MAM у сетцы

Калі мы бярэм у рукі газэту альбо часопіс, то не задумваемся над рэфлексамі, якія прысутнічаюць падчас нашага азнаямленьня са зьместам. Спачатку мы бачым вокладку й чытаем зьмешчаныя там анонсы артыкулаў. Далей мы глядзім зьмест і шукаем артыкулы, якія нас цікавяць. Шукаем знаёмыя калёнкі. Калі нас зацікавіць канкрэтны фотаздымак, мы глядзім, хто зьяўляецца ягоным аўтарам. Такім чынам, цалкам несьвядома, мы карыстаемся газэтнай сыстэмай навігацыі. Дзякуючы ёй, можна хутка й дакладна вызначыць, дзе знаходзіцца цікавая для нас інфармацыя. Калі мы маем справу зь невялічкай газэтай, што налічвае старонак 16, то нішто не замінае прагледзець яе цалкам. Аднак уявіце сабе 200-старонкавы часопіс, у якім, напрыклад, нумары старонак зьяўляюцца нерэгулярна. У пошуках цікавага матэрыялу, пра які мы даведаліся з вокладкі, трэба будзе гартаць часопіс узад і ўперад, каб знайсьці ўрэсьце адпаведную старонку. Каб пазьбегчы такой сітуацыі, варта пазнаёміцца са сталымі графічнымі элемэнтамі макету.
Звычайна “адзінкай” называюць першую старонку газэты (часам таксама вокладку). Кожную добрую вокладку нельга ўявіць сабе без тытульнай застаўкі, якая ўтрымлівае: назву, лягатып, нумар, дату, кошт і г.д. Вокладка без назвы была б абсалютна ананімнай. Апроч тытульнай застаўкі часьцей за ўсё на вокладцы зьяўляюцца анонсы, якія інфармуюць пра зьмест часопіса. Яны вельмі важныя. Часам інтрыгоўныя анонсы дзейнічаюць так, што мы купляем менавіта гэтую газэту, нягледзячы на тое, што зьяўляемся сталымі чытачамі іншай. У выпадку штодзёньнікаў на “адзінцы” зьмешчаны галоўны артыкул газэты, альбо ягоны пачатак са спасылкаю на працяг на іншай старонцы. У сваю чаргу на вокладках часопісаў часьцей за ўсё сустракаецца здымак альбо ілюстрацыя да галоўнай тэмы нумару.
Уявім сабе, што мы толькі што прагледзелі вокладку, але не атрымалі інфармацыі пра нумар старонкі артыкулу, які нас зацікавіў. Тады мы хутка глядзім у зьмест (сьпіс артыкулаў) і знаходзім гэты матэрыял. Такім чынам мы карыстаемся наступным навігатарскім элемэнтам нашага падарожжа па газэце. Тут прэзэнтаваныя назвы ўсіх артыкулаў, часьцей за ўсё з кароткімі апісаньнямі, прозьвішчамі аўтараў ды нумарамі старонак, на якіх яны знаходзяцца. Часта самыя цікавыя матэрыялы варта вылучыць фотаздымкам ці адмысловай цытатай. Зьмест – гэта своеасаблівая мапа ўсяго часопісу, дзякуючы якой мы ведаем, як па ім перамяшчацца. Апроч гэтага на першых старонках мы можам сустрэць уступнае слова галоўнага рэдактара.
Дзякуючы зьместу, пасьля перагортваньня старонак, мы знайшлі артыкул, які нас зацікавіў. Усё дзякуючы “пагінацыі” – то бок пазначэньню старонак. Пагінацыя выступае звычайна з такімі дадаткамі, як: назва часопісу ці адрас ягонай інтэрнэт-вэрсіі. Месца, дзе знаходзіцца “пагіна” (нумар старонкі) мае розны выгляд. Звычайна гэта верхні альбо ніжні кут старонкі – так, каб чытач ня мусіў гартаць кожную ды шукаць ейны нумар недзе ў глыбіні. Мэта асобы, якая праектуе пагіну – зрабіць так, каб яна была выразнай, заўважнай, але адначасна заставалася дадаткам, а не дамінуючым элемэнтам старонкі.

Калі мы верныя чытачы адной газэтнай рубрыкі, то сьпіс артыкулаў нам непатрэбны. Іншыя характэрныя рысы выданьня хутка падкажуць, ці мы трапілі па адрасе. Адпаведныя рубрыкі часьцей за ўсё маюць у газэце сталае месца, і аматар матэрыялаў рубрыкі “Грамадзтва” знойдзе яе без праблемаў, напр. дзякуючы адпаведнай пазнацы. Па элемэнтах, што знаходзяцца наверсе старонкі, можна хутка вызначыць, ці мы знайшлі пажаданы матэрыял. Чытач мусіць без праблемаў распазнаваць прыналежнасьць зьместу старонкі да адпаведнай рубрыкі: дзякуючы характэрным для яе колерам ці графіцы. Часта гэтую функцыю выконвае папросту назва рубрыкі, прэзэнтаваная ў прывабнай графічнай форме.

