MAM у сетцы

Фотарэдактар – гэта новы панятак, які з’явіўся ў прэсе ў першай палове 1990-х. Раней мы мелі справу з фотападборам. Функцыі быццам бы падобныя, але розьніца паміж імі вялізная. Фотападборам у рэдакцыях і агенцыях займаўся чалавек, які шукаў здымкі на зададзеную тэму. Чалавек атрымліваў дакладныя інструкцыі, якія здымкі мусіць знайсьці і часам нават ня ведаў, да якіх артыкулаў ці матэрыялаў шукае. Ягоныя функцыі былі больш падобныя да працы архівіста, чым да працы сучаснага фотарэдактара.
Зьяўленьне фотарэдактара ў рэдакцыі ці агенцыі адбылося самым натуральным чынам. Вольныя СМІ, свабодная прэса патрабавалі не паслухмяных выканаўцаў, а людзей, творча ангажаваных у тое, што робяць. Менавіта творчы аспэкт найдзвычай важны ў працы фотарэдактара.
Фотарэдактар – гэта той, хто рэдагуе фота. Панятак рэдагуе мае тут падвойнае значэньне. Рэдагуе – то бок выбірае з фатаграфічнага матэрыялу найлепшыя здымкі, часта кадруючы іх. Ён працуе над здымкамі, і гэта ня мае нічога агульнага з праграмай Photoshop, якая зьяўляецца хутчэй тэхнічным рэдактарам, але не стварае самой фатаграфіі. Рэдагаваць у іншым значэньні – гэта камэнтаваць здымак словамі, ствараючы да яго подпіс, які адказвае на пяць простых пытаньняў: Калі? Дзе? Хто? Што? Чаму? Гэта самая частая роля фотарэдактара ў рэдакцыі. Рэдагаваць азначае і зьмяшчаць здымкі ў кантэксьце матэрыялу ня толькі для ягонага ілюстраваньня. Гэта самая простая форма фотарэдакцыі. Ускладненая форма рэдагаваньня – гэта адыход ад простай ілюстрацыі тэксту на карысьць фота, якое камэнтуе тэкст. Гэта найвышэйшая форма фотарэдагаваньня і яна вымагае інтэлектуальнага высілку, які абумоўлівае гучаньне матэрыялу і фота. Яны мусяць мець згодны пасыл. Бо лёгка зьмяніць пасыл здымка, зьмяшчаючы яго ў іншым кантэксьце, чым гэтага вымагае задума фатографа. Парушэньне згоды паміж тэкстам і фота можа выклікаць канфлікт паміж фотакарэспандэнтам і фотарэдактарам. Гэта не азначае, што нельга шукаць розных спосабаў выкарыстаньня аднаго і таго ж здымка.
Амаль кожны здымак можа функцыянаваць у многіх кантэкстах. Чым іх болей, тым фатаграфія больш вартасная і запамінальная, як, напрыклад, “Час Апакаліпсісу” Крыса Недэртала (Chris Niedenthal), якая стала іконай са шматлікімі значэньнямі і сэнсамі.
Дастаткова адкрыць любую газэту, каб знайсьці пасаду фотарэдактара ў выхадных зьвестках, у аддзеле фота. Але гэта не адзіная сфэра дзейнасьці фотарэдактара. Ён працуе ў стоках ці ў фотаагенцыях. Фотарэдактара мы знойдзем ў выдавецтвах ці рэклямных агенцыях. Аднак тут ягоная роля іншая, часта схаваная пад назвай “рэдактар ілюстрацый” або “падбор здымкаў”. Выдатную сфэру для працы фотарэдактара ствараюць электронныя мэдыя. Інтэрнэт – скарбніца магчымасьцяў для гэтай прафэсіі. У маланкавым тэмпе разьвіваецца і рынак выстаўнай або калекцыянерскай фатаграфіі , які фармуе новы погляд на прафэсію – ужо не фотарэдактара, а куратара выставаў або імпрэсарыё, які займаецца каралевай фатаграфіі – мастацкай фатаграфіяй.
У аснове ўсіх гэтых прафэсій ляжаць простыя рэчы, якія на практыцы зводзяцца да аднаго – або ў цябе ёсьць вока да фатаграфіі, або няма.
