Прафэсія рэпартэр

Якія якасьці мусяць вылучаць рэпартэра?

Гэтае пытанне зьвязанае з праблемай здольнасьцяў. Яно вельмі важнае. Мы можам параўнаць яго, напрыклад, да жывапісу, бо й у там вельмі важна, каб мастак меў свой уласны стыль малявання ды ўласныя тэмы. Як гэта выглядае ў рэпартэра? Мяркую, ёсьць некалькі асноўных характэрыстыкаў. Перадусім тая, на якую зьвяртаюць увагу амаль усе: трэба мець цікаўнасьць да сьвету, цікавіцца людзьмі. Ганна Краль (пісьменьніцца й журналістка – рэд.) заўжды казала, што трэба мець слых, нюх на момант, у які зьяўляецца сапраўдная тэма для рэпартажу. І гэта нельга абмінуць – гэта фундамэнтальная якасьць: цікаўнасьць да сьвету. Але пра тое, што яны “цікавяцца сьветам”, кажуць амаль усе. Рэпартэр – гэта настолькі зацікаўлены сьветам чалавек, што дзеля задавальненьня сваёй цікаўнасьці ён гатовы прыкласьці максімум намаганьняў. І з часам гэта становіцца адметнай рысай ягоных паводзінаў, якую мы назіраем штодзень. Дам канкрэтны прыклад: сядаючы ў цягнік маршруту Лодзь – Варшава, я заўжды ўладкоўваўся ў апошні вагон – каб бачыць тых, хто праходзіць праз вакзальны пэрон ды ведаць, хто ў гэтым цягніку едзе. І калі я ўжо папрацаваў (прачытаў кнігу ці прыдумаў назву для свайго чарговага рэпартажу), я знаходзіў у цягніку “ахвяру”, якую запрыкмеціў на пэроне вакзалу, выцягваў яе з купэ й меў заўжды, як мінімум, цікавую размову – а часта: тэму для рэпартажу. ЦІКАЎНАСЬЦЬ ДА СЬВЕТУ.

Другая рэч. Рэпартэр мусіць умець пераймацца, суперажываць. Баляслаў Прус (пісьменьнік – рэд.) сказаў, што “чалавек, які нічога не адчувае, які халодны ўнутры, можа быць добрым бармэнам, кельнэрам – але не журналістам”. І гэтае суперажываньне, нягледзячы на тое, што павялічваецца колькасьць складаных гісторыяў, якія мы назіраем у сваім жыцьці, насамрэч ніколі ня робіць нас чэрствымі. І калі здараецца нешта сапраўды важнае, то журналіст, рэпартэр – гэта чалавек, які пераймаецца сітуацыяй людзей, пра якіх ён піша, атаясамліваецца, жыве імі. Бяз гэтага ён ня ў стане стварыць аўтарскае бачаньне тэмы, за якую бярэцца.

Чарговая рэч – гэта інтуіцыя. Гэта здольнасьць адрозьніваць важныя рэчы ад менш важных: сюды варта прыйсьці – а туды ня варта. Альбо ўсе ўжо пакідаюць месца падзеяў, а нам нешта падказвае, што трэба застацца. І тады ёсьць шанец адшукаць славутае “і раптам”. Як кажа Анджэй Вайда (рэжысэр – рэд.), у рэпартажы раз на паўтары старонкі мусіць быць “і раптам”. Бо калі яго няма, то гэта папросту дрэнны рэпартаж. Бо ў жыцьці амаль кожную хвіліну ёсьць “і раптам”, а рэпартаж ёсьць эсэнцыяй, кавалкам жыцьця. Інтуіцыя: тут ёсьць тэма – а тут тэмы няма, гэта добры герой – а гэта не. Добра разьвітую інтуіцыю маюць жанчыны. Мы ж, мужчыны, мусім доўга й старанна выпрацоўваць у сабе тое, што яны атрымалі бясплатна.

