаемся зь яго канчатковым выглядам.
Якраз тут мы можам выкарыстаць магчымасьці, якія даюць нам Новыя Мэдыі -гатовыя макеты, у якія мы ўкідваем тэксты, здымкі ці малюнкі. Можна таксама скарыстацца стандартнымі праграмамі складаньня газэтак: ад звычайнага Word альбо Publisher – да высокаспэцыялізаванага Page Maker.
Калі мы кажам пра шыхтаваньне, то трэба прадумаць выгляд нашае газэты: які яна будзе мець фармат (А5 ці А4), колькі будзе старонак, як яны павінны выглядаць, якія старонкі мы вызначым пад больш важную інфармацыю, а якія пад уласную творчасьць і забаву.
Трэба падказаць вучням, што ў газэце нельга гуляцца шрыфтамі. Мусім выбраць найбольш чытабельныя, лёгкія для вока, і каб іх было не зашмат: лепш за ўсё 2-3 асноўныя.
Што да тэкстаў, то трэба зьвярнуць увагу на іх кшталт у іншых (ня толькі школьных) газэтах: на памер загалоўкаў, ліды, падзагалоўкі, прамежкавыя загалоўкі ў даўгіх тэкстах, спосабы падаваньня фотаздымкаў ды іншых графічных элемэнтаў, падпісваньня здымкаў і малюнкаў, а таксама коміксаў – урэсьце, на кропачку, што скончвае кожны тэкст. І, вядома, подпіс аўтара. Лепш за ўсё поўны: імя й прозьвішча. Ня варта саромецца напісаных тэкстаў і трэба браць за іх адказнасьць. Але ёсьць сітуацыі, калі аўтара трэба схаваць – у такім выпадку мы даем яго пад псэўданімам альбо зьмяшчаем фармулёўку “прозьвішча вядомае рэдакцыі”. Дарэчы: не друкуем ананімак і пасквіляў, а таксама тэкстаў з вульгарнаю лексыкай, пра што выразна інфармуем у рэдакцыйнай калёнцы.
Як павінна выглядаць нашая газэта, што ўтрымліваць? На тытульнай старонцы пад назваю мусіць быць назва школы й нумар выданьня з месяцам і годам. Першую старонку фармуем згодна з ўласнай ідэяй. Гэта можа быць толькі здымак, альбо здымак з назвамі самых цікавых (на думку рэдакцыі) артыкулаў – з пазначэньнем старонкі, на якой чытач яго знойдзе, зь невялічкай ілюстрацыяй да яго, зь невялічкімі ўрыўкамі гэтых тэкстаў ды агульным зьместам газеты побач. Варыянтаў шмат: трэба выбраць адзін і пасьлядоўна за яго трымацца. Гэта надасьць газэце ўласнае аблічча – адзінае й непаўторнае.
Другая старонка – гэта месца для “уступнага слова” да чытача ад галоўнага рэдактара. Вядома, яно ня мусіць займаць усю старонку – дастаткова некалькіх сказаў.
На гэтай жа старонцы можна зьмясьціць рэдакцыйную калёнку (як таксама і на апошняй ці перадапошняй) з галоўнымі зьвесткамі: прозьвішча галоўнага рэдактара, ягонага намесьніка, кіраўнікоў рэдакцыйных аддзелаў, прозьвішча дарослага апекуна рэдакцыі, назва (нумар) і адрас школы (плюс: нумар тэлефону, адрас электроннай паштовай скрыні, адрас інтэрнэт-старонкі), тыраж і г.д. Пад гэтымі зьвесткамі варта зьмясьціць заўвагі адносна даўжыні тэкстаў, якія могуць дасылаць чытачы, лексыкі, якой яны мусяць прытрымлівацца альбо неабходнасьці падпісваць артыкулы. Шмат часопісаў зьмяшчае такі сказ: “Незамоўленыя артыкулы рэдакцыя не вяртае”.
На трэцяй старонцы звычайна знаходзіцца самая істотная інфармацыя, якую мы хочам данесьці. Гэта зьвязана з першым імпульсам чытача. Гэта першая старонка, якую мы адкрываем, рагортваючы часопіс. Чарговыя можна запаўняць ужо больш адвольна. У гэтым выпадку варта прыглядзецца да лепшых выданьняў з дарослае прэсы.
