Як пісаць пра культуру й быць культурніцкім журналістам?

Культура – гэта такая галіна, пра якую звычайна хацеў бы пісаць амаль кожны журналіст-пачатковец. Яна атаясамліваецца зь ідэальнымі ўяўленьнямі пра тое, што культурніцкі журналіст мае магчымасьць чытаць усе цудоўныя кніжкі, глядзець фільмы яшчэ да прэм’еры, слухаць новыя музычныя кружэлкі і г.д. Ды яшчэ пра гэта пісаць – і дзякуючы гэтаму зарабляць грошы. Гэта файны бок такой дзейнасьці.

Але ёсьць і меней файны, а менавіта: культурніцкі журналіст – гэта асоба, якая МУСІЦЬ прачытаць усе гэтыя кнігі, МУСІЦЬ паглядзець да прэм’еры гэтыя (далёка не заўжды ўдалыя) фільмы ды МУСІЦЬ праслухаць усе кружэлкі. І прэ гэтым захаваць да гэтага ўсяго зацікаўленае й эмацыйнае стаўленьне. Эмоцыя – гэта вельмі важная рэч, якая адрозьнівае пісаньне пра культуру ад пісаньня пра палітыку, пра грамадскія праблемы. Вядома, апошнія тэмы нярэдка таксама патрабуюць досыць эмацыйнага апісаньня. Але ў культуры эмоцыя – гэта сталы элемент журналісцкай творчасьці.

Пісаньне пра культуру – гэта заўжды альбо заахвочваньне кагосьці да чагосьці, альбо зьнеахвочваньне. Часьцей за ўсё тэксты пішуцца зь істотнай дозаю суб’ектыўнасьці. Канешне, здараецца таксама простая ды “сухая” інфармацыя. Напрыклад пра тое, хто перамог у тэндэры на будаўніцтва нейкага гістарычнага музэю. Але звычайна (гэта займае каля 90% нашага працоўнага часу) мы пішам пра тое, што нам падабаецца, а што не падабаецца – на што мы хочам звярнуць увагу чытача, а ад чаго ягоную ўвагу адцягнуць.

І гэта вельмі складана. Складана захаваць патрэбную дыстанцыю (бо мы прамаўляем да ўсёй публікі, а ня толькі да аматараў дадзенага музычнага жанру ці творчасьці дадзенага пісьменьніка) і адначасова захаваць патрэбны запал, які дазваляе нам утрымаць давер чытача. Бо калі мы мусім нешта людзям параіць, то яны мусяць нам давяраць. Чытач павінен адчуваць, што мы сапраўды любім тое, пра што пішам, што нам гэта сапраўды спадабалася, што мы ў зьвязку з гэтым самі нешта адчулі. І гэта рэч, якую з года ў год у прафэсіі культурніцкага журналіста захоўваць усё складаней.

Яшчэ адна істотная рэч. Кажуць, што “ідэальны журналіст мусіць ведаць хоць нешта пра ўсё – і ўсё пра нешта”. То бок ён мусіць мець пэўную спэцыялізацыю, галіну, у якой ён вельмі добра арыентуецца. Тое самае (і нават больш) можна сказаць пра культурніцкую журналістыку. Тут таксама трэба ведаць усё, мець пэўныя агульныя веды, якія дазваляюць размаўляць з рознымі людзьмі пра культуру. Але трэба таксама мець вельмі дакладныя веды ў нейкай канкрэтнай галіне культуры.

Культура разьвіваецца па мазаікавым прынцыпе, яна разгаліноўваецца, шматлікія культурныя нішы інтэнсіўна паглыбляюцца. Калі паглядзець на культурны сьвет, то сёньня ён складаецца зь дзесяткаў, соцень, а можа й тысячаў нішаў, у якіх нашыя чытачы, слухачы й гледачы часта арыентуюцца нашмат лепш за нас. І гэта вельмі складаная сытуацыя. Бо, напрыклад,

у палітычнай журналістыцы рэпартэр заўжды займае пазыцыю “таго, хто ведае”, таго, якому мы мусім давяраць, бо ён валодае інфармацыяй зь першых рук. У культурніцкай журналістыцы гэтага няма. Бо на пэўным узроўні мы ўсе бачым тое самае: мы глядзім тыя самыя фільмы, можам прачытаць тую самую кнігу. А журналіст ёсьць асобай, якая мусіць выцягнуць зь іх нешта большае: даказаць, што ён у тэме ды пастарацца дадаць нешта арыгінальнае, цікавае да гэта рондалю інфармацыі, якая зьявілася на дадзеную тэму.

