Публіцыстыка й сьвет вачамі сёньняшніх мэдыяў

Журналіст – гэта чалавек, які здабывае інфармацыю. Публіцыст – асоба, якая на падставе сабранай інфармацыі піша пэўнага кшталту апавяданьне. У нейкім сэньсе публіцыст зьяўляецца артыстам, мастаком, які малюе перад сваім чытачом актуальную карціну навакольнага сьвету.

Сучасная мэдыйная цывілізацыя грунтуецца на эмоцыях. Яна атасаемляецца з так званай таблоіднай культурай, якая сягае далёка па-за межы саміх таблоідаў. Кожнае СМІ сёньня прагне выклікаць эмоцыі (якія паліткарэктна прынята называць камэнтарамі). Людзі актыўна камэнтуюць тыя ці іншыя журналісцкія матэрыялы, часта не ўсьведамляючы, што робяць гэта ў значнай ступені таму, што хтосьці так за іх вырашыў.

Дастаткова напісаць у Інтэрнэце кантравэрсыйную плётку пра публічную асобу, як з усіх бакоў пасыплецца рой камэнтароў.  Вэб-аўдыторыя думае, што такім чынам уплывае на ход падзеяў і сьцьвярджае сваю прысутнасьць у мэдыйнай прасторы. На самой справе звычайны чытач знаходзіцца на вялікай адлегласьці ад журналістаў, якія правакуюць бурны feed-back. Выразная большасьць камэнтароў - другасныя й эмацыйныя камунікаты, якія запраектавалі мэдыйныя гуру, перш чым мы ўвогуле паклалі рукі на клавіятуру. Што ні кажы – планктон. Але вялікая журналістыка – гэта акула. Сапраўдны публіцыст павінен шукаць сярод акіяну планктону толькі факты. Ён павінен быць у стане адразу распазнаць істотную інфармацыю, дакапацца да сутнасьці рэчаў і зьяваў ды несьці іншым праўду, замест таго, каб выбіраць сярод мноства людскіх выслоўяў тыя, якія дапамогуць пераканаць чытача ў правільнасьці свайго бачаньня сьвету. Публіцыст ня можа быць палітыкам, чыноўнікам ці прапагандыстам. Публіцыст мусіць апісваць сьвет такім, якім яго бачыць, нават калі гэтая выява зусім не адпавядае ідэялягічным перакананьням ці ўласнаму сьветапогляду. Трэба навучыцца, маючы сфармаваны комплекс ідэалаў і перакананьняў, не губляць падчас апавяданьня усяго спэктру барваў.

Мэдыйныя адукацыя – гэта важна?

Мы жывем у час, калі такія традыцыйныя СМІ як газэта-таўстуха раніцай з кавай ці тэлевізійная перадача ўвечары сталіся заняткам пакаленьня 30-40годкаў. Маладыя людзі характэрызуюцца зусім іншай мэдыйнай сьвядомасьцю, і, без сумневу, школа й вну павінны стаць інстытуцыямі, якія адрэагуюць на гэтыя зьмены, паколькі лёс аб’екту мэдыйнага сьвету чакае кожнага з маладзёнаў, незалежна ад таго, хочам ён таго ці не.

Некаторыя людзі часам задаюцца пытаньнем, як спалучыць дзьве так адрозныя прафэсіі: журналіста й настаўніка? Але калі ўважліва прыглядзецца, высьветліцца, што па вялікім рахунку канцэптуальна гэта адна й тая ж прафэсія: і журналіст, і настаўнік (і сьвятар) прыступаюць да збору, сістэматызацыі й аналізу інфармацыі, колькасьць якой з пункту гледжаньня адрасату (студэнта ці чытача) пастаянна павялічваецца, а галоўная мэта палягае ў тым, каб пры наяўнасьці вялікага мноства кампанэнтаў, выбраць тыя, зь якіх можна “прыгатаваць смачныя й карысныя веды”.

