Эпізод 4. Палеміка - гэта не грызьня

Пэўны “нерэгулярны штодвухмесячнік” зьмясьціў на сваіх старонках палеміку. Мушу прызнацца, што гэты факт мяне прыемна зьдзівіў. Ведаеце, чаму? Таму што гэта досыць складаны жанр: ён патрабуе ня толькі добрага пяра, уменьня ўжываць дакладную, лягічную аргумэнтацыю, але таксама вялікай стрыманасьці ды культуры. Здараецца, што палеміка зводзіцца да банальнага нападу, агрэсіўнае крытыкі, грызьні, слоўнай бойкі. Тут некаторыя з вас могуць пакрыўдзіцца. Ужо чую галасы абурэньня: “Кім ён нас лічыць?”, “Мы да такога не апусьцімся!” і г.д. Пакуль вы не абразіліся ўшчэнт, пагартайце газэты ды пашукайце ў іх палемікі гэтак званых прафэсіяналаў. Пабачыце самі, на што яны здольныя на хвалі эмоцыяў.

Палеміка, якая зьявілася ў згаданай вышэй школьнай газэце, што выходзіць раз на 2 месяцы, тычыцца артыкулу пра інтэрнэт-партал “Аднаклясьнікі”. Яго аўтар мяркуе, што на гэтым сайце абіваюцца рознага кшталту прайдзісьветы. “Штодзень мы атрымліваем масу спама ад невядомых нам людзей, якія хочуць пазнаёміцца. Апошнім часам нават пачалі зьяўляцца асобы з подпісамі кшталту: Д’ябал, Маці Божая і г.д.” Расчараваны аўтар мяркуе, што “нармальныя карыстальнікі” трапляюцца рэдка, амаль ніколі. Напрыканцы ён сьцвярджае, што “станоўчага ў партале няшмат (...) Аднаклясьнікі – гэта звычайны пажыральнік часу”.

Пад артыкулам зьмясьцілі тэкст палемізатара. Крыху шкада, што замест таго, каб падпісацца поўным прозьвішчам, ён выкарыстаў скарот. Але за ўсё астатняе яго трэба пахваліць. Ягоная палеміка – узважаная, зьмястоўная, а перадусім – поўная павагі да аўтара артыкулу. “Дарагі Артур, я разумею, што ты супраць парталу з назваю Аднаклясьнікі – і ты маеш на гэта права. Але ты ня можаш разьлічваць на тое, што кожны з Табою пагодзіцца”. Далей аўтар палемікі дае прыклад сваёй матулі, якая дзякуючы парталу адшукала даўнюю сяброўку, якая жыве цяпер за мяжой: “Я да сёньняшняга дня памятаю, колькі было плачу ды сьмеху, калі ў адзін цудоўны дзень яна прыехала да нас у госьці”. Аргументаў, якія сьведчаць на карысьць сайту, палемізатар падае багата. Я ня буду вам усё цытаваць, але паверце: яны прадуманыя й пераканаўчыя. Аднак найбольш мне падабаецца фраза, якая скончвае палеміку: “Спадзяюся, Артур,  што праз 20 год мы адшукаем адзін аднаго на партале Аднаклясьнікі і з задавальненьнем ўспомнім нашую дыскусію”. Адносна гэтага я ня маю аніякіх сумневаў.

Фота:

Chris Harvey, Photoxpress

Санітар Слова