Мабільная журналістыка

Што такое мабільная журналістыка? Якія асаблівасьці, перавагі й недахопы? Хто можа ёю займацца? Які ў ёй сэнс?

“А ты бачыў(-ла)?!.” Такое пытаньне вельмі часта можна пачуць ад сяброў, знаёмых ды й каго заўгодна. Наш сьвет візуялізуецца ўсё болей і болей. І журналістыка не выключэньне.

Забойства Кадафі? Выбух у мэтро? Вывяржэньне вулкану? Жудасная аварыя?

Вы гэта бачылі? Мы гэта перш-наперш бачылі, і толькі пасьля казалі/чыталі/чулі. Але, калі нават ня бачылі, а сьпярша пачулі, то што мы намагаемся адразу зрабіць?..

У чым тут хітрасьць? І галоўнае – каму й навошта гэта трэба?

Хітрасьці, насамрэч, няма аніякай. З разьвіцьцём лічбавых тэхналёгій зрабіць здымак ці запісаць відэа зрабілася вельмі проста. Якасьць дазваляе пазнаць галоўнага героя ці разабрацца ў абставінах здарэньня, і, часьцей за ўсё, гэтага дастаткова.

На правільныя экспазіцыю і ракурс зараз зьвяртаецца ўсё меньш увагі. Галоўнае – хуткасьць. Вельмі пашанцуе таму, хто апынецца ў патрэбным мейсцы ў неабходны час.

Але што рабіць, калі забытая фотакамэра самотна ляжыць дома на паліцы, у той час, калі павінна быць тут і зараз, бо здараецца нешта неверагоднае? На дапамогу заўжды можа прыйсьці мабільнік, у які ўбудавана маленькае вока. І тады галоўнае адказаць сабе на пытаньне: “Што я хачу паказаць іншым?”, - і навесьці камэру менавіта туды.

Тое, што атрымаецца, будзе матэрыялам, які купяць, таму што:

1)      Самы “сьвежы” матэрыял цэніцца й каштуе больш за ўсё, бо людзі любяць дазнавацца пра падзею першымі: на гэтым і базуецца журналістыка, а менавіта навіны й рэпартажы.

2)      Здымкі = сапраўднасьць: існаваньне візуяльнага пасьведчаньня супакойвае чалавечую недаверлівасьць.

3)      І нават той недахоп – нізкая якасьць – які падаецца адзінаю адмоўнаю рысаю сучасных мабільных камэр, зьяўляецца адначасна й плюсам. Людзі разумеюць, што здарылася нешта такое, што захацелася захаваць у гісторыі ўсімі магчымымі сродкамі.

Але нашыя тэлефоны здольны зрабіць яшчэ адну вельмі істотную й каштоўную рэч: запісаць гукі. Дастаткова проста ўключыць дыктафон, уявіць, што размаўляеш зь сябрам і што ў цябе хутка скончацца грошы, і расказаць усё, як ёсьць. Вельмі проста, праўда ж?

Зараз адна сусьветна вядомая карпарацыя замовіла для сваех супрацоўнікаў мабільнікі, якія здольны рабіць вышэй пералічнае вельмі якасна. Такім чынам яна значна пашырыла магчымасьці сваіх карэспандэнтаў і, суадносна, свае пазіцыі на мэдыя рынку.

Так хіба толькі журналісты могуць зрабіць навіну?

Канешне ж, не. Дастаткова проста быць зацікаўленымі й неабыякавымі да падзей. І завесьці акаўнты ў сацыяльных сетках, дзе можна літаральна за хвіліну падзяліцца сваёю знаходкаю зь сябрамі. А далей проста назіраць, як працуе “ланцужковы эфект”. Назіраць і насалоджвацца: заўжды ж прыемна, калі нешта зроблена не дарма.

Яшчэ можна карыстацца нашым сэрвісам Э-газэтаў www.mammedia.org , куды таксама магчыма ўкласьці гукі, відэа й малюнкі – галоўнае разабрацца. І гэта нават не складана. Проста вылучыць крыху часу й, галоўнае, жаданьне. І гэта больш зручна, калі жадаеш стварыць моцную інфармацыйную крыніцу. Набіраеш групу заахвочаных – і наперад!

Такі від журналістыкі вельмі патрэбны краінам, дзе асноўныя інфармацыйныя каналы кіруюцца несумленнымі асобамі, дзе цэнзура й самацэнзура пазбаўляюць магчымасьці казаць пра тое, што баліць. Беларусь, нажаль, адна з такіх краін. Так што гэты занятак можа прынесьці ня толькі задавальненьне выдаўцам і іх сябрам, але й карысьць грамадству.

Жадаем посьпехаў!