MAM у сетцы

Тэрмін New Media, альбо “новыя мэдыі”, зьявіўся ў нашым абароце адносна нядаўна, але яго тлумачэньне ўжо стала для экспэртаў і знаўцаў журналістыкі такім жа магічным рытуалам, як й трактаваньне паняцьця “Web 2.0”. Негледзячы на тое, што ўсе сьпецыялісты згаджаюцца, што пад гэтую дэфініцыю трапляюць Інтэрнэт, мабільная сувязь, інтэрактыўная вонкавая рэкляма й т.д, само азначэньне застаецца дагэтуль даволі размытым і недакладным. Традыцыйна пад "новымі мэдыямі" прынята разумець інтэрактыўныя электронныя СМІ. Такі падыход зьяўляецца адначасна й правільным, і няпоўным. На добры пачатак давайце вызначымся з тым, што такое ўвогуле мэдыі.
Калі верыць разумным кніжкам, “мэдыі – гэта сукупнасьць тэхналягічных сродкаў і прыёмаў, якія служаць справе перадачы інфармацыйнага паведамленьня ў тым ці іншым выглядзе (друкаванае слова, музычная кампазіцыя, радыёперадача й т.д.) канкрэтнаму карыстальніку”. Ад сябе я, бадай, яшчэ дадам, што тэрмін “мэдыі” апісвае агулам камунікацыі й не абавязкова ўключае у сябе зьвесткі аб адрэсацыі, накірунку каналаў й асяроддзі міжлюдскіх дачыненьняў. Разгледзім гэтыя характэрыстыкі падрабязьней.
Міжпэрсанальныя дачыненьні – гэта камунікацыя людзей, якая ажыцьцяўляецца праз непасрэдны кантакт, напрыклад, за пасярэдніцтвам тэлефону, электронных і папяровых лістоў і т.д. Абодва бакі дыялёгу дасылаюць дадзеныя асабіста адзін аднаму. Падчас масавых камунікацыяў адбываецца перадача аднаго паведамленьня розным адрасатам, таму пад азначэньне масавых камунікацыяў трапляюць усе без выключэньня СМІ, а таксама масавыя паштовыя й СМС-рассылкі ды іншыя віды дачыненьняў, падчас якіх шмат карыстальнікаў атрымліваюць ад адпраўшчыка адну й тую ж інфармацыю.
У сваю чаргу, пэрсаналізаваныя дачыненьні зьяўляюцца лягічным працягам масавых камунікацыяў і розьняцца ад іх тым, што інфармацыя тут зьмяняецца (наладжваецца) у залежнасьці ад інтарэсаў, пажаданьняў, полу, узросту, геаграфічнага месцазнаходжаньня ды іншых характэрыстыкаў атрымальніка.
Накірунак камунікацыяў апісвае, ці адбываецца выключна перадача інфармацыі (аднакірункавыя дачыненьні), ці мае месца двухкірункавае ўзаемадзеяньне бакоў (інтэрактыўныя дачыненьні). Прыкладам аднакірункавай камунікацыі ёсьць газэты, тэлебачаньне, выступы аратараў і т.д. Інтэрактыўныя дачыненьня найбольш ярка прадстаўленыя ў камунікацыі людзей між сабой, а таксама ў мабільнай сувязі ды Інтэрнэце.
Асяроддзе камунікацыяў вызначаецца сродкамі, пры дапамозе якіх адбываецца дастаўка інфармацыі: радыёхвалі, вонкавая рэкляма, тэлефон, p2p і т.д. Менавіта “асяроддзе” ў значнай ступені ёсьць найбольш дакладным перакладам ангельскага слова media. Але вернемся да “нашых баранаў”.
Традыцыйны падыход, які надае інтэрактыўным электронным СМІ права называцца новымі мэдыямі, акцэнтуе ўвагу перш за ўсе на асяроддзі й накіраванасьці камунікацыяў, не закранаючы пры гэтым пытаньне адрасацыі. На мой погляд, менавіта магчымасьць пэрсаналізаваць інфармацыю адрозьнівае новыя СМІ ад традыцыйных. Ну бо тэлебачаньне, асабліва лічбавае, – гэта ж таксама электронны спосаб камунікацыі. А тэлефонны званок, пры дапамозе якога можна прыняць удзел у якой-небудзь тэлепередачы, - прыклад інтэрактыўнасьці. Ці тая ж глябальная сець Інтэрнэт. Статычны партал наўрад ці можна назваць “новым мэдыя”, паколькі, негледзячы на электронную сетку камунікацыяў й нейкую інтэрактыўнасьць, працэс блуканьня па раздзелах сайту прынцыпова ня розьніцца ад гартаньня старонак папяровага часопісу. Сістэмны адміністратар першага ў Менску Інтэрнэт-кафе мне распавядаў, што адразу пасьля адкрыцьця сярод звычайных кліентаў было шмат студэнтаў з бліжняга Ўсходу, якія хадзілі на сайты сваіх айчынных газэтаў. Гэтыя Інтэрнэт-старонкі ўяўлялі сабой набор агромністых малюнкаў (зазвычай, gif-фармату), якія дакладна дублявалі газэтныя палосы канкрэтнага нумару выданьня.
Пэрсаналізацыя сталася сутнасьцю й прыкметай “новых мэдыяў”. Google па змоўчаньні адкрывае мне старонку на мове той краіны, зь якой я на яго зайшоў. Livejournal паказвае мне стужку менавіта маіх сяброў, а ня ўсіх карыстальнікаў. Апэратар мабільнай сувязі спрабуе адгадаць мае зацікаўленасьці й патрэбы, дасылаючы прапановы ўзяць удзел у сваіх акцыях ці сьцягнуць музыку. Такія камунікацыі зьяўляюцца пэрсаналізаванымі, а дакладней – квазіпэрсаналізаванымі.
Такім чынам:

Aloysius Patrimonio, Photoxpress