Важным пытаньнем зьяўляецца адукацыя культурніцкага журналіста. Я ведаю хіба ўсе магчымыя сьцяжынкі прыходу гэтую ў прафэсію. Існуе няшмат галінаў, у якіх можна адукавацца й стаць журналістам. Адна зь нешматлікіх – гэта, напрыклад, тэатр: унівэрсытэцкая дысцыпліна тэатралёгія служыць якраз фармаваньню журналістаў. Тое самае часткова можна сказаць і пра музыкалёгію. Але з поп-культурай, з кіно, з поп-музыкай ужо ўзьнікаюць праблемы. Таму шляхі могуць быць розныя. Галоўнае гэта запал і ўласныя веды, сфармаваныя гадамі дачыненьня да культуры й чытаньня пра культуру.

Хто можа пісаць пра культуру?

Пісаць можа кожны – толькі ці нехта захоча гэта чытаць? :) І гэта фактар, які ў эпоху інтэрнэту грае яшчэ большу ролю, чым калі-кольвечы раней. Бо для таго, каб апублікаваць нешта ў сеціве, ня трэба мець грошай, спонсараў, выдавецтва. Так пра культуру пішуць блогеры: ёсьць блогі, прысьвечаныя агульным аспэктам культуры, ёсьць прысьвечаныя ейным канкрэтным нішам. Я сам пачаў весьці блог, бо ў пэўны момант усьвядоміў, што гэта зусім іншы род дзейнасьці, зусім іншы расповед пра культуру. Гэта й іншы ўзровень размовы: калі ты маеш сталых чытачоў, зь якімі ты ў любы момант можаш абмяняцца меркаваньнямі ды пра штосьці даведацца. Гэта добры спосаб зваротнай сувязі, якая вельмі патрэбная журналісту, і якая амаль адсутнічае ў друкаванай прэсе ды іншых мэдыях. Бо людзі адчуваюць пэўны бар’ер у дачыненьнях з “закрытай” журналістыкай: калі нехта нешта надрукаваў у газэце ці выказаў на тэлебачаньні, то мы фактычна ня маем магчымасьці на гэта адрэагаваць, ня маем адпаведнага каналу. У інтэрнэце гэты дыялёг адбываецца няспынна.

Але, вяртаючыся да нашага пытаньня: пісаць можа кожны – але й прыдатнасьць кожнага праверыць рынак ці, інакш кажучы, чытачы. Значная частка людзей, якія зараз вядуць блогі, у сваім будучым жыцьці хучэй за ўсё зоймуцца нечым іншым. І гэта, на маю думку, нармальна, бо амаль кожны сучасны чалавек перажывае пэрыяд моцнай адкрытасьці ды зацікаўленьня культураю. Гэта адбываецца ў апошніх клясах школы, альбо ва ўнівэрсытэце – часам раней, часам пазьней. Але заўжды ёсьць гэты пік, калі людзі вельмі шмат паглынаюць. Тады таксама фармуецца іхны густ. Часьцей за ўсе гэты густ застаецца на ўсё жыцьцё – у форме, якую ён прыбраў у той пэрыяд. І вельмі часта ў тыя часы людзі маюць моцную патрэбу пісаць. Пазьней, як я ўжо казаў, яны страчваюць яе менавіта таму, што пачынаюць займацца па жыцьці чымсьці іншым. Так, яны працягваюць дачыняцца з культураю, але ўжо ня маюць патрэбы пра гэта пісаць. А працягваюць пісаць іхныя былыя сябры ці канкурэнты з блогасфэры, якія сталіся журналістамі, для якіх гэтая прыгода ў пэўны момант сталася прафэсіяй.

Утрымаецца той, хто будзе болей мець што сказаць, хто ўмее больш выцягнуць з таго, што прачытае, пабачыць (з таго самага твору, які пабачылі іншыя), хто ўмее натхняцца, перажываць, адчуваць з гэтай нагоды болей эмоцыяў – альбо папросту напісаць пра гэта ў больш цікавай форме.

Таксама ўтрымаецца той, хто мае дастатковую мэтанакіраванасьць у тым, каб застацца ў прафэсіі. Бо яна патрабуе дачыненьня з культурай у штодзённым, інтэнсіўным рэжыме. І гэты рэжым патрабуе сур’ёзнай дысцыпліны. Часам трэба самому сабе загадваць выйсьці з хаты, каб паглядзець тое, чаго глядзець ня хочацца. Бо рэжым хоббі дазваляе нам глядзець тое, што мы хочам. Прафэсіны ж рэжым нярэдка зьвязаны з самапрымушаньнем. І нярэдка гэтае прымушаньне сябе скончваецца тым, што журналісты пасьля некалькіх гадоў пісаньня пра культуру папросту перагараюць. І вырашаюць, што ня хочуць больш пісаць пра культуру. Культуру, якая не перастае быць іхнай пасіяй – але не прафэсіяй.

