Кодэкс журналісцкай этыкі

 

Аб'яднаньня польскіх журналістаў

 

Кодэкс базуецца на прынцыпах Хартыі этыкі СМІ і Дэклярацыі Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў.

 

1. Заданьне журналіста – переказваць старанна і аб'ектыўна інфармацыю і рознабаковыя меркаваньні, а таксама ствараць умовы для публічных дускусіяў.

 

2. Cвабода слова і выказваньняў мусіць быць раўназначна з адказнасьцю за публікацыю ў прэсе, на радыё, тэлебачаньні ці ў інтэрнэце. 

 

3. Карысьць чытачоў, слухачоў і гледачоў, а таксама публічная карысьць мусяць мець першанства зь інтэрэсамі аўтара, рэдактара, выдаўца ці прадусара.

 

I. Інфармацыі і меркаваньні

 

1. Інфармацыі трэба выразна адзьдзяляць ад інтэрпрэтацыі і меркаваньняў (камэнтароў). 

 

2. Інфармацыі мусяць быць ўзважанымі і дакладнымі, каб адрасат мог адрозьніць факт ад вэрсіяў і плётак, а таксама мусяць быць прадстаўленыя ў адпаведным кантэксьце і базавацца на (па магчымасьці) самых пэўных крыніцах.

 

3. Меркаваньні могуць быць аднабаковымі, але ня могуць скажаць фактаў ці быць вынікам зьнешняга прэсінгу.

 

4. Памылкі трэба як мага хутчэй папраўляць, нават калі гэта не віна аўтара ці рэдактара і нават калі ніхто не запатрабуе абвяржэньня.

 

II. Збор і апрацоўка матэрыялу

 

5. Пры зьбіраньні матэрыялу нельга выкарыстоўваць мэтады, якія супярэчаць заканадаўству і этыцы; выключэньне тут - сьледчая журналістыка, т.б. сакрэтнае высочваньне дзеля публічнае карысьці – зь ведама і са згодай кіраўніцтва – злачынства, карупцыі ці незаконных дзеяньняў улады. 

 

6. Нельга парушаць прыватнасьць і інтымную сфэру; выключэньнем можа быць, у абгрунтаваных абставінах, дзейнасьць у вобласьці сьледчай журналістыкі, у тым ліку – і датычна публічных асобаў. 

 

7. Журналіст абавязаны захоўваць у таямніцы крыніцу інфармацыі, асобу і зьнешнасьць інфарматара, калі той гэтага патрабуе, і таямніца гэтая можа быць адкрытая – з паінфармаваньнем пра яе – толькі ўласнаму кіраўніцтву. 

 

8. Апрацоўка ці скарачэньне інфармацыі, інтэрв'ю ці камэнтара ня можа скажаць сэнсу і пасылу матэрыялу; архіўныя матэрыялы і рэканструкцыі падзеяў, прадстаўленыя ў электроныых СМІ, мусяць быць адпаведна пазначаныя.

 

III. Журналіст, яго суразмоўцы і адрасаты

 

9. Суразмоўцаў трэба паінфармаваць, якім чынам будуць выкарыстаныя іх выказваньні; аўтарызацыя абавязковая, калі гэтага захоча суразмоўца; выказваньні дзяцей можна выкарыстоўваць толькі са згоды іхніх бацькоў ці апекуноў. 

 

10. Журналіст абавязаны ставіцца з пашанай да старэйшых, нягледзячы на іх погляды, культурны ці сацыяльны зрэз, што не азначае згоды зь іхнымі поглядамі.

 

11. Трэба зьвяртаць увагу, каб не пакрыўдзіць людзей зь фізічнымі ці псіхічнымі недахопамі, пажылых, хворых ці людзей з жыцьцёвымі праблемамі. 

 

12. З асаблівай асьцярогай трэба ставіцца да інфармаваньня пра новыя мэтады лячэньня, якія не былі яшчэ дастаткова пратэставаныя і маюць экспэрымэнтальны характар, а варажбу і гараскопы нельга прадстаўляць як даставерныя інфармацыі ці інструкцыі. 

 

13. Мова выказваньня павінна быць стараннай, трэба пазьбягаць вульгарызмаў і крыўдлівых выказваньняў.

 

IV. Злачынствы і выключныя сітуацыі

 

14. Раскрываючы злачынства і выкрываючы людзей, падазроных у іх, трэба захоўваць вялікую разважнасьць, пасьбягаць апісаньняў, якія маглі б справакаваць антыграмадзкія ўчынкі, і не вызначаць вінавайцаў, пакуль ня будзе абвешчаны афіцыйны прысуд. 

 

15. У данясеньнях з «гарачых кропак», з маніфэстацыяў ці дэманстрацыяў журналісты мусяць захаваць пазіцыю незалежнага назіральніка, каб не зрабіцца прадметам маніпуляцыі. 

 

16. Нельга паказваць блізка сцэны сьмерці, а крывавыя наступствы катастрофаў і вайны, як і праявы брутальнасьці можна апісваць і паказваць толькі пры ўмове захаваньня раўнавагі паміж дакладнасьцю расповеду і ўзроўнем уражлівасьці адрасатаў, асабліва – сем'яў ахвяраў і іх блізкіх.

 

V. Канфлікт інтарэсаў

 

17. Даставернасьць і незалежнасьць журналіста не дапускае атрыманьня падарункаў, выкарыстаньня бясплатных паездак ці тэставаньня каштоўных прыладаў.

 

18. Журналісту нельга займацца распаўсюдам, піярам ці прымаць удзел у рэкляме – за выключэньнем грамадзка-сацыяльных і дабрачынных акцыяў; рэдакцыйныя матэрыялы мусяць быць выразна адмежаваныя ад рэклямы. 

 

19. Абсалютна забароненая крыптарэкляма і затойваньне інфармацыі на ўласную карысьць. 

 

20. Журналіст ня можа выкарыстоўваць ва ўласных інтарэсах неапублікаваную інфармацыю, атрыманую службова, асабліва гэта тычыцца эканамічнай і фінансавай тэматыкі.

 

21. Занятак журналіста актыўнай палітычнай ці партыйнай дзейнасьцю таксама ёсьць канфліктам інтарэсаў, і нельга сумяшчаць такія дзеяньні, тое ж тычыцца атрыманьня афіцыйнай пасады ў публічнай адміністрацыі і партыйных арганізацыях.

 

VI. Супрацоўнікі і кіраўніцтва

 

22. Адносіны паміж супрацоўнікамі павінны быць партнэрскія, нельга дапускаць несумленную канкурэнцыю і прысвойваць сабе чужыя працы ці нават ідэі. 

 

23. У дачыненьні да кіраўніцтва і выдаўцоў абавязвае журналісцкая лаяльнасьць, але яны ня могуць загадаць журналісту, а журналіст мае права адмовіць выконваць загады, супярэчныя з заканадаўствам, прафэсійнай этыкай ці ўласнымі перакананьнямі.

 

VII. Адказнасьць і пакараньні

 

24. За парушэньне кодэксу журналісцкай этыкі адказвае як аўтар публікацыі – у прэсе, па радыё, тэлебачаньні ці ў інтэрнэце - так і рэдактар, выдавец і прадусар.

 

25. Пакараньні накладаюць журналісцкія суды, у адпаведнасьці з характарам і шкалой парушэньня: заўвага, вымова, часовае прыпыненьне чальцоўства ў Аб'яднаньні журналістаў, выключэньне з чальцоў Аб'яднаньня журналістаў; Вышэйшы суд журналістаў можа прысудзіць апублікаваньне вэрдыкту ў СМІ.