Так павялося, што сярэдзіну нумара рэзэрвуюць пад фотарэпартажы. Тут найпрасьцей зьмясьціць некалькі здымкаў ці малюнкаў і стварыць візуальную гісторыю, дасьціпна падпісаўшы прэзэнтаваныя карцінкі.
На апошніх старонках звычайна пакідаюць менш важныя альбо забаўляльныя тэксты: школьныя жарты, крыжаванкі, анкеты ды ўсялякія конкурсы. На спорт пакідаем асобныя старонкі.
Калі мы плянуем ствараць сур’ёзнае выданьне, то лепш не засяроджвацца на гараскопах і чутках – яны эфектыўна паніжаюць агульны ўзровень газэты. Інакш кажучы, пазьбягаем прыкладаў з “жоўтае прэсы”.
Безумоўна апекун газэты будзе турбавацца адсутнасьцю сродкаў для рэалізацыі гэтай ідэі. Дзе іх шукаць? Прасьцей за ўсё было б узгадніць з дырэктарам школы, што ён будзе фінансаваць кожны нумар газэты ў акрэсьленай колькасьці асобнікаў. Прынамсі на пачатку. Можна таксама напісаць заяву ў Бацькоўскі камітэт, які напэўна падтрымае нас нейкімі хаця б дробнымі сумамі грошай. Але не ва ўсіх школах гэта ўдаецца. Таму застаюцца бацькі ды мясцовыя фірмы, прадпрыемствы. Бывае так, што спонсарам школьнай газэты выступаюць лякальныя ўлады – толькі яны мусяць мець ад гэтага нейкую карысьць. Мы мусім навучыцца рабіць газэту, у якой мы штосьці – узамен за матэрыяльную дапамогу – для кагосьці зробім. Мы ж можам, напрыклад, прарэклямаваць у ёй нейкую фірму.
Пазьней, калі газэта пачне выходзіць і здабываць усё большую колькасьць чытачоў, можна зарганізаваць нейкую акцыю: напрыклад, зладзіць лятэрэю, прыбытак зь якой мы накіруем на набыцьцё паперы, альбо новага картрыджу для друкаркі. Нажаль выдаваньне газэты – справа нятанная, а прадаваць нумар па невядома якім кошце мы ня можам, бо ніхто яго ня купіць.
“Здабытыя” намі сумы грошай (альбо тавар, напр. папера) не мусяць быць вялікімі, і заўжды можна разьмяркоўваць фінансы так, каб атрымалася зэканоміць на гарбату ды печыва на рэдакцыйных сходах або дробныя падарункі для чытачоў.
Тэорыю мы маем – цяпер яе трэба рэалізаваць у гатовы прадукт. Вызначаем, хто й што напіша або зробіць фотаздымкі ды малюнкі. Усталёўваем дэдлайн, то бок апошні для журналіста тэрмін, у які ён мусіць здаць матэрыял. Як гэта выглядае на практыцы? Ня надта вясёла, бо аказваецца, што нам удаецца запоўніць толькі частку заплянаваных старонак.
На пачатку гэта няпроста, але будзе нашмат зручней, калі кожнаму журналісту мы вылучым акрэсьленую колькасьць тэкставых знакаў. Такім чынам будзе прасьцей плянаваць газэтную прастору, і мы ня мецьмем вышэйузгаданых клопатаў. Але гэтую сістэму трэба спачатку напрацаваць і на гэта патрэбны час.
Урэсьце тэксты гатовыя, ілюстрацыі таксама – можна ўзяцца за шыхтаваньне газэты. Часам гэта працягваецца гадзінамі, пакуль усё складзецца так, як трэба. Было б добра, каб кожны аўтар газэты пабачыў, колькі працы трэба ўкласьці ў запаўненьне й давядзеньне старонак да ладу. Варта падрыхтаваць макеты, але яны маюць сэнс толькі тады, калі мы ведаем колькасьць знакаў, зь якіх складаецца тэкст.
У маёй рэдакцыі мы пачалі весьці адмысловы сшытак. Там мы спачатку натавалі прозьвішчы журналістаў і атрыманых імі тэмаў, а пазьней кожны дапісваў колькасьць скарыстаных знакаў. Дзякуючы гэтаму з нумара ў нумар шыхтаваньне тэкстаў займала ўсё менш часу.
