MAM у сетцы

Трэба пагадзіцца з адным: прыспеў час публічна размаўляць.
Павага да суразмоўцы сёння не ў модзе. Няма жадання
сур’ёзна ўспрымаць ягоныя аргументы. Замест таго,
каб ствараць пазітыўныя прыклады, спрачацца і прыгожа
адрознівацца, мы ўсё часцей пазбягаем дэбатаў. Тым часам
яны даюць нам непаўторны шанец сустрэцца, пазнаёміцца
ды можа нават зразумець адзін аднаго – што абсалютна
не значыць прызнаць сэнсоўнасць чужых аргументаў.
(Пётр Лягутка)
Публічныя дэбаты перасталі быць нечым эксклюзіўным. Формы дэбатаў, метады дыскусіяў і тэхнікі перамоваў могуць быць добрай падрыхтоўкай вучняў да будучай жыццёвай актыўнасці і ўдзелу ў грамадскім дыялогу. Згодна з антычнай традыцыяй, якая прадугледжвае роўнасць партнёраў па дыскусіі, праз удзёл у ёй адбываецца самасцвярджэнне чалавека як аўтаномнай і разумнай істоты. Школьныя дэбаты могуць быць не толькі выдатнай трэніроўкай аратарскіх здольнасцяў, але і шанцам навучыцца прынцыпам культурнай дыскусіі.
Практыкуючы паводзіны ў часе публічных выступаў, тэхнікі вядзення групавой дыскусіі ды ўспрымання меркавання другога боку, мы выклікаем у вучнях пачуццё павагі да іншасці, адрознасці партнёра. Дэбаты – гэта добры метад абмеркавання складаных пытанняў. Дзякуючы ім вучні будуць падрыхтаваныя да эфектыўнай супрацы ў групе, а таксама да прыняцця рашэнняў – як групавых, так і індывідуальных.
Пачнем з дыскусіі, то бок абмену меркаваннямі на вызначаную тэму, падчас якой вучні прэзентуюць розныя погляды. Нагоды для такога абмену мы маем на ўроках літаратуры, сусветнай культуры ці на прадмеце “Чалавек і грамадства”. Калі размова абяцае быць гарачай, варта ўвесці прынцып мадэрацыі ды вызначыць мадэратара – нейтральную асобу, адказную за хаду дыскусіі. Для школьнай практыкі цікавай можа аказацца форма дыскусійнай панэлі. Яна палягае ў тым, што група вучняў выступае ў ролі экспертаў ад розных навуковых дысцыплінаў і прэзентуе погляд на праблему з пункту гледжання сваёй галіны ведаў. Гэтую дыскусію таксама вядзе мадэратар, які акрэслівае праблему ды вызначае ўдзельнікаў абмеркавання. Дыскусійная панэль можа праходзіць у тры этапы: а) выступы ўдзельнікаў, б) абмеркаванне праблемы ў межах дыскусійнай групы, в) адказы на пытанні слухачоў. Функцыя мадэратара заключаецца ў тым, што ён не падводзіць вынікаў дыскусіі, а толькі супастаўляе меркаванні і аргументы для абароны альбо абвяржэння праблемных тэзісаў.
Дэбаты ў школе
Дэбаты – гэта фармалізаваная дыскусія, часцей за ўсё ў шырэйшым коле людзей, прысвечаная выбару аптымальнага рашэння выбранай праблемы. Іх можна параўнаць з судовым працэсам, спартовым спаборніцтвам ці тэатральным відовішчам. Дэбаты – гэта спектакль, у якім ніхто з удзельнікаў не хоча, каб публіка ўспрыняла яго як негатыўную постаць. Гэта спартовая гульня, у якой трэба паказаць клас, каб здабыць прыхільнасць гледача.
