Аб эвалюцыі сучасных мэдыяў

У чым сутнасьць пераломных зьменаў у сучасных мэдыях?

Мэдыйны пералом рэвалюцыйнага характару, перш за ўсё, палягае ў тым, што журналісты згубілі свой прывілеяваны статус галоўных “інфарматараў”.

Праца на тэлебачаньні, радыё ці ў  газэце адкрывала й надалей адкрывае для іх шмат дзьвярэй, але калісьці журналісты трымалі своеасаблівую манаполію на інфармацыю й маглі нават вырашаць, што распавесьці грамадзтву, а што пакінуць для ўнутранага карыстаньня. Інтэрнэт перафарматаваў мэдыя-прастору карэнным чынам, і цяпер кожны, прынамсі са сваёй інфармацыяй, можа быць пачуты ў самых розных кутках плянэты.

Гэты факт сур’ёзна зьмяняе/ускладняе працу журналістаў (прынамсі, так яны меркавалі на самым пачатку), паколькі значна вырастае канкурэнцыя: зьяўляюцца мільёны патэнцыйна незалежных журналістаў, якія нават калі не складуць канкурэнцыі ў пісаньні й стварэньні матэрыялаў, могуць спраўджваць факты, пра якія пішуць журналісты. Раней таксама існавала мажлівасьць пасьля прачытаньня газэты напісаць гнеўны ліст у “дарагую рэдакцыю”, калі зьмешчаная інфармацыя не адпавядала рэчаіснасьці. Але сёньня ня трэба рабіць нават асаблівых высілкаў. Дастаткова сесьці за кампутар й пакінуць камэнтар пад артыкулам у інтэрнэт-вэрсіі газэты. А калі тое немагчыма, заўжды можна стварыць уласны інтэрнэт-блог і пісаць, дзе й у якіх фактах той ці іншы журналіст не мае рацыі. Адсюль і паляпшэньня сітуацыі у  галіне журналісцкіх стандартаў. Цяпер журналісты мусяць грунтоўна й узважана падумаць, перш чым публікаваць свае матэрыялы. Зьнікла й сама манаполія на інфармацыю, што не магло не ўскладніць працы майстроў слова. Але з другога боку, калі прызвычаіцца да таго, што сьвет такі, а не іншы, можна знайсьці ў ім для сябе й шмат добрага. Напрыклад, наўпроставы кантакт з чытачамі, слухачамі, гледачамі – любая форма актыўнай камунікацыі, - гэта ж бясцэнныя веды. Нярэдка камэнтары самі па сабе становяцца дадатковай крыніцай інфармацыі. Мы жывем у часы, калі адна асоба ня ў стане ведаць усяго, таму й я не фанабэруся карыстацца падказкамі, ідэямі ці прапановамі людзей, якія чытаюць мае тэксты на блогу, негледзячы на тое, што feed-back часамі бывае вельмі крытычны.

Як зьмяняе карыстальнікаў растучая хуткасьць публікацыі матэрыялаў?

Гэта чарговы этап рэвалюцыйных зьменаў. Насуперак першаму ўражаньню, сярод людзей часта пануе такі стэрэатып, што Інтэрнэт – гэта нейкі працяг ці від тэлебачаньня, вобразнае СМІ, якое канцэнтурецца на перадачы відэа ці нейкіх ілюстрацыйных матэрыялаў. Але гэта няпраўда. Інтэрнэт адносіцца да таго тыпу мэдыяў, якія грунтуюцца з большага на тэксьце. Вядома, тут не абыходзіцца без анімацыі, графікі, відэаролікаў і гэтак далей, аднак галоўным носьбітам інфармацыі застаецца тэкст. Гэта скуткуе тым, што людзі, якія карыстаюцца Інтэрнэтам, чытаюць болей, чым іншыя. Хаця чытаюць інакш.

Безумоўна, хуткасьць камунікацыі, якую запрапанаваў Інтэрнэт, стала прычынай таго, што мы губляем здольнасьць да чытаньня даўжэйшых тэкстаў. У Інтэрнэце рэдка можна сустрэць асобаў, якія бы доўга сядзелі перад экранамі й чыталі артыкул памерам у дзесяткі, а хаця бы нават некалькі старонак. Тыя часы ўжо сышлі ў нябыт. Мы, хутчэй, прызвычаіліся да сканаваньня шматлікіх крыніцаў.

Некаторыя з нас адносяцца да ліку людзей скептычнага складу, якія жадаюць спраўджваюць атрыманую інфармацыю ў некалькіх месцах. Калісьці гэты працэс патрабаваў шмат высілкаў і накладаў. Трэба было купіць некалькі газэт, каб праверыць факты, і хіба ня кожнаму карцела чымсьці такім займацца. Цяпер жа ідзе гаворка пра канкураваньне СМІ за звычайны клік мышкай. Лёгкасьць, зь якой чытач можа атрымаць інфармацыю з розных мэдыяў, нараджае ў яго й попыт на гэтыя крыніцы.