Чарговая справа – гэта нястомнае жаданьне вучыцца. Людзі прывыклі, што яны ўжо атрымалі нейкія веды і потым могуць усьцяж карыстацца гэтым акумулятарам. Рэпартэр мусіць няспынна сілкаваць гэты акумулятар, увесь час напаўняць іх энэргіяй, увесь час вучыцца. Новыя тэмы – гэта новыя выклікі. Нежаданьне пераладжвацца, вучыцца зьвязанае з тым, што людзі хочуць мець акрэсьлены лад жыцьця: хочуць ведаць, калі яны ідуць на працу, калі прыходзяць з працы, калі перастаюць пра яе думаць.

Панядзелак мусіць адрозьнівацца ад аўторка, а аўторак – ад вакацыяў. Тым часам у рэпартэра гэты лад парушаны: панядзелак мы маем у сераду, сераду – у чацьвер, усё пераблытана. І трэба мець схільнасьць да такога жыцьця. Ёсьць людзі, якія гэта любяць і ня ўмеюць жыць у звычайным сьвеце, паводле сталага графіку. Падумайце, ці вы маеце такую якасьць? Яна вельмі важная.

Наступная якасьць: рэпартэр – гэта чалавек цяперашняга часу. Гэта чалавек, які ўмее выкарыстаць час, які ён мае тут і зараз. Гэта пачуцьцё таго, што цікавей за ўсё цяпер менавіта тут, у час, калі мы робім гэтую праграму – і нідзе больш. Польшча такая краіна, дзе людзі збольшага думаюць альбо пра мінулае, пра тое, што ўжо адбылося – альбо пра будучыню. Я назіраю за студэнтамі: на занятках яны даюць мне зразумець, што аказаліся тут выпадкова, што ў нейкім іншым месцы нашмат цікавей. І што ўвогуле: найцікавей будзе ў пятніцу, бліжэй да суботы, альбо ў нядзелю. Ну а найцікавей будзе на вакацыях! Тым часам самы важны этап у працы й жыцьці рэпартэра – гэта пошук, назапашваньне матэрыялу.

Пісьменьнік піша, седзячы за сталом – ён можа ўсё зьмяніць. А рэпартэр, калі ён не здабыў матэрыял, не правёў нейкай размовы, за сталом гэтага ня выдумае. У хаце можна напісаць фэльетон, эсэ – але не рэпартаж.

Каб напісаць рэпартаж, трэба выйсьці на вуліцу. І тут мы вяртаемся да гэтай важнай якасьці: праверкі сябе ў момант, калі ўсё адбываецца – праверка таго, ці мы ёсьць людзьмі цяперашняга часу. У Брукліне ці Гарлеме можна пабачыць, як чорнаскурыя амэрыканцы не жывуць ні тым, што было ўчора, ні тым, што будзе праз 2 дні. Галоўнае для іх - гэта сёньняшні вечар, і мы бачым, як хлопцы стаяць пад брамамі, слухаюць музыку – усё гэта адбываецца ў цяперашнім часе. І рэпартэр – гэта чалавек цяперашняга часу.

Гэтых якасьцяў можна пералічыць і больш. Хачу толькі зьвярнуць увагу на тое, што на пачатку ў кожнага гэтыя якасьці разьвітыя ў рознай ступені – у кагосьці лепш, у кагосьці горш. Але ўсьцяж зьвяртаючы ўвагу на тое, што ў прафэсіі ёсьць самым галоўным, мы можам гэтыя якасьці удасканальваць, разьвіваць.

Я часта бачу людзей, якія прыходзяць з капітальнымі здольнасьцямі – але яны нічога ня робяць, пасыпаюць гэта пылам. А часам прыходзіць нехта з даволі сярэднімі здольнасьцямі. Але, засяроджваючыся ды кахаючы сваю працу, ён сапраўды прагрэсуе й разьвіваецца.

Як шукаць тэму для рэпартажу вакол сябе?

