Якасьці, неабходныя сапраўднаму журналісту. Робэрт Козак

Бесстароннасьць ці аб’ектыўнасьць?

Як ня дзіўна, паміж гэтымі двума паняткамі існуе прынцыповая розьніца. Вельмі часта палітыкі, альбо людзі, якія ацэньваюць мэдыі, кажуць: “Гэты журналіст неаб’ектыўны”. Але калі журналіст пачынае быць для гэтага палітыка больш аб’ектыўным, то ён перастае быць аб’ектыўным для таго, хто рэпрэзэнтуе другі бок канфлікту – бо кожны разумее аб’ектыўнасьць па-свойму.

Асноўная якасьць сапраўднага журналіста – гэта неперадузятасьць, бесстароннасьць. Што гэта за якасьць і чым яно адрозьніваецца ад аб’ектыўнасьці? Аб’ектыўнасьць мае на ўвазе, што я – як журналіст ці асоба, якая прэзэнтуе нейкі факт, нейкую праўду – здабыў права на валоданьне гэтаю праўдай. То бок я аб’ектыўна ведаю, што зьяўляецца праўдай, а што не.

Сапраўды, роля журналіста палягае ў адкрываньні праўды, кожны журналіст мусіць да яе імкнуцца. Але рэчаіснасьць нашмат больш складаная, і вызначыць, як гэта праўда выглядае насамрэч, можна не заўжды. І адзінае, што можа ў гэтым выпадку зрабіць журналіст, які імкнецца да праўды – гэта паказваць розныя меркаваньні.

Калі мы размаўляем пра грамадзскія, палітычныя ці якія-кольвечы іншыя праблемы, то сустракаемся зь меркаваньнямі розных людзей, розных асяродзьдзяў, розных палітычных сілаў. І вельмі важна ў працы журналіста ўмець ўлічваць розныя пункты гледжаньня. Нехта прэзэнтуе пэўны тэзіс, мяркуе, што справа выглядае так, а не інакш. Напрыклад пытаньне абортаў: хтосьці лічыць, што іх трэба легалізаваць. У такіх выпадках журналіст, які заўжды мусіць быць неперадузяты, шукае таксама іншыя меркаваньні, шукае кагосьці, хто лічыць інакш – і прэзэнтуе альтэрнатыўныя аргумэнты. І вельмі часта (асабліва ў тэлевізійных навінах ці электронных СМІ) мы чуем галасы самых розных людзей, меркаваньні якіх упарадкаваныя ў пэўны дыскурс, зь якога глядач (слухач, чытач) робіць уласныя высновы.

Неперадузяты журналіст – гэта журналіст, які падчас працы забываецца на ўласныя погляды. І калі ён чуе кагосьці, хто прэзэнтуе пэўнае меркаваньне, то адразу задумваецца: “Хм... А можа ёсьць нехта, хто мяркуе інакш?”

Мэта бесстароннага журналіста – знайсьці гэтую другую асобу, каб даць гледачу (слухачу, чытачу) права выбару меркаваньня, якое яму бліжэй. Журналіст ня можа рабіць выбар за яго. Журналіст існуе для таго, каб паказаць розныя погляды на канкрэтную справу.

У тоўстым падручніку для працаўнікоў BBC – карпарацыі, якая даўно фармуе стандарты ў сусьветнай журналістыцы, ніводнага разу не зьяўляецца слова “аб’ектыўнасьць”. Там гаворка ідзе выключна пра “бесстароннасьць” журналіста.

Сумленнасьць і ўспрыімлівасьць

Сумленны журналіст – гэта, перадусім, журналіст сумленны перад самім сабой. Гэта журналіст, які не баіцца паглядзець у люстэрка й сказаць: “Я раблю сваю працу згодна з этычнымі нормамі – я сумленны чалавек”. Але гэта толькі фундамент. Ён мусіць быць таксама сумленны ў дачыненьні да людзей, пра якіх ён распавядае, якіх апісвае, зь якімі сустракаецца ў сваёй праграме. Гэта таксама тычыцца людзей, да якіх ён мае нейкія прэтэнзіі, у бок якіх высоўвае абвінавачаньні. І, натуральна, ён мусіць быць сумленны перад сваім гледачом (слухачом, чытачом).

Журналіст мае значна большую колькасьць крыніцаў інфармацыі, чым звычайны чалавек. Ягоная задача – перадаць важную інфармацыю, не хаваючы ад гледача (чытача, слухача) істотных падрабязнасьцяў, аспэктаў дадзейнай справы. Сумленнасьць палягае таксама ва ўсьведамленьні, якія наступствы для чалавека будзе мець інфармацыя, якую я перадаю.