Музычны рэцэнзэнт

У 80-я гады мінулага стагодзьдзья тыповы музычны рэцэнзэнт у Польшчы меў некалькі рысаў, якія адрозьнівалі яго ад звычайных людзей. Перадусім, ён меў адкрыты доступ да шматлікіх носьбітаў музыкі: меў магчымасьць часта бываць за мяжой ці меў добрыя кантакты з гандлярамі, якія прывозілі гэтую музыку ў Польшчу. Сёньня доступ да носьбітаў музыкі мае кожны. Часам слухач мае лепшы доступ да музыкі, чымся журналіст. Лепшы хаця б таму, што ня ўсімі крыніцамі прафэсійны журналіст мае права карыстацца. То бок, калі матэрыял нелегальна трапіў у інтэрнэт перад прэм’ерай, то журналіст не павінен пісаць на яго рэцэнзію. Слухач жа такой дылемы ня мае. І сёньня магчымасьць свабоднага доступу да музыкі цалкам скасоўвае розьніцу паміж рэцэнзэнтам і слухачом.

Па-другое, журналіст, які калісьці пісаў пра музыку, меў звычайна добры доступ да замежнай прэсы. Людзі, якія слухалі ці чыталі ягоныя рэцэнзіі, такога доступу ня мелі. Па-трэцяе, ён меў сталы уваход на канцэрты, у тым ліку замежных гуртоў, якія не выступалі ў Польшчы. Сёньня гэтыя выканаўцы рэгулярна наведваюць з канцэртамі нашую краіну. То бок чарговая розьніца скасаваная. Інакш кажучы, для людзей, якія пішуць пра музыку, наступілі складаныя часы. Гэта адна з найбольш дынамічных нішаў сучаснае культуры.

Зь іншага боку мы жывем і ў вельмі цікавыя, на маю думку, часы. Бо музычны журналіст ня мае ўжо іншых прывілеяў і магчымасьцяў, як толькі прабівацца за кошт свайго журналісцкага таленту ды ідэяў. Цяпер гэта цалкам сумленная гульня.

Пра этыку ў культурніцкай журналістыцы

Маё ўлюбёнае пытаньне адносна этыкі ў культурніцкай журналістыцы: “Як вы можаце пісаць пра ўсе гэтыя музычныя кружэлкі, калі самі ня ўмееце граць?” :). У такіх выпдаках я адказваю таксама пытаньнем: “Для каго ў такім выпадку граюць гэтыя музыкі, якія ўмеюць граць? Для іншых музыкаў, якія таксама ўмеюць граць – ці ўсё ж для слухачоў, большасьць зь якіх граць ня ўмее?”. Адказ, як мне падаецца, досыць відавочны. Па-другое, калі б пра музыку пісалі толькі людзі, якія ўмеюць граюць, то не знайшлося б месца для тых, хто... умее пісаць. І гэта істотны момант, бо ў адваротным выпадку збольшага публікаваліся б рэчы, непрыдатныя да чытаньня.

Дарэчы, большасьць людзей, якія пішуць пра музыку насамрэч граць умее. Але тут, вядома, усплывае ўжо стэрэатып незрэалізаванага музыкі, які кінуў кра’еру, паставіў у кут гітару, бо ў яго не атрымлівалася, і таму ён заняўся музычнай крытыкай. Я ведаю няшмат музычных журналістаў, якія ня ўмеюць граць на якім-кольвечы інструмэнце (гэта 5–10 % ад агульнай колькасьці). Збольшага гэта сапраўды людзі, якія ў пэўны момант жыцьця адклалі сваю гітару ў кут. Аднак прашу зьвярнуць увагу вось на што: вельмі часта яны кладуць інструмент у кут, бо вырашаюць, што іхныя здольнасьці недастатковыя для таго, каб зрабіць музычную кар’еру. То бок яны маюць цьвярозую долю самакрытычнасьці. І такім чынам яны выконваюць адну важную ўмову для ўваходу на ніву музычнае крытыкі: калі яны цьвяроза ды крытычна ставяцца да сябе, то гэтаксама яны будуць ставіцца да іншых. І дзякуючы гэтаму іхная праца будзе больш годнай даверу.

