Эпізод 3. Сухія аповяды не пракацяць

Я заўважыў, што Вы пішаце нямала тэкстаў, маючых характер аповяду. Прынамсі такі тэрмін часта ўжываецца ў назвах вашых артыкулаў. Аповяд – гэта журналісцкі матэрыял аб нейкай падзеі (напрыклад, культурнай ці спартовай), інфармацыя аб здарэньні, сьведкам якога стаўся аўтар артыкула. Паняцьці "справаздача" і "аповяд" у дадзеным кантэксьце можна ўжываць як сінонімы.

У адным з двухмесячнікаў мне на вочы патрапілася справаздача зь імпрэзы "ВелаСьвята". Маладая аўтарка зьмясьціла ў тэксьце каляндар правядзеньня велапрабегу, распісала траекторыю й працягласьць маршруту, спаборніцтвы й конкурсы таго дня. Яна ўзгадвае пра "вогнішча", "смачнае печыва за сымбалічную плату" й "выступы вакалістаў". Нават падае прозьвішчы апекуноў. І ўвесь тэкст, на жаль, выглядае, як сухая статыстыка.

Але ж калі гэта расповяд аб падзеях, сьведкам якіх быў сам аўтар, то напісаць матэрыял можна было б нашмат цікавей! Напісаць так, каб чытач прасякнуўся тым, што адбывалася падчас «Сьвятаў» альбо нават пачуў сябе так, нібы браў асабісты ўдзел у мерапрыемстве. Аповяд мог бы атрымацца, дадай аўтарка ў матэрыял апісаньне сваіх перажываньняў, некалькі показак з конкурсаў ці камэнтары ўдзельнікаў прабегу. Але чаго не было, таго не было.

Трошкі сьвятла на сутнасьць справы пралівае шчыры допіс, які зьмясьціла дзяўчына адразу пад сваім прозьвішчам: ”Я хацела бы, каб такіх сьвятаў праводзілася болей, і каб спадарыня Богна надалей не прасіла мяне пасьля велапрабегу пісаць справаздачу”. Ня маю ніякага ўяўляньня, кім зьяўляецца спадарыня Богна, але ведаю, што для таго, каб матэрыял сапраўды атрымаўся, журналіст павінен мець ахвоту пісаць і цікавіцца тэмай рэпартажу. Дарэчы. Адразу побач з гэтым артыкулам газэта зьмясьціла іншы тэкст на гэтую ж тэму. Амаль… ідэнтычны, толькі крыху карацейшы. Мо абодва аўтары пісалі пад адну дыктоўку? (пры чым тут тады журналістыка?), а можа адзін спісаў ад другога? (называецца плагіят). Ці ж можна зьмяшчаць два ідэнтычныя тэксты адзін каля другога? Хтосьці тут вырыў сабе пастку.

Creative Commons License
Усе фотаздымкі зьмешчаныя на падставе ліцэнзіі Creative Commons .

Здымкі: 1) gmeurope, Апублікаваны на падставе ліцэнзіі Creative Commons

Санітар Слова