Фотарэдактар у рэдакцыі мае самы блізкі кантакт з фотарэпартэрам і фатографам. Гэта ён высылае фатографа на тэму, ён у паразуменьні з фатографам вызначае, якія здымкі ўвойдуць на сэрвіс. Натуральна, гэта ідэальны стан рэчаў, але для фотарэдактара вельмі важна дамагчыся для сябе адпаведнай прафэсійнай пазыцыі, каб захаваць добрыя стасункі з фотакарэспандэнтам. Фатограф і фотарэдактар – гэта партнэры, а ня ворагі. Праца ў агенцыі вымагае хуткасьці, бліскавічнага рэфлексу. Тут час часта вымяраецца ў хвілінах, здымкі павінныя як найхутчэй патрапіць да карыстальніка – рэдакцый газэт, а канкурэнцыя вялікая. Здымак – такі ж тавар, як іншыя. У пасьпешлівым тэмпе працуе і фотарэдактар у газэце. Ягонай ролояй з’яўляецца здабыццё як найлепшага матэрыялу для газэты – каб яна магла канкураваць зь іншымі газэтамі за чытача і за грошы з продажу як мага большага накладу. Фотарэдактар у газэце мае ў сваім распараджэньні фотаматэрыялы айчынных і замежных фотаагенцыяў, а таксама меншы ці большы калектыў уласных фотакарэспандэнтаў. Большыя СМІ стараюцца стварыць уласную фотаслужбу. Кожная газэта мае ўласны архіў, які дазваляе фотарэдактару знайсьці неабходны яму фотаматэрыял. Спакайнейшая праца ў часопісах. Тут больш часу, затое планка патрабаванняў вышэйшая. Часта здымак павінен мець шматслойны інфармацыйны план. Важнай зьяўляецца яго шматзначнасьць, эмацыйная нагрузка. Пакупнік не захоча чытаць і разглядаць у часопісах таго, што ўжо бачыў па тэлевізіі. І тут распасьціраецца прастора для самавыяўленьня фотарэдактара, які супрацоўнічае ня толькі з фотарэпартэрам, але і з аўтарам тэксту. Аўтар тэксту патрабуе, каб ужытая пры ягоным тэксьце фатаграфія падкрэсьлівала і ўздымала сэнс. Часта фатаграфія выступае як зачын тэксту. У часопісе важнай зьяўляецца вокладка, якая адначасна робіцца рэклямай, прадвяшчае "cover story", г.зн. найважнейшы, вокладкавы публіцыстычны матэрыял. Фота на вокладцы – наважнейшае ў часопісе. Яно прыцягвае ўвагу чытача, змушае да камэнтароў, схіляе зазірнуць у сярэдзіну. На жаль, на інфармацыйным рынку няшмат фокладак, якія грунтуюцца на адным здымку. Распаўсюджанай практыкай зьяўляецца фотамантаж або здымкі, выкананыя на спэцыяльную замову, якія больш супольнага маюць з фотаздымкамі рэклямнымі, чым прэсавымі. Прэс-здымак замянілі фотаскладанкі, якія часьцей інфармуюць, чым гавораць з чытачом.
Фотарэдактар у выдавецтвах – гэта параўнальна новая функцыя. У бальшыні відавецтваў, асабліва дыдактычнага характару, надалей функцыянуе падбор здымкаў. Аднак ад гэтага чалавека залежыць, добрае ці кепскае фота ён выбярэ. Часта менавіта ён высоўвае ідэю фотаальбому, зьяўляецца сувязным паміж фотарэпартэрам і праектантам альбоіма. Дастаўляе найлепшы матэрыял аднаго або некалькіх фатографаў, але клапоціцца і пра тое, каб гэтыя матэрыялы былі выкарыстаныя адпаведным чынам, без парушэньня аўтарскіх правоў. Фотарэдактар у рэклямных агенцыях мае меншае значэньне. Ён хутчэй рыхтуе матэрыял, які паслужыць падставай для рэалізацыі фотасэсій. Яго роля – гэта роля пашуковіка. У сьвеце рэклямы найважнейшымі зьяўляюцца колпірайтэр і мастацкі дырэктар.