Панятак тэмы ды яе пошук можна разглядаць у дзьвюх базавых плоскасьцях. Па-першае, гаворка вядзецца пра тэмы, якія мы самі знайшлі, альбо якія мы мусім кожны дзень запрапанаваць у рэдакцыі. Калі, напрыклад, рэдактар запытваецца: ”Ну што, хто якія тэмы прапануе?”. У гэтым выпадку мы мусім заўжды мець у запасе не адну, а некалькі ідэяў. Нярэдка маім студэнтам на занятках цяжка выдумаць хаця б адну, а трэба 3 – каб, калі нас раптам абудзяць уначы, мы заўжды мелі прынамсі 3 прапановы. Ну добра, але адкуль іх браць? Другім відам тэмаў ёсьць тыя, якія сядзяць глыбока ў нас: дзе б мы не знаходзіліся, мы быццам бы носім сябе з сабою. Калі ўзгадаць такіх выбітных рэпартэраў, такіх як Рышард Капусьціньскі, Ганна Краль ці Кшыштаф Канкалеўскі – ўсе яны кажуць, што зь імі ўвесь час здараюцца тыя самыя гісторыі. Напрыклад, за Капусьціньскім заўжды цягнулася тэма голаду: дзе-кольвечы б ня быў, ён заўжды сядзеў зь беднымі, а не з багатымі. Ганна Краль заўжды пісала пра гісторыі каханьня, якія былі вялікім шчасьцем, але заўжды скончваліся нешчасьліва. Канкалеўскі заўжды патрапляў у нейкія прыгоды а ля граф Монтэ-Крыста. У сваю чаргу я паходжу з прадмесьцяў Лодзі, з беднага на той час раёна Палесьсе. І калі я паехаў рабіць рэпартаж у Нью-Ёрк, то спыніўся у Гарлеме. У доме, дзе я жыў, жанчыны сядзелі ў вокнах, а хлопцы стаялі ля брамаў – таксама, як на лодзкай вуліцы, дзе я рос. Гэта быў той самы, мой родны раён – толькі ўсе былі “чорныя”. Падобныя тэмы – гэта тэмы нашай асобы. І часам патрэбныя гады прафэсійнай працы, каб адкрыць у сабе тэмы, цесна зьвязаныя з нашай асобай, з нашым характарам, з нашым паходжаньнем. Але вернемся да пытання тэмаў, якія мы мусім адшукваць штодзень. Каб адказаць на яго,

мы мусім адказаць на пытанне “у чым палягае сутнасьць журналістыкі”? Яна палягае ў патрымцы сацыяльных повязяў. А рэпартаж – гэта расповед пра факты, якія сапраўды здарыліся і зьяўляюцца важнымі для пэўнай супольнасьці людзей. Настолькі важнымі, што яны падтрымліваюць жыцьцё гэтай супольнасьці – суседскай, раённай, гарадской, краіны, кантыненту, Зямлі...

То бок тэмай ёсьць тое, што важна ня толькі для аднаго чалавека, а важна для пэўнай групы людзей, і служыць падтрымцы й разьвіцьцю сацыяльных повязяў. І тут шэраг тэмаў можа падацца спэцыфічным: ня кожная тэма, якая зьяўляецца важнай, ёсьць журналісцкай, ёсьць тэмай для рэпартажу. Але надалей паўстае пытаньне: адкуль такія тэмы браць? Я б параіў такое практыкаваньне: завесьці нешта накшталт такога адмысловага нататніка (гэта можа быць таксама нейкі від блогу) і амаль штодзённа запісваць у ім усё, што нас узрушыла, закранула, знэрвавала, што мы палюбілі, ад чаго расплакаліся. Гэта можа быць нават нейкая фраза, напісаная на муры альбо ў прыбіральні – калі яна выклікала наш сьмех, альбо нейкім чынам зацікавіла. Гэта можа быць дыялёг, пачуты ў трамваі, альбо ўрывак зь вершу, ад якога мы заплакалі, альбо ўрывак з кнігі, якая нас натхніла. Такім чынам мы ўспрымаем сыгналы, якія пасылае нам вонкавы сьвет і глядзім, які зь іх мае значэньне. Які зь іх ёсьць фэноменам сам па сабе й прыдасца нам калісьці для нейкай кароткай узгадкі, а які зь іх мае сацыяльнае значэньне, то бок зьяўляецца важным для пэўнай групы людзей. Калі я прыходжу дадому, і на лесьвічнай пляцоўцы заўважаю абвестку, адрасаваную ўсім жыхарам 16-ціпавярховага дому, і там напісана: “мы не падтрымліваем цяперашняе кіраўніцтва мікрараёну, бо яно крадзе, прысвойвае чужую маёмасьць, мікрараён недагледжаны. А мы ствараем незалежны камітэт, які ўрэсьце зрыне гэтую зграю, пяройме ўладу й будзе справядліва кіраваць” – то гэта сыгнал таго, што, калі мы пойдзем на гэты сход, то знойдзем там тэму. Тэму важную для гэтага мікрараёну: хто ім будзе кіраваць? Гэта ўжо жалезная тэма. Чаму жалезная? Бо існуе адна правераная часам прыказка: “няма канфлікту – няма тэмы”. Таму калі вядзецца пра падобную абвестку, у якой ужо кагосьці абражаюць, у чымсьці абвінавачваюць – то мы амаль на сто адсоткаў ведаем, што там здарыцца нейкі скандал. То бок ёсьць канфлікт, а значыць ёсьць тэма. Дастаткова толькі зьвярнуцца па меркаваньне другога боку ды сказаць: “А вы ведаеце, што пра вас кажа другі бок?”, і далей падсунуць мікрафон. Можна знайсьці масу тэмаў, пабудаваных на канфлікце, якія можна вельмі лёгка разьвіць і апісаць – дастаткова толькі супрацьставіць бакі. А канфлікт – гэта адна з формаў дыялёгу, а дыялёг мае вялікую дозу экпрэсіі. Па сутнасьці, тэма раскручваецца сама.