*У ідэале мэдыйная адукацыя павінна пранікаць у сфэры асьветы й навукі ў постаці электронных СМІ й інтэрнэт-тэхналёгій, паколькі балбатня на тэму электронных мэдыяў – гэта тое самае, што балбатня пра музычную кампазіцыю: можна, але лепей “узяць гітару й проста сыграць” .

Межы добрага густу й сумленнасьці публіцыста

Падчас камэнтаваньня словаў ці ўчынкаў публічных людзей варта трымацца простага правіла: роўнасьць “зброі”. Калі нейкі дзеяч вядомы тым, што ў палеміцы не цураецца пераходу на асобы, у дачыненьні да яго падобнае дазваляецца зрабіць і публіцысту; калі нейкая celebrity любіць кідаць налева й направа вульгарныя выразы, публіцыст таксама можа выкарыстаць супраць яе пару “пікантнасьцяў”; калі нейкая публічная асоба паводзіць сябе агрэсіўна ў дачыненьні да палітычных апанэнтаў, публіцыст мае права ў сваім матэрыяле пра гэтага чалавека таксама быць агрэсіўным. Любы лінгвістычны прыём можна выкарыстоўваць супраць, напрыклад, Жырыноўскага, паколькі яго падыход ўвогуле можна назваць “зброяй массавага зьнішчэньня”. Але зусім інакш сябе трэба паводзіць, скажам, з Аляксандрам Мілінкевічам, паколькі некаторых прыёмаў славеснасьці ён проста не ўжывае. Прыстойны камэнтатар ня стане пагаршаць палітычны/публіцыстычны клімат ў краіне. На жаль існуе няшмат магчымасьцяў, каб такі клімат палепшыць. Але заўжды можна ня шкодзіць, калі трымацца правіла “роўнасьці зброі”.

Ці палітыка можа быць чыстай і якую ролю ў гэтым грае сам журналіст?

Ніводная сфэра чалавечага жыцьця не пазбаўленая чагосьці, што мы бы назвалі брудам, эгаізмам ці глупствам. Бяз гэтага не абыйдзецца нават у такіх сьвятых справах, як прытулак для бяздомных сабак. Таму не шукайце ў палітыцы стэрыльнай чысьціні. Пры гэтым памятайце, што палітыка можа быць і часта зьяўляецца вельмі шляхетнай справай. Узгадайма Польшчу, у якой палітыкі зрабілі шмат чаго, каб грамадзтва й СМІ трактавалі іх не зусім паважна. Негледзячы на гэта, мясцовым палітыкам удалося замацаваць самастойнасьць польскага Нацбанку, незалежнага ад дзяржаўнай улады, сфармаваць раду манэтарнай палітыкі, разьвіць рэгіянальнае самакіраваньне, якое абсарбуе значныя грашовыя сродкі з эўразьвязаўскіх фондаў, і увесьці канстытуцыйны лад, які стаў гарантам стабільнасьці палітычнай сістэмы. Гэта ня значыць, што абыйшлося без паскудстваў. Але паскудствы ня сталі перашкодай для сэнсоўнага вырашэньня сур’ёзных справаў агульнадзяржаўнай важнасьці.

Журналісты як назіральнікі і адначасова непасрэдныя ўдзельнікі палітычных працэсаў у дзяржаве павінны быць гатовымі да таго, што час ад часу прыйдзецца мець дачыненьне з рэчамі, якіх ня любіць ніхто: свінствам, амаральнасьцю й г.д. Але разам з тым, у кожнага з Вас будзе магчымасьць зрабіць вельмі важныя, а часта надзвычай шляхетныя рэчы для сваёй краіны. І гэта нармальна. Так выглядае жыцьцё. Калі б людзі кіраваліся толькі дрэннымі прыкладамі, ніхто б ў жыцьці ня стаў ствараць сям’ю, паколькі вядома, што заўжды знойдзецца безліч прыкладаў недарэчных параў, у якіх муж з жонкай штодня сварацца, на чым сьвет стаіць, улетку разьдзельна езьдзяць на вакацыі, а на парлямэнцкіх выбарах хадзілі галасаваць за розныя партыі. Пры гэтым ніхто ня стане спрачацца, што існуе безліч шлюбаў, у якіх пануе каханьне й дабрабыт, гадуюцца цудоўныя дзеці, а срэбранае вясельле спраўляецца не таму, што супругі  - сьвятыя, толькі нармальныя людзі.

