MAM у сетцы

Прэса ў Польшчы свабодная, але мае з гэтай свабодай пэўныя праблемы. Натуральна, яна нашмат больш свабодная, чымся была ў часы камунізму, альбо ёсьць у сучасных недэмакратычных краінах. Разам з тым яна пакуль яшчэ менш свабодная, чым у заходняй Эўропе або Злучаных штатах. Гэты недахоп свабоды вынікае не з колішняй дзяржаўнай цэнзуры, а... зь непрыхільнага стаўленьня да прэсы судоў, якія ў спрэчных сытуацыях часта інтэрпрэтуюць законы не на карысьць СМІ. Таксама ён вынікае зь вельмі слабой пазыцыі прэсы на рынку – з цяперашняга крызісу прэсы. Моцных, самадастатковых часопісаў няшмат, многія зь іх маюць фінансавыя праблемы, некаторыя зачыняюцца. А некаторыя, каб неяк утрымацца на рынку, ідуць на зьліцьцё (так як нядаўна гэта зрабілі “Дзёньнік” і “Прававая газэта”). Адным словам, эканамічнае становішча прэсы складанае, і гэта накладае на ейную свабоду пэўныя абмежаваньні.
Да таго зьяўляюцца зьвесткі пра праслухоўваньне шэрагу журналістаў (падобны скандал меў месца падчас кіраваньня партыі “Права й справядлівасьць” на чале зь Яраславам Качыньскім – рэд.). Закон фармальна не парушылі, разам з тым аказалася, што спэцыяльныя службы маюць адмысловыя прававыя “форткі”, дзякуючы якім могуць падслухоўваць журналістаў.
Іншыя пагрозы для свабоды слова існуюць у рэгіёнах. Там лякальная прэса сутыкаецца са спробамі ўплыву на яе з боку мясцовых органаў самакіраваньня. Апроч гэтага мясцовыя ўлады выдаюць свае ўласныя газэты, якія зьяўляюцца іхнымі друкаванымі органамі. Гэтыя выданьні не выконваюць асноўнай функцыі СМІ: яны НЕ кантралююць ўладу, а наадварот – робяць ёй піяр. Я ўжо працяглы час сачу за такімі выпадкамі: калі нехта ў лякальнай газэце пачынае бунтавацца, змагацца з мэрам ці іншым мясцовым кіраўніком, то гэта звычайна скончваецца звальненьнем такой асобы, альбо закрыцьцём газэты. У адрозьненьні ад польскага палітычнага эстэблішмэнту, лякальныя палітыкі пакуль яшчэ вельмі слаба разумеюць свабоду прэсы ды ня ўмеюць паводзіць сябе ў межах ейных стандартаў. Просты прыклад: нядаўна ў пэўным мястэчку падчас адкрытага паседжаньня гарадской рады мэр забараніў падчас выступу класьці побач з сабою... ўключаны дыктафон. Ён тлумачыў, што гэта яго раздражняе, хаця паводле закону журналісты маюць поўнае права на запіс ягоных афіцыйных прамоваў.
Калі казаць пра ідэальную мадэль свабоды прэсы, то мяжа свабоды журналіста – не парушыць закон ды правілы прафэсійнай этыкі. Кажучы простаю мовай, журналіст мусіць старанна правяраць усе крыніцы й захоўваць сумленнасьць і аб’ектыўнасьць – у межах даступных яму матэрыялаў. Часам здараецца так, што частка матэрыялаў па справе для яго недаступная (напрыклад, засакрэчаная), і прэзэнтаваць вычарпальную карціну ён ня ў стане. Тым ня менш журналіст мусіць прыкласьці ўсе намаганьні, каб нават у такіх умовах максімальна наблізіцца да праўды. Перадусім важна, каб ён абавязкова даў выказацца абодвум бакам. Важная таксама форма крытыкі: яна ніколі не павінная быць асабістай і мусіць тычыцца толькі непасрэдных аспэктаў закранутай тэмы.