Сьвет поўніцца тэмамі. Нататнік, пра які я казаў, выконвае функцыю практыкаваньня. Ён патрэбны нам для выпрацоўкі сьвядомасьці, што з амаль усяго можна зрабіць тэму – пры ўмове, што гэта важна для нейкай групы людзей. І трэба ўмець пільна назіраць за паводзінамі людзей (але й за сваімі таксама), быць у месцах, дзе можа здарыцца канфлікт. Калі мы ідзем на футбольную гульню й цікавімся заўзятарамі, то хопіць толькі заняць зручную пазіцыю, каб адшукаць нейкі канфлікт.

Калі мы ў нечым практыкуемся, то з часам абавязкова набываем пэўныя навыкі. Напрыклад, усе ходзяць на прэзэнтацыі кнігаў ці сустрэчы зь іхнымі аўтарамі. І тады ўсе фотакарэспандэнты імкнуцца адначасова зрабіць здымак, а ўсе журналісты намагаюцца задаць першае пытаньне. Далей адбываецца сустрэча, а потым усіх запрашаюць на невялікі пачастунак, чарачку віна – але журналістаў ужо няма. Тым часам людзі, якія туды прыйшлі, менавіта тады кажуць самае цікавае. Аўтар ўрэсьце мае больш спакойную хвіліну, можна падыйсьці да ягонага сябра, да жонкі. Людзі, выпіўшы крыху віна, пачуваюць сябе больш разьняволенымі, яны інакш размаўляюць, інакш думаюць. Трэба ўмець пачакаць! І тэма зьяўляецца сама.

Канешне ўнівэрсальнага адказу на пытаньне пошуку тэмаў няма. Нават амэрыканскія журналісцкія школы не даюць тут адназначнай парады. Трэба быць чалавекам – і тут мы вяртаемся да першай неабходнай здольнасьці – цікаўнасьці да сьвету. Мы мусім быць людзьмі, якіх натхняе вонкавы сьвет – болей, чым свой унутраны. Ёсьць такія людзі, творцы – як напрыклад Франц Кафка ці Бруна Шульц (польска-габрэйскі пісьменьнік- рэд.), які, прыяжджаючы ў Варшаву, папросту сумаваў ды імкнуўся як мага хучэй вярнуцца ў свой радзімы Драгабыч, бо нічога цікавага тут ня бачыў. Усё цікавае ён меў унутры. Гэта людзі-самародкі, таленты якіх вынікаюць зь іхнай асобы. Мы, журналісты (а асабліва рэпартэры) – гэта людзі, якіх натхняе вонкавы сьвет, якія мяркуюць, што таямніца існаваньня людзей, таямніца рэчаіснасьці настолькі цікавая, настолькі захапляльная – што толькі яна мае сэнс. А там унутры чалавека насамрэч нічога асаблівага няма – ну можа апроч псыхічнай хваробы...

Што зрабіць, каб тэма нас не “перарасла”?