Натуральна, веды пра працэс паўставаньня й дыстрыбуцыі музыкі – гэта вялікі плюс. Гэта дазваляе адрозьніць рэчы складаныя ад нескладных – рэчы, зробленыя “на калене”, ад рэчаў, у якія ўклалі добры кавалак працы. Але, так ці інакш, напрыканцы лічыцца вынік, які чытаюць людзі, якія ня мусяць мець музычных ведаў, ня мусяць мець ведаў пра літаратуру ці кіно. Яны папросту хочуць даведацца “ці варта?” – не зважаючы на розныя веды. І гэта галоўная ўмова, якую трэба выконваць незалежна ад таго, ці мы ўмеем граць на флейце, на гітары ці на бубнах, альбо ці ўмеем здымаць фільмы. Тут якраз больш патрэбныя якасьці слухача, гледача ці слухача – а не творцы.

Другое частае пытаньне: “Што вы робіце з усімі гэтымі кружэлкамі, якія атрымліваеце бясплатна?” І тут паўстае чарговая, ня меньш істотная праблема, а менавіта: пытаньне ляяльнасьці з аднаго боку да чытача – а зь іншага боку да музычных вытворцаў, арганізатараў канцэртаў, кінапрадусараў. Вядома, што далёка ня ўвесь матэрыял атрымлівае ўвагу рэцэнзэнтаў. Але ўсе кружэлкі застаюцца на паліцах, і добра, калі крытык мае да іх сталы доступ. Напрыклад, выходзіць новы альбом “Red Hot Chili Peppers”: маючы доступ да старых запісаў гурта, журналіст заўжды можа параўнаць іх з новым. Калі ж рэцэнзэнт пачынае паціху гандляваць гэтымі кружэлкамі, прадаючы іх празь нейкія абвесткі – то гэта ўжо сумны выпадак. Гэта прафэсійная карупцыя. Я ведаў журналістаў, якія калісьці прадавалі кружэлкі (у так званыя “складаныя часы”, што зьяўляецца стандартнай адгаворкай). Гэта вельмі спакушальная справа, і той, хто зрабіў гэта раз, абавязкова будзе паўтараць гэта зноў і зноў дзеля ўласнай матэрыяльнай карысьці. Калі гэтыя кружэлкі вам ужо сапраўды непатрэбныя, то лепш раздаць іх бясплатна – вось выдатны спосаб вырашэньня гэтай маральнай дылемы.

А яшчэ для журналіста, які піша пра культуру, значна важнейшай якасьцю за ўсе веды пра музыку, кіно ці літаратуру ёсьць наяўнасьць і незалежнасьць уласнага погляду – уменьне казаць “не!” прадусарам, піяршчыкам, артыстам, якія ўсьцяж табе тэлефануюць і спрабуюць на цябе ўплываць.

Парады пачаткоўцам

Парада першая: быць верным толькі чытачу. У гэтым выпадку вельмі лёгка пазьбегчы усіх маральных дылемаў. Бо калі мы да ўсяго будзем прыкладаць гэтую меру ды памятаць, што ўсё, што мы ня робім – мы робім для чытача – усё будзе ў парадку.

Парада другая: ніколі не выпускаць матэрыял, які не нясе нічога новага. Мы жывем у часы перанасычэньня сьвету словам, інфармацыяй – усяго вельмі шмат. І таму кожнае меркаваньне страчвае сваю каштоўнасьць, калі яно паўтарае тое, што ўжо было сказана. Журналіст мусіць прачытаць усё, што прачытаў ягоны патэнцыйны чытач, і нават болей. Ён мусіць адшукаць іншыя тэксты, іншыя інтэрвью, іншыя меркаваньні на дадзеную тэму толькі для таго, каб упэўніцца, што ў ягоным тэксьце ёсьць нешта (нават нешта маленькае), што адрозьнівае ягоную думку ад усяго, што зьявілася па гэтай тэме раней.

Парада трэцяя: прынцып абмежаванага даверу... да сябе. Мы жывем у часы, калі людзі ведаюць настолькі шмат, прычым у кожнай вобласьці, што напэўна знойдзецца нехта, хто ведае болей за нас у прадмеце, пра які мы пішам. Таму трэба быць вельмі дысцыплінваным і пільна кантраляваць тое, што выпускаеш у сьвет. Чытаць-чытаць, правяраць-правяраць, зноў і зноў – каб быць упэўненымі, што нехта ня зьверне ўвагу на дапушчаную намі памылку.

Бартэк Хаціньскі

Займаецца музычнай журналістыкай. Працаваў у часопісах “Machinа” ды “City Magazine”, сёння – у штотыднёвіку “Przekrój”. Супольна з Яцкам Гаўрылюком утварае радыёдуэт HCH. Аўтар кніжнай сэрыі “Слоўніка польскай мовы для наймалодшых”. Аўтар блога: chacinski.wordpress.com

 

Фота:

Сachou34, Photoxpress