Эпізод 2. Навінкі-Малінкі

Праглядаючы школьныя газэты, у адным штодвамесячніку я патрапіў на такую рубрыку як “Суб’ектыўныя навіны”. Назва, скажу адразу, мяне заінтрыгавала, паколькі аб’ектыўнасьць – гэта адзін з з галоўных навінавых прынцыпаў. А тут, калі ласка, такія кветкі-ягадкі. Возьмем, да прыкладу, з гэтай рубрыкі артыкул пад назвай “Кот паказаў кіпцюры”:

Міхаіл Кот з трэцяга В заняў першае месца ў Міжнародным Біенале Кніжнага Мастацтва. Гучыць грозна. Асабліва слова “біенале”! У любым выпадку гарачыя віншаваньні!

Альбо яшчэ фрагмэнт з навіны пад назвай “Як мы хадзілі па салонах”:

18 верасьня ў Тэхнічным унівэрсітэце прайшоў “Салон абітурыента”. “Як было? Няблага! Я атрымаў багата цукерак, асадак й пачак макулатуры” – зазначыў вучань на тэму вельмі прыязнага прыёму.

Як вы ўжо заўважылі, “суб’ектыўныя навіны” – гэта навіны зь “лёгкім апушчэньнем планкі”. Іх напісаньне уяўляе сабой агляд апошніх падзеяў, упрыгожаны дасьціпнымі камэнтарамі ды забаўнымі цытатамі і выслоўямі. У гэтых навінах даволі фрывольна трактуецца схема перагорнутай піраміды, якая мае на мэце захаваньне чарговасьці і важнасьці галоўных элементаў любой навіны, адказваючы на пытаньні: што?, хто?, дзе?, калі?, як?, чаму? і навошта?

Ідэя старшаклясьнікаў цягне на пяць з плюсам, і няма сэнсу крытыкаваць юнакоў за адыход ад традыцыйных правілаў, што кіруюць такім журналісцкім жанрам як навіна. Зь іхняга боку адыход ад традыцыі зьяўляеца ўсьвядомленым і адмысловым. Болей таго, падобныя формулы “суб’ектыўных навінаў” нярэдка выкарыстоўваць таксама “дарослыя” тыднёвікі”. Напрыклад, польскія часопісы “Polityka” і "Przekrój".

Creative Commons License
Усе фотаздымкі зьмешчаныя на падставе ліцэнзіі Creative Commons .

Здымкі: 1) Wetwater Апублікаваны на падставе ліцэнзіі Creative Commons

Санітар Слова