Вельмі цікавае пытаньне: што зрабіць, каб тэма нас “не перарасла”, не пераўзышла нашыя магчымасьці? Калісьці я меў нагоду дачыняцца зь вельмі таленавітым рэпартэрам, які запрапанаваў мне тэму, якая “паклала б мяне на лапаткі”. Я быў маладым журналістам, у Польшчы якраз зьмяніўся дзяржаўны лад. Я жыў у правінцыйным у пляне журналістыкі горадзе Лодзь, які, нягледзячы на гэта, бязьмежна люблю. І гэты вядомы рэпартэр параіў мне паехаць у Гданьск і напісаць пра славуты страйк 1980-га года. Тым часам я хацеў паехаць і зрабіць матэрыял пра журналістаў, якія былі на гэтым страйку. Але гэты дасьведчаны журналіст сказаў мне, што гэта ня тэма. Тэма – гэта адказ на пытаньне, што ёсьць сутнасьцю гэтых пратэстаў. А сапраўдныя героі будучага рэпартажу гэта Лех Валэнса ці Анджэй Гвязда. Натуральна, гэты рэпартэр меў рацыю. Але стартавы момант, у якім я тады знаходзіўся, ды мае веды пра 80-ты год... І калі б я туды паехаў, то я б нікуды не ўвайшоў, і ніхто б мне нічога не сказаў – я ўсьведамляю гэта з пэрспэктывы ўласнага досьведу. Гэта прыклад добрай тэмы, якую аднак я ня здольны як сьлед зрэалізаваць у дадзены момант майго разьвіцьця. Існуюць тэмы, якія пераўзыходзяць нашыя магчымасьці. Але тады мы карыстаемся нашаю інтуіцыяй, мы мусім гэта адчуваць. Тады з Лодзі на гданьскую верф ніхто не паехаў. Як туды трапіць, як прабрацца праз браму, як за такі кароткі час здабыць прыхільнасьць Валэнсы – каб ён з кімсьці накшталт мяне ўвогуле паразмаўляў? І г.д.

Такім чынам: што рабіць, каб тэма нас не “перарасла”? Гэта, паўтаруся, справа інтуіцыі: што для нас дасяжна, што знаходзіцца ў полі нашых магчымасьцяў? Тут вельмі пасуе прыклад Эрнэста Гэмінгуэя, які заўжды казаў: “Пішы толькі пра тое, што хоць крыху сам перажыў”.

Бо перажываньне, папярэдняя прысутнасьць у пэўным месцы, дзейнічае так, што мы пэўным чынам гэта ахопліваем, што тэма знаходзіцца ў полі нашага абсягу. Таму мусім ацаніць, ці мы ў стане выканаць гэтае заданьне, ці ў стане дабрацца да матэрыялаў і крыніцаў інфармацыі, неабходных для рэалізацыі тэмы? Ці хопіць нам ведаў, уласных інтэлектуальных магчымасьцяў? І трэцяе: ці маем мы дастатковыя навыкі? Мы мусім памятаць пра гэтыя тры моманты: 1) досьвед паводзінаў 2) навыкі 3) веды. Калі на ўсе гэтыя пытаньні мы адкажам станоўча, то тэму робім. Калі ж не, то будзем вымушаныя задумацца. Часам таксама ўзьнікаюць пытаньні са зразуменьнем тэмы. Таксама кожную тэму можна рабіць, так бы мовіць, на рознай глыбіні. Тады варта мець экспэрта, кагосьці разумнейшага за нас, з кім мы можам параіцца. Добра мець 2-3 (болей не патрэбна) такіх сяброў-экспэртаў у дадзенай галіне, зь якімі мы можам параіцца: “Слухай, я хачу заняцца такой тэмай. Як мяркуеш, ці атрымаецца, што трэба зрабіць?” Натуральна, пры гэтым мы маем сваё меркаваньне й самі прымаем рашэньне. Але заўжды варта пракансультвацца: мы вельмі часта гэта практыкуем, таму раю. Бо існуюць 2 тыпы рэпартэрскай асобы. Першы палягае ў маўклівасьці: я раблю нейкую тэму й нікаму пра гэта не кажу. І гэтая таямніца мяне натхняе, матывуе. Другі ж тып рэпартэра – гэта чалавек, які з усімі гутарыць пра тое, што будзе рабіць. Я, напрыклад, належу да другога тыпу. Памятаю, рабіў рэпартаж пра чалавека, які вынайшаў хатні спосаб вытворчасьці гераіну. Пра яго ў наркаманскіх асяродках хадзілі легенды. І ўрэсьце, пасьля некалькіх гадоў пошукаў, я знайшоў гэтага чалавека. Ён жыў у Сопаце. Ну і я, заплянаваўшы ўжо выезд на размову зь ім, сустрэў калегу Марка Катайскага, і кажу: “Марэк, пра што ў яго запытацца?” А ён кажа: “Запытайся, што яму сьніцца?” Гэта можа быць добрая альбо дрэнная парада. Але я люблю гэта рабіць. Я часта не раблю таго, што раяць іншыя, але заўжды варта зьвярнуцца па меркаваньне, варта прымерыцца да тэмы.