Мы ўсьведамляем, што “дарослая” прэса нярэдка забываецца на гэтыя дзьве найбольш істотныя для журналіста якасьці. І можна вучням пра гэта сказаць, абмеркаваць гэтую праблему. Ну а самыя вучым іх “чытаць рэчаіснасьць” максімальна праўдзіва й аб’ектыўна.
Гэтага нам напэўна мусіць хапіць, бо іх нясе самое жыцьцё. Удзел у школьных падзеях, у лякальных імпрэзах, дабрачынная дзейнасьць, сталае назіраньне асяродзьдзя й здолльнасьць заўважыць тое, чаго ня бачаць іншыя, супраца з дырэктарам (камэнтары), экскурсіі ў лякальныя газэты, удзел у журналісцкіх курсах, уласная творчасьць: паэзія, проза, малюнкі (і пазьбяганьне запаўненьня газэты матэрыяламі зь інтэрнэту!), абмеркаваньне праблемаў, якія хвалююць моладзь. З часам тэмаў стане столькі, што шмат якія зь іх будуць чакаць на свой час і месца ў нумары.
Першы чытач гэта, вядома, равесьнік нашых аўтараў. Заахвочваю стварыць кантактную скрыню, якая нярэдка можа стацца для рэдакцыі сапраўднай збіральніцай скарбаў. Нажаль трэба лічыцца з тым, што побач з цікавымі прапановамі мы будзем знаходзіць там і банальнае сьмецьце, а таксама...дробныя грошы (у нашай скрыні мы знаходзілі й гэта). Але... калі каля гэтай скрыні рэгулярна раздаваць узнагароды за разгаданую крыжаванку (мы рабілі гэта ў 16 дзень кожнага месяцу) і размаўляць з чытачамі, то з часам скрыня пачне выконваць сваю ролю. Цягам 12 гадоў маёй працы з рэдакцыяй школьнай газеты скрыню ні разу не пашкодзілі.
Як заахвочваць чытаць газэту? Трэба ўкласьці ў гэта шмат працы, на інфармацыйнай дошцы рэгулярна паведамляць вучням пра тое, што адбываецца ў рэдакцыі, час ад часу ладзіць невялікія прома-акцыі, дадаваць да нумароў нейкія падарункі (так, як гэта робяць дарослыя газэты), пісаць пра цікавых, адмысловых вучняў – гэта заўжды прыцягне прынамсі ўвагу іхных аднаклясьнікаў. Нарэсьце, прадаваць газэту бацькам перад сходамі: яны заўжды ў бальшыні сваёй цікавяцца тым, што адбываецца ў школе.
Эфектыўным будзе таксама заахвочваньне да ўдзелу дарослых: пэдагога ці школьнага псыхоляга (яны маюць цудоўную магчымасьць патлумачыць рэчы, зьвязаныя напр. з дазраваньнем, з тым, што й навошта адбываецца з маладым чалавекам), бацькоў (адна з “маіх” мамаў прыгадвала капітальныя анекдоты са сваіх школьных часоў), дырэктара школы, які можа палемізаваць са зьместам артыкулаў і г.д.
Звычайна бывае так, што спачатку мы спазнаем нешта на ўласным досьведзе, а потым шукаем магчымасьці для ўдасканальваньня працы ды прыклады, якія можна пераняць. І тут заўжды можна разьлічваць на старонку э-лекцыяў: мы маем тут і журналісцкі слоўнік, і бібліяграфію кніжак і артыкулаў, якія разважаюць ня толькі пра дарослую, але й пра школьную журналістыку. Тут мы можам знайсьці спасылкі на публікацыі датычныя жанраў журналістыкі, атрымаць прапановы ўдзелу ў курсах альбо дапамогу ў арганізацыі іх на месцы. Адным словам: стварэньне школьнай рэдакцыі ўжо ня мусіць быць складаным, можна спакойна пачынаць гэтую забаву. Я адмыслова выкарыстала гэтае слова, бо гэта мусіць быць менавіта забава. З сурё’зным зьместам...)
Настаўніца польскай мовы, шматгадовая апекунка школьных газэт, ініцыятар і арганізатар “Форуму Пісакаў” – агульнапольскага конкурса школьных газэтак. Сябра Згуртаваньня журналістаў Польшчы, працавала журналісткаю 8 гадоў.

Saied shahinkiya, Photoxpress