У школе, асабліва на ўроках літаратуры, часта выкарыстоўваецца тып оксфардскіх дэбатаў. Ён палягае ў тым, што паміж сабою спаборнічаюць дзве каманды: першая абараняе тэзіс, зададзены ў назве дэбатаў – другі яго абвяргае. Прыклад такога тэзісу можа паўстаць пры абмеркаванні практычна кожнай ключавой праблемы з літаратурнага тэксту. Рыхтуючыся да дэбатаў, вучні могуць праявіць веды, дасціпнасць, хуткасць рэакцыі, эфектыўна уздзейнічаць на публіку, якая, ацэньваючы сілу аргументаў і спосаб іх прэзентацыі, прымае вердыкт. З настаўніцкай практыкі ведаю, што оксфардскія дэбаты стамляюць вучняў сваёй тэндэнцыйнасцю, бо часам ім даводзіцца бараніць погляды, якіх яны насамрэч не падзяляюць. Але гэта выдатная форма ўдасканальвання аратарскіх талентаў, складанай здольнасці слухаць, а таксама дыстанцыі да сябе, да ўласных эмоцыяў, звычак, забабонаў, якія часта замінаюць спакойнай, рацыянальнай аргументацыі.
Удалыя дэбаты абапіраюцца на 4-х этапах:
1) Падрыхтоўка. Мы мусім дамовіцца з удзельнікамі пра правілы, сфармуляваць галоўны тэзіс, падрыхтаваць прадстаўнікоў двух супрацьлеглых меркаванняў (падзяліць вучняў можна шляхам лёсавання), выбраць мадэратара і журы.
2) Правядзенне дэбатаў. Тут важна звярнуць увагу на стратэгію, асноўную лінію дыскусіі, на доказы а таксама віды аргументаў і контраргументаў
3) Падвядзенне вынікаў – журы вызначае пераможцаў
4) Абмеркаванне і ацэнка – узгадваем ключавыя моманты дэбатаў і вызначаем карысныя вынікі яе правядзення.
Яшчэ раз падкрэслім ролю мадэратара, які мусіць дбаць пра чысціню і прыстойнасць дыскусіі. Яго можна параўнаць са спартовым арбітрам, які сочыць, каб гульцы не парушалі правілаў, альбо з суддзём, які рэгулюе судовы працэс. Мадэратару мусяць быць уласцівыя такія якасці, як апанаванасць, памяркоўнасць, рацыяналізм. У сваю чаргу бакі, што рыхтуюцца да дэбатаў, мусяць добра разумець тэзіс і ўлічваць яго розныя аспекты. Яны мусяць апрацаваць стратэгію ды лінію аргументацыі згодна з прынцыпам foritori (ад наймацнейшага аргументу), а таксама прадбачыць стратэгію праціўніка. Моц аргументаў і контраргументаў удзельнікі мусяць будаваць на меркаваннях аўтарытэтаў ды прыкладах, вядомых астатнім удзельнікам. Каштоўнае тут і ўменне прадбачыць дзеянні праціўніка ды апярэджваць яго ўласнымі аргументамі. З усяго арсеналу аргументаў удзельнікам варта карыстаць:
Каштоўнасцю окфардскіх дэбатаў ёсць ліміт часу, які ніводзін бок не можа парушыць. Гэтая ўмова ўсталёўвае дысцыпліну слова, то бок схіляе ўдзельнікаў да лаканічнасці. Напрыканцы некалькі карысных заўвагаў для вучняў, якія рыхтуюцца да школьных дэбатаў:
Да вышэйзгаданых парадаў можна дадаць яшчэ самакантроль. Трэба знайсці ў стылі сваіх паводзінаў “пабочныя эфекты”, якія могуць быць камунікатыўным шумам для тых, хто цябе слухае і перашкаджаць успрыманне таго, што ты хочаш сказаць. З увагі на эмацыйную заангажаванасць вучняў трэба таксама ўмела падрыхтаваць іх да апошняга этапу дэбатаў: абмеркавання і ацэнкі. І тут галоўная роля ў настаўніка-апекуна, бо ўсе ж хочуць быць пераможцамі, і ніхто не любіць прайграваць.
Радзей у школьнай практыцы мы выкарыстоўваем амерыканскія дэбаты – звычайна мы назіраем за імі ў якасці тэлегледачоў. Гэта дае нагоду для аналізу ўмення вядучага фармуляваць пытанні і мадэраваць дыскусію, бо менавіта ад ягонай падрыхтоўкі, трапнасці і дарэчнасці пытанняў, раўнамернага размеркавання іх паміж удзельнікамі залежыць поспех амерыканскага тыпу дэбатаў.