Дапусьцім, мы апынуліся на адпаведнай старонцы ў абранай рубрыцы. Што далей? Чытаем загаловак, лід і... Наш позірк трапляе на ініцыял (першая літара тэксту) – сталы графічны элемэнт, які адразу заахвочвае вока чытаць тэкст з адпаведнага месца. Ініцыял – гэта якар, дзякуючы якому пасьля прачытаньня галоўных словаў на старонцы, мы не пачынаем блукаць неахвочымі вачыма па дробным тэксьце ў пошуках чагосьці больш прывабнага. Велічыня ініцыялу бывае рознай, але па сутнасьці яна мусіць візуальна спалучацца з даўжынёй тэксту й велічынёй загалоўка. Неадпаведна графічным правілам праектаваньня газэт выглядае, напрыклад, ініцыял на аднакалонкавай старонцы вышынёй у 14 радкоў. Ён ня можа прыцягваць позірк ажно да такой ступені.

Каб падчас чытаньня мы занадта не стаміліся, у газэтным тэксьце існуюць цытаты й ўрыўкі. Яны аптычна разнастайваюць старонку. Урыўкі й цытаты могуць таксама зьяўляцца побач зь іншымі элемэнтамі, але чытач не павінен мець цяжкасьцяў з іх распазнаньнем – дзякуючы двукосьсю, курсіву ці подпісу цытаваных аўтараў. Дызайнэр-складальнік павінен памятаць пра тое, каб не зьмяшчаць занадта кароткую або надта вялікую цытату, якая можа перагрузіць старонку альбо цалкам адцягнуць увагу чытача ад тэксту.

Існуюць сталыя элемэнты макету, на якія чытач рэдка зьвяртае ўвагу. Гэта, між іншых, подпіс аўтара тэксту, які знаходзіцца напачатку альбо напрыканцы тэксту. Мы хутчэй успомнім, пра што быў матэрыял або якую ён меў назву, чым пра тое, хто яго напісаў. Амаль цалкам ігнараванымі элемэнтамі зьяўляюцца крыніцы й подпісы аўтараў фотаздымкаў ці ілюстрацыяў. Іх звычайна пішуць дробным шрыфтам пад элемэнтам, да якога яны адносяцца – альбо калектыўна напрыканцы артыкула. Гэтая інфармацыя важная з пункту гледжаньня аўтарскага права асобаў, якія зрабілі выкарыстаны матэрыял. Дзякуючы ёй, фатограф, прозьвішча якога зьявілася ў крыніцы, можа прэтэндаваць на належную яму грашовую плату. Часта побач з фотаматэрыяламі ў газэтах зьяўляецца іншы інфармацыйны элемэнт. Гэта подпіс-камэнтар да здымку. Чытач не заўжды на аснове аднаго толькі фатаздымка можа зразумець сэнс пабачанага. Уявіце сабе выяву двух мужчынаў у пінжаках ды гальштуках: адзін зь іх стаіць з шырокай усьмешкай на вуснах, а другі – зь вельмі сумнаю мінаю. На першы погляд, адзін нам падасца вельмі прыемным чалавекам – з другім жа мы не захочам мець нічога супольнага. Але, прачытаўшы камэнтар, сваё стаўленьне мы імаверна зьменім: “Спадар Х (той, што з усьмешкай) перамог у справе крадзяжу 1 мільярда рублёў з-за адсутнасьці дастатковай колькасьці доказаў. Пацярпелы спадар Y (засмучаны) плянуе падаць апэляцыю аб пераглядзе справы”. Такім чынам, на месца нашай сымпатыі да вясёлага спадара Х прыйдзе салідарнасьць са спадаром Y. Як бачна, нават кароткі подпіс пад здымкам здольны адпаведным чынам зьмяніць ягоны кантэкст.
У залежнасьці ад патрэбаў праекту ды волі складальніка ў газэце можа зьяўляцца й болей неабходных і сталых элемэнтаў макету. Напрыклад, тэмы нумару, адмысловыя рассьледваньні ды іншыя рэчы, якія патрабуюць наяўнасьці дадатковых графічных элемэнтаў. Кожны макет мусіць утрымліваць падобныя элемэнты, якія ў выпадку патрэбы можна выкарыстаць у канкрэтным матэрыяле. Іх форма залежыць галоўным чынам ад ідэі дызайнера, а таксама меркаваньня чытачоў. Аднак бываюць адмысловыя матэрыялы, якія спалучаюць сталыя элемэнты са спэцыфікай дадзенай публікацыі. Напрыклад, калядны матэрыял, які утрымлівае справаздачу з падрыхтоўкі да сьвята, мусіць спалучаць графічны элемэнт адмысловай справаздачы са сьвяточнымі матывамі – каб чытач не сумняваўся, пра што вядзецца гаворка. Падобныя выклікі даюць дызайнэру творчую прастору для цікавых ідэяў і графічных рашэньняў.
газэтны графік. Працуе ў выдавецтве Axel Springer Polska
Pink Sherbet, зьмешчана на падставе ліцэнзіі Сreative Commons
Гэты тэкст разьмешчаны на правах ліцэнзіі Creative Commons