Мы часта чуем нараканьні, што прэса парушае свае межы, што яна “жаўцее”, што журналісты агрэсіўныя, шукаюць сэнсацыі, выцягваюць розны бруд з прыватнага жыцьця публічных асобаў. Гэта, вядома, ня самая ўхвальная тэндэнцыя. Але, парадаксальна – гэтая сытуацыя ёсьць гарантам таго, што мэдыі робяць шмат добрага. Французкі мысьляр і палітык Алексіс дэ Таквіль, падарожнічаючы ў ХІХ-м стагодзьдзі па Злучаных штатах, сьцьвердзіў, што мясцовая свабода прэсы (якой не было ў тагачаснай Францыі) падабаецца яму перадусім з-за рэчаў, якія дзякуючы прэсе... не адбываюцца – дрэнных рэчаў ў грамадскім жыцьці , якія прэса перадухіляе. І гэта асноўная функцыя прэсы. І таму варта казаць ня толькі пра тое, чаго журналісты ня могуць рабіць, але й пра тэмы, якія яны ня маюць права, маўляў, прапускаць скрозь пальцы. А так нярэдка адбываецца, і ёсьць шмат праблемаў, якія прэса дасьледуе млява, недастаткова, павярхоўна – не кантралюючы належным чынам грамадска-палітычнае жыцьцё.
Сапраўдная журналістыка мусіць быць публічнай. Ананімную журналістыку можна апраўдаць толькі ў краінах з моцна абмежаванай свабодай слова, кшталту Кітаю. Але ў нармальных умовах гэта, на маю думку, фундамэнтальнае патрабаваньне: журналіст мусіць адказваць за свае словы ўласным імём і прозьвішчам. Гэта прыняцьце на сябе пэўных правоў і абавязкаў дадзенай прафэсіі.
У ХІХ-м стагодзьдзі быў такі французскі падручнік для маладых паэтаў. Ён раіў пераймаць як мага больш ад старэйшых і адначасна – як мага больш іх крытыкаваць. На апошнім я не настойваю, але раю як мага больш чэрпаць ад больш дасьведчаных, старэйшых калегаў – і ў той жа час глядзець на іх крытычна. То бок старацца браць тое, што добра, а дрэннае пакідаць.
Другая парада: захоўваць любым коштам свабоду й незалежнасьць уласнай думкі. То бок не паддавацца агульным меркаваньням, атмасфэры, модзе, якія пануюць ў пэўнай рэдакцыі, у пэўным асяродзьдзі. Бо гэта вядзе да таго, што мы пачынаем казацт тое, што камусьці выгодна, за што іншыя нас хваляць, ляпаюць па плячы – але ў пэўны момант мы абудзімся ды адчуем, што ня робім нічога каштоўнага, а паўтараем чужыя формулы, нязгодныя з нашым уласным успрыманьнем рэчаіснасьці.
Трэцяя парада банальная. Даю яе не як мараліст (мараліст зь мяне марны), а як практык: не рабіце сьвінстваў. Сьвінствы маюць два сур’ёзныя мінусы. Па-першае, пачаўшы іх рабіць, чалавек штораз робіць іншым усё горшае й горшае сьвінства. І іншыя людзі раней ці пазьней такога чалавека адрынуць. Па-другое, сьвінствы сапраўды вяртаюцца. Я бачыў нямала людзей у розных рэдакцыях, якія мелі на рахунку нейкае сьвінства. Яны думалі так: “Ну раз здарылася, зрабіў... Але далей я буду паслухмяны”. Але нават праз колькі гадоў гэтыя журналісцкія сьвінствы ім прыпаміналі, помсьцілі і г.д. Калі ўжо здарылася, што вы зрабілі памылку (а яна нават незнарок можа здарыцца ў кожнага), то трэба яе прызнаць. Мне, напрыклад, здаралася гэта рабіць. І ніколі прызнаньне ўласнай памылкі мне нашкодзіла.

Нар. у 1978 г., выпускнік факультэту журналістыкі й палітычных навук Варшаўскага ўнівэрсітэту. З 2007-га году публіцыст і палітычны камэнтатар уплывовага штодзёньніка “Польшча”. Кар’еру пачынаў у якасьці рэпартэра ў штотыднёвіку “Новая дзяржава” у 1998-м. Пазьней публікаваў рэпартажы, замежныя агляды, публіцыстычныя артыкулы ды інтэрвію між іншага ў штотыднёвіках “Наўпрост”, “Польская газэта”, “Азон”, у штомесячніку “Фільм”, а таксама ў польскай вэрсіі папулярнага часопіса "BusinessWeek”. У 2005 – 2007 гг. кіраваў адзьдзелам “Меркаваньні” штодзеньніка “Факт”. Зьяўляецца дырэктарам Цэнтру маніторынга свабоды прэсы.
Lukasz Mazurkiewicz, Photoxpress