Ці тэма нас перарастае, ці не? Гэта якраз справа такіх вось “прымерак”, зь якіх мы робім інтуітыўныя высновы: гэта нам пад сілу, а гэта ўжо не. Мне могуць адказаць: “Але ж інтуіцыя, гэта нешта невымяральнае!” Не. І можна нават рацыянальна адказаць самому сабе на пытаньне: ці я гэта магу зрабіць, ці дам рады? Ну і вядома, што заўжды крыху рызыкую, стаўлю плянку крыху вышэй. І таму нельга адразу думаць, што “я напэўна ня дам рады”. Трэба быць такой думкі, што я дам сабе рады заўжды.

Журналіст, які не бярэцца за тэму, якая яго крыху пераўзыходзіць – таксама ня надта добры журналіст. Бо ён занадта асьцярожны, бо ён мог бы гэта зрабіць, але з-за сваёй баязьлівасьці ня робіць. То бок журналіст мусіць мець выразную схільнасьць да рызыкі. Бо сутнасьць гэтай прафэсіі палягае ў рызыцы – галоўнае не рабіць глупстваў.

Як працаваць над рэпартажам у групе?

Я мяркую, што сапраўдная літаратура дайшла да сваёй мяжы, да канца. Пасьля Кафкі, Джойса, Шульца сапраўды цяжка сказаць нешта якасна новае ў гэтай вобласьці. У сваю чаргу ў галіне літаратуры факту, у галіне рэпартажу ёсьць шмат незанятай прасторы. І адным з гэтых абшараў ёсьць магчымасьць калектыўнае працы. Так, як ў навуцы, ужо невядома, хто вынаходзіць новыя пакаленьні кампутараў, хто ўвогуле вынайшаў кампутар? Гэта вялізныя групы людзей, якія ствараюць супольны вынік. Мяркую, што ў гуманітарных галінах таксама можна прыйсьці да нечага новага, падобнага. Прычым гаворка не вядзецца пра пагоню за новым, каб любым коштам сказаць нешта, чаго яшчэ не было. Гэта крыху глупа. Я маю на ўвазе пошук новых магчымасьцяў разьвіцьця для дакументалістыкі, для літаратуры факту, для рэпартажу. І менавіта ў калектыўнай працы. Прывяду прыклад: калі Рышард Капусьціньскі пісаў кнігу “Герадот”, мы пра гэта размаўлялі й ён мне сказаў: “Бібліятэка наконт Герадота такая, што мне спатрэбілася б 4-5 гадоў, каб зь ёй пазнаёміцца. А гэтага я сабе дазволіць не магу”. Я кажу: ”І што зрабіў?”. Ён адказвае: “Выбраў лепшае”. Вядома, карыстаючыся сваёй інтуіцыяй, ведамі. А я тады сказаў: “Слухай, калі б ты быў у Лябараторыі рэпартажу, то мы б гэтую бібліятэку падзялілі сярод 20-ці чалавек. Мы б прачыталі ўсё!”. З пэўнага моманту сталася немагчымаю кніга, якая можа ахапіць вялікі спэктр тэмаў і праблемаў. Напрыклад, мінула ўжо больш як паўстагодзьдзя пасьля падзеяў у гета ў Лодзі, а не знайшлося ніводнага пісьменьніка, які б спрабаваў напісаць манаграфію, ахапіць гэтую тэму цалкам. Зьяўляюцца нейкія апавяданьні, фрагмэнты, матэрыялы. Але тэмы, пра якія пісаў Талсты ці Бальзак... Ужо няма пакаленьня, якое спрабуе іх неяк ахапіць.