Памятаю, як калісьці, на самым пачатку працы аднаго з аддзелаў радыёслужбы BBC, мы мелі такі выпадак: у інфармацыйным выпуску мы далі навіну пра катастрофу аўтобуса, які вёз дзяцей у летнік. Гэта быў час школьных вакацыяў, калі такіх аўтобусаў, што перавозяць дзяцей, было вельмі шмат. Мы тады не далі дакладнай інфармацыі: па якім маршруце ехаў аўтобус, якой фірме належаў, у якім месцы гэта здарылася? І да нас пачалі тэлефанаваць бацькі ўсіх дзяцей, якія ў гэты час былі ў падарожжы. Яны хваляваліся, ці гаворка вядзецца менавіта пра іхных дзяцей. Гэта была відавочная памылка журналіста: даючы такую навіну, ён не ўлічыў, колькі асобаў можа ўсхваляваць гэтай інфармацыяй, калі яна ня будзе дакладнай. Таму сумленнасьць – гэта яшчэ й сьвядомасьць таго, якія наступствы можа мець інфармацыя, якую я агучваю.

Сумленнасьць да асобаў, пра якіх мы распавядаем палягае ў тым, каб даць кожнай зь іх шанец выказаць сваё меркаваньне. Калі мы высоўваем супраць кагосьці нейкія абвінавачаньні, то мы мусім даць гэтаму чалавеку права адказу, права рэакцыі.

І я ня маю на ўвазе сытуацыю, калі журналіст заганяе гэтую асобу ў кут: яна мусіць мець права даць на гэтыя абвінавачаньні сьвядомы й абдуманы адказ. З сумленнасьцю зьвязаная таксама успрыімлівасьць. Успрыімлівы журналіст разумее, што людзі маюць розныя погляды, што людзі маюць уласныя каштоўнасьці, што яны рэпрэзэнтуюць розныя сацыяльныя групы, рэлігійныя канфэсіі. Трэба ўмець гэта шанаваць, то бок не абражаць іхныя пачуцьці. Журналіст ня мае права абражаць пачуцьці чалавека, пра якога кажа. Дам адзін прыклад. У BBC ёсьць такое правіла: калі мы ня ведаем, як называць нейкую сацыяльную групу (напрыклад, нейкую нацыянальную меншасьць), то лепш за ўсё даведацца, як гэта група называе сама сябе – і акрэсьліваць яе менавіта гэтым словам. Гэта і ёсьць успрыімлівасьць. І кожны журналіст, які ставіцца да сваёй працы са сьвядомасьцю, што ён мусіць даваць сумленную інфармацыю, мусіць быць сумленны й адначасова ўспрыімлівы у дачыненьні да герояў падзеяў, якіх ён апісвае. Гэта й ёсьць чалавек, які выконвае сваю задачу згодна з этыкай уласнай прафэсіі. Гэта журналіст, які нясе адказнасьць за слова, якое выходзіць зь ягоных вуснаў.

Незалежнасьць

Калісьці ад свайго калектыву – інфармацыйнай рэдакцыі Польскага дзяржаўнага тэлебачаньня, якою я пэўны час кіраваў, я атрымаў у падарунак... баксёрскія пальчаткі. А здарылася гэта пасьля пэўнага выпадку. Новым дырэктарам Польскага тэлебачаньня прызначылі Браніслава Вільдштэйна (журналіст-публіцыст, прыхільнік польскай кансэрватыўнай партыі Права й справядлівасьць – рэд.). Неўзабаве ён прыехаў да нас, каб у галоўным выпуску навінаў урачыста абвесьціць, што Польскае тэлебачаньне мае новага дырэктара, які увядзе “новыя парадкі”. Але я, як кіраўнік інфармацыйнай рэдакцыі, не пагадзіўся на гэта – і не пусьціў яго ў этэр. Я настойваў на тым, што незалежны журналіст – гэта той, які сам стварае інфармацыйную праграму й сам кажа пра важныя для гледача рэчы. Тым больш напярэдадні мы далі навіну пра тое, што тэлебачаньне ачоліў новы кіраўнік: было ягонае выказваньне, было выказваньне старога кіраўніка, былі выказваньні розных мэдыяэкспэртаў. Таму я сказаў яму: “Мы робім незалежную, бесстаронную праграму, і таму ніводзін дырэктар ніводнай кампаніі ня будзе ладзіць прамову ў этэры гэтай праграмы”. Вядома, празь некалькі дзён мяне звольнілі. А калектыў журналістаў, зь якімі я працаваў, уручыў мне баксёрскія пальчаткі з уласнымі аўтографамі – на знак таго, што журналісцкая незалежнасьць і яе абарона – гэта вельмі істотная рэч.

Хто такі незалежны журналіст? Гэта чалавек, які не паддаецца ніякаму ўплыву. Ён шукае, зьбірае розныя меркаваньні. Але сам застаецца ад іх незалежным. Што гэта азначае? Гэта азначае, што ён не залежыць ад розных палітыкаў, ад рознага лобі, ад бізнэсу.