Рады маладым рэпартэрам і журналістам

Калі хтосьці хоча працаваць журналістам, мусіць прызвычаіцца да парадоксаў. Журналіст павінен любіць людзей, пра якіх піша, таму што ў гэтым ісьціцца галоўнае правіла прафэсіі. Пачынаць журналісцкі шлях належыць не з апісаньня мафіёзных груповак ці схемаў карупцыі, толькі з асяродкаў людзей, якіх любіш. Пры гэтым трэба ўмець пісаць пры тых, каго любіш, праўду, якая не заўжды бывае прыемнай. Добры журналіст павінен быць гатовы да таго, што героі яго рэпартажаў будуць мець пэўныя прэтэнзіі, негледзячы на тое, што па меркаваньні самаго журналіста, ён паведаміў праўду.

Адказнасьць за свае словы накладае абавязак “капаць” інфармацыю па тэме журналісцкага матэрыялу так доўга, пакуль сам не зразумееш істоту праблемы. Нельга ніколі аддаваць у публікацыю артыкул, калі лічыш, што не да канца разумееш сутнасьць справы, толькі таму, што так сабе зычыў выдаўца.

Можна ісьці на рознага кшталту ўклады з уласным выдаўцам, кіраўніком ці рэдактарам, бо  гэтага часта вымагае прафэсія, праўда, у такіх “пагадненьнях” поле для манэўру можа быць як вельмі шырокае, так і вельмі вузкае. Трэба старацца, каб поле, пакінутае для Цябе, вядома, было як мага болей, каб быць у стане хутчэй і лепей пісаць тое, што сам лічыш правільным. Пісаць пра тое, што сам разумееш.

У якасьці падсумаваньня, хацелася б дадаць, што абсалютная большасьць актораў – гэта людзі, якіх мы ня ведаем. Ня кожны ёсьць Робэртам Дэ Нірам ці Мэрыл Стрып. Але гэта не замінае добраму актору быць добрым акторам. Слава й прызнаньне прыйдуць, і нікуды не падзенуцца, калі ты таго заслугоўваеш. Але факт таго, што журналіст не дасягнуў узроўню прафэсіяналізму і прызнаньня Леаніда Парфёнава, Савіка Шустэра ці Лары Кінга, ні ў якім разе не звальняе яго з абавязку шанаваньня правілаў сумленнай журналістыкі й стандартаў прафэсіі.

У сьвет журналістыкі трэба ўмець годна ўвайсьці. Як і выйсьці.

Ян Врубэль,

польскі публіцыст, гісторык, настаўнік і фельетаніст, дырэктар першага Грамадзкага Агульнаадукацыйнага Ліцэя ў Варшаве. Быў, між іншым, рэдактарам тыднёвіка “Nowe Państwo” і газэты “Życie” (ад 1999 г. намесьнік галоўнага рэдактара). Сузаснавальнік, рэдактар і журналіст тыднёвіка “Europa”.  Дарадчык і аўтар прамоваў былога прэм’ер-міністра Польшчы Ежы Бузэка (цяперашні старшыня Эўрапарлямэнту), аўтар мноства публікацыяў для выданьняў „Newsweek”, „Wprost” і  Mówia Wieki”. Выкладчык і супрацоўнік Школы Грамадзкіх Лідэраў. Зьяўляецца пастаянным фельетаністам выданьня “Dziennik” і галоўным рэдактарам грамацка-палітычнага інтэрнэт-сэрвісу Redakcja.pl

Адаптаваны пераклад

Гэты тэкст распаўсюджваецца па ліцэнзіі Creative Commons

 

Фота:

Emmanuelle Guillou, Photoxpress