MAM у сетцы

Задаюся пытаньнем, чаму шмат якія тэксты – і тыя добрыя, і тыя, што ня вельмі – скончваюцца падобнымі, а часам зусім аднолькавымі фразамі? Незалежна ад таго, ці яны тычацца візіту ў музэй, спартовай імпрэзы, школьнае ўрачыстасьці альбо экскурсіі. Вось некалькі тыповых прыкладаў. Аўтар справаздачы з ночнага наведваньня музэяў скончвае свой артыкул словамі: “Каля 22.30 мы скончылі наведваньне і вярнуліся на трамваі дадому”. Журналістка, якая апісвае ўрачыстае адкрыцьцё спартовай залі, у апошнім сказе паведамляе: “Пасьля завяршэньня выступаў і прамоваў усе пайшлі дахаты” (адкуль такая ўпэўненасьць?). Іншая аўтарка, перабываючы пад уражаньнем паездкі ў горад А, падсумоўвае свой тэкст ляканічнаю фармулёўкай: “З вакзалу ў горадзе Б мы разьехаліся па дамох”. Хіба праўду кажуць, што “усюды добра, але ў хаце – найлепш!”. Вось як разьвівае гэты матыў журналістка, якая піша пра імпрэзу з назвай Восеньская эстафета: “Пасьля спаборніцтваў мы разыйшліся па сваіх хатах, каб насыціцца шчасьцем і нацешыцца выходнымі”. Цікава, да каго скіраваныя гэты формулы? А можа гэта інфармацыя для настаўнікаў ды бацькоў? Можа яе мэта – пераканаць іх у тым, што пасьля школьных заняткаў вас ня цягне ў ніякія падазроныя месцы, і вы, як прыстойная моладзь паслухмяна вяртаецеся наўпрост дахаты? Добра, болей ня буду.
Спадзяюся, што нікога не пакрыўдзіў. Калі што, выбачайце. Цяпер сур’ёзна. Уявіце сабе артыкул у газэце, што распавядае, напрыклад, пра хаду парлямэнцкай сэсіі, аўтар якога ў апошнім сказе піша: “Па завяршэньні паседжаньня я прыйшоў у рэдакцыю, каб напісаць тэкст, а потым вярнуўся да жонкі й дзяцей”. Такога, вядома, ніколі не здарылася, бо ніводзін рэдактар не прапусьціў бы ў друк падобнае журналісцкае шчыраваньне. Чаму? Бо яно не тычыцца сутнасьці закранутай у артыкуле тэмы, яно непатрэбнае, яно, як кажуць, зь іншай казкі. І на фоне ўсяго астатняга гучыць проста сьмешна. Журналіст, які закранае ў артыкуле нейкую справу, засяроджваецца выключна на ёй, не зьвяртаючы ўвагі чытача на сваю асобу. Вядома, ёсьць выключэньні. Распавядаючы пра нейкае сэнсацыйнае здарэньне, варта апісаць уласныя, зьвязаныя зь ім уражаньні. Таксама аўтары некаторых рэпартажаў выразна падкрэсьліваюць сваю прысутнасьць, але наогул гэта мае сэнсоўнае, сьцісла зьвязанае з тэмаю тлумачэньне. І зусім іншаю песьняй ёсьць тэксты, у якіх аўтар зусім недарэчы распавядае пра сваю працу ды прыватнае жыцьцё.
Падсумоўваючы: нельга блытаць артыкул зь прыватным дзёньнікам. Для чытача нашай справаздачы са спартовых спаборніцтваў ня мае ніякага значэньня тое, што пасьля іх завяршэньня мы пайшлі дахаты й зьелі яечню. Вой, нешта я расьпісаўся... Пераапрануся ў піжаму й пайду спаць.
Tjall, Photoxpress