У Польшчы 20 гадоў таму зьмяніўся грамадскі й палітычны лад – ці мы маем хоць адну повесьць, якая б ахапіла (або спрабавала ахапіць) гэтыя перамены ў поўнай меры? Ніхто нават не спрабуе гэтага рабіць. Ёсьць толькі фрагмэнты, часткі. Затое калектыўная праца дае магчымасьць працы, напрыклад, у архіве – там, дзе схаваная гэтая аповесьць.

Прасьцей запісаць чалавечы досьвед: тое, што мы кажам, тое, як мы выглядаем, бо камэра ўсё больш уваходзіць у нашае жыцьцё. Камэры ёсьць на вуліцах, ва ўстановах – усё запісваецца. Але хто гэта перагледзіць?... Хто ў стане ахапіць магутнасьць і веліч польскага Інстытуту нацыянальнай памяці? Нейкі чарговы лекар спрабуе ахапіць тэму “Хвароба голаду ў Асьвенцыме” – добра. Але хто ў стане ахапіць 3,5 тысячы ўспамінаў вязьняў канцэнтрацыйнага лягеру ў Аьсвенцыме? А калектыўная праца дазваляе ахапіць такую вялікую тэму. І вынік гэтае працы нагадвае нармалёвую кнігу.

Пасьля 10-ці гадоў працы над “Хронікай Асьвенцыма” альбо “Эўропа паводле Аўшвіц” мы прэзэнтуем вынікі нашае працы, сабраныя ў адной кнізе, якая будзе налічваць каля 450-ці старонак і дэ-факта будзе нагадваць кнігу, якую напісаў 1 чалавек. Але адзін чалавек, адзін аўтар ніколі б ня змог гэтую кнігу напісаць: з прычыны адсутнасьці часу, фінансаў і яшчэ шмат якіх.

Можна запытацца, а хто аўтар такой калектыўнай кнігі, якая ў гэтым выпадку будзе вынікам працы больш як дзьвюх соцень людзей? Гэта адкрытае, спрэчнае й вельмі цікавае пытаньне. Мы прымаем, што ён зьяўляецца, так бы мовіць, рэжысэрам тэксту. Ён можа таксама нагадваць дырыгента ў аркестры. Але вынік ягонай працы будзе выглядаць так, быццам бы гэта напісала адна асоба. Бо гаворка не вядзецца пра тое, што кожны напіша па разьдзеле, і з гэтага нешта атрымаецца. Вядзецца пра тое, што адна асоба сілаю свайго таленту, сваёй інтуіцыі, сваёй адказнасьці й працавітасьці выканае ролю дырыгента й станецца сапраўдным аўтарам. Але насамрэч гэтая кніга паўстала б дзякуючы гэтым дзьвюм сотням аўтараў. У зьвязку з гэтым канешне могуць паўставаць і юрыдычныя, і клясыфікацыйныя праблемы. Але я мяркую, што будучыня, што нешта новае ў гуманітарнай вобласьці можна сказаць у выніку супольнай працы рэпартэраў. Гэта адказ на пытаньне, ці можна кандэнсаваць чалавечы досьвед, асабліва сабраны ў такіх месцах, як архіў, як музэі. Гэта будучыня музэяў, якія будуць паказваць самае істотнае з нашай цывілізацыі. Таму калектыўная праца й ейныя мэтады мусяць карыстацца асаблівай падтрымкай, каб яны маглі рухацца наперад. Бо гэта той інструмэнт, які можа вырашыць шмат праблемаў: ад адукацыі – да новага тыпу творчасьці.