Мабыць гэтае пытаньне хацелі б здадаць многія працаўнікі фотарынку, асабліва фотакарэспандэнты. Аднак нават праціўнікі гэтай прафэсіі хутка пераконваюцца, як ім патрэбная такая асоба, якая не зьяўляецца іх канкурэнтам, але выступае пасярэднікам паміж фатографам і агенцыяй, выдавецтвам ці рэдакцыяй. Гэта адна з роляў фотарэдактара. Адначасна ён зьяўляецца правадніком паміж фатографам і чытачом. Ён захоўвае дыстанцыю да тэмату, які рэалізуе фатограф, і дзякуючы таму можа выбраць найлепшы здымак. Бо менавіта адсутнасьць дыстанцыі часта павінная ў тым, што фатограф ня можа выбраць найлепшага сярод сваіх здымкаў. Таксама часта здараецца, што найлепшы здымак фатограф мае ў галаве, а не ў фотаапараце. Фатограф ня ведае патрабаваньняў рэдактара або выдаўца таго ці іншага выданьня. Вось тут і зьяўляецца месца для фотарэдактара, які з аднаго боку можа супрацоўнічаць з фотарэпартэрам пры выбары тэмы і здымкаў, а з другога боку абараняць ягоныя інтарэсы перад выдаўцом. Фотарэдактар -- першы, хто бачыць здымак фотарэпартэра. Ён яго ацэньвае як спэцыяліст, але ня менш важна, каб ён уявіў сябе ў скуры звычайнага чытача, які мае нейкія свае чаканьні. Урэшце менавіта фотарэдактар вырашае, які здымак найбольш пасуе да публікацыі, адначасна распавядаючы гісторыю і камэнтуючы яе. Можна сказаць, што фатограф і фотарэдактар павінны плячо ў плячо ісьці праз цяжкасьці выдавецкага і мэдыярынка, бо яны паміж сабою непарыўна зьвязаныя.
Такім жа правадніком для фатамастака зьяўляецца куратар выставаў або імпрэсарыё. Гэтая апошняя функцыя пакуль слаба распаўсюджаная ў нашых краях, бо шмат хто з фотамастакоў перакананы, што ён адначасна можа быць мастаком і ўласным мэнэджэрам. Няма нічога больш памылковага. Дастаткова зірнуць на больш разьвіты заходні рынак фатаграфіі, каб зразумець, што фтамастак творыць, выдавец выдае, а нехта трэці займаецца прамоцыяй і продажам тавару, якім ёсьць фатаграфія. Дастаткова папрасіць фатографа падрыхтаваць сваё партфоліё, каб пераканацца, як няшмат ён ведае пра ўласную творчасьць. Многія фатографы выдатна справяцца з выбарам фота іншых мастакоў, але кепска абіраюць уласныя. У мэдыях высокага ўзроўню фотарэдактарамі часта зьяўляюцца дасьведчаныя фотарэпартэры, якія знутры ведаюць майстэрства фатографа ці фотарэпартэра. Яны шмат чаго бачылі і ў шмат у чым бралі ўдзел. Прытым маюць вялікі фатаграфічны даробак і з дыстанцыі могуць глядзець на працу малодшых калегаў. Яны зьяўляюцца свайго роду трэнэрамі маладых кадраў і таму варта пакарыстацца іхнай дапамогай.
Ні ў водным унівэрсітэце не выкладаецца навука працы фотарэдактарам. Кожны год на выдавецкі, прэсавы і мастацкі рынак прыходзяць некалькі сотняў маладых фатографаў. У бальшыні школаў будучых фатографаў вучаць фатографы. І вучаць найперш тэхніцы, а не мастацтву. Рэдка там зьяўляюцца спэцыялісты гісторыі мастацтва, аўтарскага права, філязофіі ці гісторыі фатаграфіі. Найчасьцей гэтыя спэцыялісты зьяўляюцца ў вну, якія займаюцца падрыхтоўкай журналістаў. Напэўна, гэта таму, што фотарынкам кіруюць вытворцы фотаабсталяваньня, а не мастацтвазнаўцы. Надалей існуе погляд, што фотарэпартэр – гэта горшы калега пішучага журналіста, а мастацкая фатаграфія ня мае ўласнай пазыцыі сярод відаў мастацтва.
Адкуль жа ў такім выпадку можа зьявіцца на рынку прафэсійны фотарэдактар? У большасьці выпадкаў фотарэдактарамі робяцца выпадковыя людзі. Дастаткова, каб хтосьці некалі меў дачыненьне да фотаапарату, і вось ён ужо працуе фотарэдактарам. А фотарэдактар, які працуе ў прэсе, гэта найчасьцейпрафэсійны журналіст, які жыва рэагуе на тое, што адбываецца. Той, хто шукае тэмаў, хто шукае падзейнасьці і публіцыстычнасьці. Гэта той, хто здольны выслаць фотарэпартэра на адпаведную тэму, каб найлепшым чынам ілюстраваць тэкст журналіста. Часам не патрэбныя словы, каб перадаць чытачу тое, што адбылося. Дастаткова здымка, бо ён скажа больш, чым тысяча словаў.
