Ш

Шпальта

- паліграфічны тэрмін, які азначае першую, чарнавую кампаноўку тэксту, што мае мэтавую шырыню радкоў, а даўжыня (колькасьць радкоў) вынікае з аб’ёму тэксту. Гэты скампанаваны тэкст складаецца з шрыфтоў або лінатыпавых радкоў. Шпальта ўтрымлівае ў сабе большасьць мэтавых атрыбутаў тэксту, такіх як: шрыфт адпаведнага кегля (памеру) і віду, міжрадковы інтэрвал, абзацны водступ і г.д. Шпальта прызначалася для выкананьня адбітку да першай карэктуры (шпальтавая карэктура) перад вёрсткай. Пасьля ўнясеньня мажлівай карэктуры шпальта ў працэсе вёрсткі пераносілася на калонкі, дзе разьмяркоўвалася на адну або больш калонак праз адпаведнае размяшчэньне яе сярод іншых кампазіцыйных і прабельных элементаў калонкі. На гэтым этапе яшчэ заставался мажлівасьць умяшальніцтва ў тэкст. Журналісты часта няслушна называюць шпальту калонкай.

Штоквартальнік

- часопіс, які выходзіць раз на тры месяцы. Часта артыкулы, зьмешчаныя ў ім, грунтоўнейшыя за артыкулы ў іншых перыядычных выданнях.

Штомесячнік

- выданьне, якое выходзіць раз на месяц. Пераважна гэта выданне кшталту падсумаваўча-светапогляднага, прысьвечанага, хутчэй, пэўнай праблематыцы, напрыклад тэхнічнай або хобі.  

Штотыднёвік

- выданьне, якое выходзіць раз на тыдзень, часта падсумоўвае сусьветныя і замежныя падзеі, таксама можа прымаць форму парадніка або мець зьмест лакальнага характару.