Спэцыфіка мультымэдыйнага рэпартажу

Калі мы кажам пра мультымэдыйнасьць, то маем на ўвазе, што нехта распавядае нам гісторыю з дапамогай розных мэдыяў: гуку, вобразу, слова. Можна тады засумнявацца й сказаць: “Але ж тэлевізійны рэпартаж таксама распавядае гукам, словам ды вобразам!” Слушна. Але тэлевізійны рэпартаж, калі мы яго глядзім, нельга спыніць. Ён мае сэнс толькі тады, калі яго глядзець ад пачатку да канца. Тым часам мультымэдыйны рэпартаж мае сеціўную сутнасьць: мы можам спыніць яго ў любым месцы, можам паглыбіцца. Часам мы маем выбар: пайсьці ўправа ці ўлева, пайсьці глыбей альбо застацца на нейкім узроўні. Гэта першы від мультымэдыйнага матэрыялу, які ўтрымлівае элемэнты інтэрактыву. Мы нешта чытаем, але ў той жа час можам абраць далейшы кірунак паглыбленьня ў гэты рэпартаж, альбо нават дапісваць, пашыраць, дадаваць да гэтага рэпартажу свой ўласны досьвед – быць яго сустваральнікамі. Такі рэпартаж мае форму працэсу, чагосьці накшталт сьвяточнай ялінкі: ягоныя аўтары нібы малююць гэтую ялінку, а інтэрнэт-карыстальнікі, якія цікавяцца тэмаю, малююць на гэтай ялінцы свае цацкі. Першыя адказваюць за сукупны кшталт, за пэўнае бачаньне – а другія бяруць удзел у супольным стварэньні такога рэпартажу. Гэта першая рыса – інтэрактыўнасьць.

Наступная рэч. Мультымэдыйны матэрыял у літаральным сэнсе не азначае нічога болей, як тэкставы рэпартаж, ілюстраваны іншымі мэдыямі (напрыклад, фотаздымкамі, як у газэце). Інтэрнэт дазваляе нам праілюстраваць нейкі тэкст гукам: фрагмэнтам нейкага паведамленьня, музыкі. Мы можам таксама ўвесьці элемэнт відэа. То бок ілюстраваць нейкі тэкст з дапамогай розных мэдыяў. І гэты матэрыял будзе называцца мультымэдыйным рэпартажам.

Але я вылучаю яшчэ адзін – больш вытанчаны, больш творчы варыянт мультымэдыйнага рэпартажу. Гаворка вядзецца пра выпадак, калі кожная частка сюжэту, які мы распавядаем, перадаецца з дапамогаю розных мэдыяў. Такімі, якія найбольш трапна, найглыбей адлюстроўваюць сутнасьць дадзенага фрагмэнту. Каб гэта не гучала занадта абстрактна, прывяду просты прыклад. Дапусьцім, што мы пішам рэпартаж пра першую сьвіданку. Спачатку мы паказваем, як на інтэрнэт-форуме хлопец знаёміцца зь дзяўчынаю – гэта ілюструецца інтэрнэтам. У другой частцы яны знаёмяцца бліжэй ды паказваюць адно аднаму свае фота – ілюструем гэта фотаздымкамі. У наступнай частцы яны так спадабаліся сабе на здымках, што вырашыліся паразмаўляць праз тэлефон – на гэтым адрэзку мы карыстаемся выключна гукам. Ну і завяршальная фаза: яны сустракаюцца – і гэта мы перадаем з дапамогай відэа. Гэта тыповы прыклад выкарыстаньня мультымэдыйнага рэпартажу ў ягонай больш вытанчанай вэрсіі.

Марэк Мільлер

Журналіст-ідэаліст. Экспэрымэнтатар, рызыкант і прадракальнік. Стваральнік Лябараторыі рэпартажу – школы практычнай журналістыкі пры Інстытуце журналістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту. Сваіх студэнтаў пераконвае ў тым, што ў журналістыцы самае галоўнае – гэта дэталь. Пісьменьнік і сцэнарыст. Аўтар кнігаў: “Рэпартэраў спосаб жыцьця”, “Хто ўпусьціў сюды журналістаў?”, “Арыстакратыі” ды іншых. Сябра Польскай кінаакадэміі.

Гэты тэкст разспаўсюджваецца на правах ліцэнзіі Creative Commons - Прызнаньне Аўтарства

Фота:

Dmitri Mikitenko, Photoxpress