Ізноў узгадаю прыклад BBC. Там ёсьць такое правіла: журналіст, які працуе на BBC не прымае ніякіх падарункаў. Гэта, вядома, ня тычыцца нейкіх зусім дробных сыбалічных рэчаў. Але калі нейкая асоба ці фірма прапануе журналісту каштоўны падарунак, то ён мае абавязак паінфармаваць пра гэта рэдакцыю. Шмат аўтамабільных канцэрнаў прапануюць журналістам вялізныя зьніжкі на аўтамабілі. Журналісту BBC – і ўвогуле незалежнаму журналісту – нельга такімі зьніжкамі карыстацца. Чаму? Для таго, каб ніхто ніколі ня мог абвінаваціць гэтага журналіста ў неаб’ектыўнасьці, калі ён, напрыклад, будзе рабіць сюжэт пра гэты канцэрн. Альбо ў тым, што ён адмовіўся рабіць матэрыял, каб не крытыкаваць фірму, якая дала яму зьніжку на аўтамабіль.

Незалежнасьць ня тычыцца толькі таго, што я сам думаю пра сваю незалежнасьць, але й таго, што пра гэта думае сьвет, грамадская думка. Таму нельга ствараць сытуацыі, якія выклічуць падазрэньні ў маёй залежнасьці. Журналіст мусіць ісьці незалежным шляхам, незалежна ад розных уплываў, ад розных пунктаў гледжаньня, ад рознага кшталту лобі (бізнэсу ці палітыкі).

Крыніцы інфармацыі

Калі я ўзгадваў пра бесстароннасьць, то казаў, што кожны журналіст шукае, імкнецца да праўды. Добрасумленнасьць журналіста палягае яшчэ ў тым, што інфармацыя, якую я даю свайму гледачу (слухачу, чытачу), мною дакладна правераная. І называю яе крыніцу. У маім улюбёным BBC ёсьць жалезнае правіла: кожная інфармацыя, якую мы пускаем у этэр мусіць быць правераная прынамсі ў дзьвюх крыніцах. Дам прыклад. 2 красавіка 2005 года памёр Папа Рымскі Ян Павел ІІ. А два прыватныя СМІ ў Польшчы агучылі навіну пра ягоную сьмерць... днём раней – толькі таму, што італійскае прэсавае агенцтва ANSA дало інфармацыю, што лінія электракардыяграмы Папы ўжо плоская. Так супала, што 1 красавіка 2005 года быў маім першым днём працы ў якасьці кіраўніка інфармацыйнай рэдакцыі Польскага тэлебачаньня. Паколькі я прыйшоў туды з BBC, то выступіў катэгарчына супраць таго, каб пускаць гэтую навіну ў этэр. Праз 13 хвілін італійскае агенцтва абвергла сваю інфармацыю. А дзьве сур’ёзныя польскія тэлекампаніі ўжо пасьпелі даць навіну пра сьмерць чалавека ў дзень, калі ён быў яшчэ жывы...

Нельга публікаваць інфармацыю да таго моманту, пакуль ты яе не праверыў – прынамсі ў дзьвюх крыніцах. Калі нават пасьля гэтага інфармацыя ўсьцяж выклікае сумневы, трэба абавязкова назваць першакрыніцу (першае СМІ, якое яе агучыла). Можна ўзгадаць іншы прыклад: выбары ў ЗША ў 2000 годзе. Усе тады пасьпяшаліся абвесьціць, што перамог Джордж Буш. Але неўзабаве аказалася, што ў адным са штатаў (у Флярыдзе) яшчэ не палічылі ўсе галасы, тым часам розьніца паміж галоўнымі супернікамі была мінімальнай... У выніку Буш усё ж стаў прэзідэнтам. Але шмат агенцтваў агучыла гэтую інфармацыю задоўга да таго, як ён ім фактычна стаў. Мы ў BBC пачалі правяраць уласныя стужкі. І аказалася, што ў сваіх навінах мы казалі... праўду. Загаловак BBC пра вынікі выбараў у ЗША гучаў так: “Тэлеканалы Злучаных штатаў ад усходняга да заходняга ўзьбярэжжа абвяшчаюць пра перамогу Джорджа Буша малодшага на прэзідэнцкіх выбарах”. І гэта ніяк не пярэчыла фактам. У апэраваньні толькі й выключна фактамі й палягае прафэсія журналіста.

Робэрт Козак

чалавек з разнастайным і шматбаковым досьведам. Большую частку прафэсійнай кар’еры ў мэдыях працаваў у якасьці журналіста й мэнэджэра. Быў суўласьнікам і сябрам праўленьня інфармацыйнага агенцтва SIS. У 1989-м ў якасьці рэпартэра асьвятляў для заходніх СМІ паседжаньні легендарнага Круглага стала (які даў пачатак дэмакратычным пераўтварэньням ў Польшчы). Правёў 15 гадоў у BBC, дзе пачынаў як карэспандэнт, а пазьней стварыў і кіраваў аддзелам BBC у Польшчы. Браў удзел у стварэньні TOK FM (першае ў Польшчы інфармацыйнае радыё). Выхаваў цэлае пакаленьне журналістаў, шмат хто зь якіх займае сёньня кіраўнічыя пасады ў розных СМІ. Працаваў на Польскім дзяржаўным тэлебачаньні, дзе кіраваў галоўным выданьнем навінаў. Там жа займаў пасаду кіраўніка камісіі па журналісцкіх стандартах.

Фота:

Yellowj, Photoxpress