Калі казаць пра густы чытачоў/карыстальнікаў Інтэрнэту, то тут асабліва нічога не зьмянілася. У асноўнай массе дамінуе зацікаўленасьць благімі тэмамі. Самымі папулярнымі газэтамі ёсьць, так званыя, таблоіды. Калі вы паглядзіце на статыстыку таго, што людзі глядзяць і чытаючь у Інтэрнэце, заўважыце на самым версе таблоідныя тэмы. Гэта рэальнасьць, і людзі так збудаваныя, што не зьмяняе таго факту, што Інтэрнэт вельмі спрасьціў жыцьцё чытачам з крытычным сьветаўспрыманьнем, якіх цікавіць ня толькі “прыватнае жыцьцё зорак”, але й грунтоўныя палітычныя камэнтары, аналітыка з айчынных ці замежных крыніцаў і т.д. Звычайны чытач атрымаў ад Інтэрнэту шмат вольнасьці, якая, перадусім, праяўляецца ў свабодзе выбару крыніцаў інфармацыі. З другога боку, колькасьць вольнага часу, якую просты чалавек можа прысьвяціць справе чытаньня навінаў ці  аналізу інфармацыі (якой у Інтэрнэце робіцца ўсё болей і болей) у прынцыпе не зьмянілася. У сувязі з гэтым, і тыя, хто рыхтуе інфармацыю, і прафэсійныя журналісты, і блогеры - усе змагаюцца за каштоўны рэсурс пад назвай “абмежаваны час”. Той, хто прачытае навіну ў блогу, не прачытае яе ў газэце. І паколькі СМІ й Інтэрнэт змагаюцца за адзін і той жа рэсурс, сучасныя карыстальнікі мусяць усьвядоміць, якую вялікую ўладу трымаюць у руках.

Што тычыцца прафэсіі журналіста, то базавая рыса, якую трэба мець у сабе – гэта цікавасьць да сьвету, гатоўнасьць да новых выклікаў й дзівосаў, зьвязаных з пазнаваньнем месцаў, людзей, справаў і тэмаў.

Ну й, канешне, дапытлівасьць. Пасьля таго, як мы спазнаем тэму, як вылавім штосьці, чаго іншыя ня бачаць, трэба ўмець гэтае “штосьці” пераказаць: зразумець, прааналізаваць і дасьціпна прадставіць іншым. У гэтым сэньсе з часоў паўстаньня журналістыкі нічога не зьмянілася. Журналіст павінен імкнуцца быць чалавекам шырокіх даляглядаў, з укшталтаваным сьветапоглядам й добрай адукацыяй; і найлепей, адукацыяй не ў сфэры мэдыйных тэхнік і формаў, бо як пісаць рэпартаж ці карыстацца пашукавікамі, можна навучыцца так жа  хутка, як кіраваць аўтамабілем ці працаваць машыністкай.

Самае важнае – мець агульныя веды аб сьвеце, які даюць табе магчымасьць разумець тое, што бачыш.

А проста бачыць рэчаіснасьць мала. Тое, што плыве перад вачамі, трэба ўмець апісаць, выкарыстоўваючы рознага кшталту веды, назапашаныя хаця бы на падставе кніжак, лекцый ці артыкулаў у Вікіпэдыі. Крыніцы ня важныя. Галоўнае, каб адпаведныя веды проста былі, пры чым як мага найлепей паўкладаныя ў галаве.

Як прыязна пісаць аб тэхналёгіях.

Няма універсальных парадаў. Але, па-першае, пішыце аб рэчах, якія, прынамсі, цікавяць вас асабіста. Гэта першы просты крытэр. Калі вас штосьці захапляе альбо цікавіць, ёсьць шанец, што гэта захапляе іншых.  А калі так, то ўсплывае й другі аспект: тое, што нас захапляе, мы павінны распавядаць так, каб гэта з зацікаўленасьцю слухалі нават тыя, хто гэтай тэматыкай не цікавіцца. Пераказваючы журналісцкія веды, трэба падбіраць правільны словы й паняцьці, якія нікога не спалохаюць і будуць добра “перавараныя”. Як варыянт, раю тэставаць свае артыкулы на сваяках і сябрах, напрыклад.

Парады маладому журналісту

Абраўшы журналісцкую дарогу жыцьця, не рэкамэндую яе пачынаць з такіх цяжкіх формаў журналістыкі, як публіцыстыка, эсэ й таго тыпу рэчы, якія часта спакушаюць маладых людзей. Не сьпяшайцеся. На ўсё прыйдзе час. Найлепей пачынаць ад простага: ад апавяданьнем іншым таго, што ўбачыў і як мага дасьціпнаю мовай. Другая парада вынікае зь першай і называецца адкрытасьць. Трэба быць адкрытым на тое, што адбываецца навокал: глядзець, назіраць, не пазьбягаць кантактаў зь людзьмі, якія ёсьць найкаштоўнешнымі крыніцамі інфармацыі. І, нарэсьце, шмат чытаць, бо кожная прачытаная кніжка – гэта чысты прыбытак, які арганічна ўзбагачае сьветапогляд журналіста.

Посьпехаў!

 

Эдвін Бэндык – журналіст, публіцыст і пісьменьнік. Працуе ў польскім тыднёвіку “Палітыка”, дзе галоўным чынам займаецца цывілізацыйнай тэматыкай і ўплывам разьвіцьця навукі й тэхнікі на культуру ды грамадзка-палітычнае й гаспадарчае жыцьцё. Чытае лекцыі ў варшаўскім Калегіўме Civitas (дзе кіруе Асяродкам Даследваньняў Будучыні) і Цэнтры Сацыяльных Даследваньняў Польскай Акадэміі Навук.

Гэты тэкст распаўсюджваецца на правах ліцэнзіі Creative Commons - Прызнаньне Аўтарства

Фота:

Webtreats, здымак зьмешчаны на падставе ліцэнзіі Creative Commons - Прызнаньне аўтарства