Фотарэдактар павінен мець уяўленьне пра гісторыю фатаграфіі, ведаць даробак знакамітых фатографаў, і яму неабавязкова разьбірацца ў фотаабсталяваньні. Характарыстыкі аб’ектываў і колькасьць піксэляў на здымках пакінем фатографам. Фотарэдактар павінен быць спецыялістам у гісторыі мастацтва, этыцы і мець агульныя шырокія веды пра сьвет. Добры фотарэдактар -- гэта спэцыяліст, які здолее натхніць фатографа, выбраць яго найлепшы здымак і ўжыць яго прынамсі некалькі разоў у адпаведных кантэкстах. Аднак фотарэдактар павінен працаваць ня толькі з сучаснымі сэрвісамі, фатографамі ці фотарэпартэрамі. Крыніцай пошуку здымкаў для яго маюць быць і фотаархівы, айчынныя і замежныя. Тут спатрэбіцца веданьне замежных моваў. Таксама неабходна добра ведаць фатаграфічны і выдавецкі рынак. Трэба спазнаць архівы многіх фатографаў, бо невядома, у які момант спатрэбіцца той ці іншы здымак. Аднак самае важнае ў працы фотарэдактара, каб ён ствараў уласны фотаархіў. І дзень пры дні гэты архіў павінен дапаўняцца здымкамі з газэт, часопісаў, выдавецтваў, альбомаў, выставаў. Гэты архіў мае своеасаблівы характар, бо кожны здымак павінен суправаджацца сутнаснай ацэнкай, кантэкстуальным камэнтаром і ілюстрацыйнымі асацыяцыямі. Як стварыць такі архіў? У папяровай і электроннай вэрсіях. Аднак найчасьцей такі архіў ствараецца ў галаве фотарэдактара.
Фотарэдактар – гэта не толькі рамесьнік ці мастак. З гэтай прафэсіяй зьвязаная важная місія: інфармаваць людзей пра тое, што такое дабро і зло, прыгожае і брыдкае, што належыць або не належыць рабіць, лічыць або пісаць. Інфармуючы чытача, мы абавязаныя перадаць яму ўзважаную і аб’ектыўную ацэнку. Ад словаў можна адмовіцца. Горш з фатаграфіяй. Ужыўшы яе ў кепскім кантэксьце, можна нарабіць шмат невыпраўнага зла. І гэта немагчыма загладзіць. Бо мы тут маем найчасьцей справу з асабістым іміджам, які ахоўваецца законам. Менавіта чалавек, ягоны твар, падзеі, у якіх ён браў удзел, месцы, у якіх ён зьяўляўся, людзі, зь якімі размаўляў, зьяўляюцца тэмай усіх здмкаў – нават канцэптуальных, у якіх павінен быць чалавечы кантэкст, каб яны былі зразумелыя. Парушэньне этычных прынцыпаў, якія можна разумець проста – не рабі іншаму таго, чаго сам сабе не хацеў бы – прыводзіць да мэдыяльных падзеяў, якія абураюць грамадскую думку, як, напрыклад, публікацыя здымкаў журналіста Вальдэмара Мілевіча адразу пасьля ягонай трагічнай сьмерці ў Іраку.
Ужываньне фатаграфіі ў падзейным кантэксьце цягне за сабой меншую пагрозу, чым у кантэксьце публіцыстычным. Тут роля фатаграфіі з інфармацыі зьмяняецца ў камэнтар, ацэнку…
У часы цэнзуры інфармацыйнае і публіцыстычнае ужываньне фота строга кіравалася, каб паказваць толькі пазытыўныя бакі рэчаіснасьці, а не аб’ектыўную праўду. Цяпер жа свабодныя мэдыі спрыяюць злоўжываньням як бы ў іншы бок. Чым больш гвалту, зла, чым больш жорсткая фатаграфія, тым лепш, бо газэта прадасца. У гэтым бяруць удзел фотарэдактары, якія дапускаюць публікацыі такіх здымкаў, заахвочваючы фотарэпартэраў рабіць “вострыя фоткі”. Я думаю, што роля фотарэдактара ў фармаваньні гуманістычнага мэдыя-рынка неацэнная. Фотарэдактар абавязаны быць стражнікам усяго этычнага і папросту чалавечнага
Ізабэла Вайцяхоўска,
фотарэдактар, выкладчыца Кіна- і фоташколы ў Лодзі і Варшаўскай Школы Фатаграфіі
Гэты тэкст разьмешчаны на правах ліцэнзіі Creative Commons
Herreneck, Photoxpress