MAM у сетцы

Каб адказаць на пытаньне, што такое культура “instant” (анг. “імгненьне” – рэд.) ды культура рэмікса, трэба зьвярнуцца да кулінарных мэтафараў. Калісьці вельмі доўга гатавалі каву: старанна, пасьлядоўна, адлівалі, пералівалі, падагравалі. А сёньня аказалася, што дастаткова разбавіць у вадзе лыжачку гранулаў – і маем каву. Тое самае з рэміксам:
калісьці было вядома, што зьяўляецца тэкстам – нешта, што выразна адмяжоўваецца ад астатніх частак, што мае ўнутраны парадак, пачатак і канец. Сёньня гэтага няма.
Я памятаю свой першы досьвед сутыкненьня з культурай такога тыпу. Гэта было ў Злучаных Штатах: студэнты паказвалі мне свайго “Грамадзяніна Кэйна” (папулярны ў ЗША маст. фільм, рэж. Орсан Уэлс, 1941 г. – рэд.). Гэты “іхны” “Грамадзянін Кэйн” палягаў ў тым, што яны выразалі й наноў змантавалі сцэны фільму так, як ім гэта падабалася, згодна з уласнай канцэпцыяй, дадаўшы разнастайныя вакальныя элемэнты. Усё пачыналася з канца, потым 3 разы паўтараўся адзін і той жа фрагмэнт, бо ён ім вельмі падабаўся й г.д. Студэнты настойвалі на тым, што гэта “іхны” фільм. Тое, што яго зняў Орсан Уэлс, маючы ўласную задуму, было неістотна: новы, “іхны” фільм, які дэ-факта існуе.
І менавіта пад знакам такіх дзеньняў і такіх культураў мы сёньня жывем.
Ужо ня дзейнічае мадэль “супэрпасіўны спажывец – мэгаактыўны творца”, гэтыя дзьве ролі перамяшаліся. Сёньня мы маем менш актыўных творцаў і больш актыўных спажыўцоў інфармацыі. Апошнія становяцца своеасаблівымі “прасумэнтамі” – вытворцамі й спажыўцамі адначасна.
І гэта ня тычыцца толькі вузкай групы віртуозаў, якія выдатна валодаюць кампутарам, вельмі актыўныя ў сеціве, якія праводзяць там шмат часу й займаюцца творчасьцю. Гэта тычыцца нас усіх: калі мы робім паштоўку з матэрыялаў, якія ёсьць у інтэрнэце, дадаем шмат разнастайных элемэнтаў, ствараючы такім чынам нейкі твор, нейкі прадукт. Добра гэта ці дрэнна? Гэтае пытаньне недарэчнае. Праблема нашай культуры палягае ў адыходзе на задні плян ацэнкі: ці здольны я, ці ня здольны? У мяне часта запытваюцца, дзе праходзіць мяжа, ці яе ўжо перайшлі? Ці сучасная рэкляма ўжо знаходзіцца па другім баку гэтай мяжы – калі чагосьці паказваць нельга, бо яно абражае чыесьці пачуцьці? Я адказваю так: ці былі пратэсты, ці зьявілася нейкая зарганізаваная група, якая сказала “Нас гэта вельмі закранае, мы супраць гэтага”? Мы занадта верым у тое, што за нас гэта зробіць закон. Але ў шмат якіх выпадках закон папросту не пасьпявае за разьвіцьцём мэдыяў. Таму мы – грамадзяне, гледачы, слухачы – мусім узяць справу ў свае рукі, мусім пачаць гэта інтэрпрэтаваць, казаць пра тое, што нам не падабаецца. Калі мы пачнем гэта ахопліваць, пачнем размаўляць пра інтэрпрэтацыю аўдыёвізуальных фактаў, то мецьмем шанец гэта ператрываць, пракантраляваць. Насамрэч галоўная праблема кантролю за СМІ – гэта не праблема вытворцы, таго, хто стварае прадукт. Гэта праблема таго, хто яго успрымае, спажывае, хто кажа “гэта добра, а гэта дрэнна”, падмацоўваючы ацэнку ўласнымі аргумэнтамі.
Калісьці мой сябар, малады паэт сказаў мне, што пасьля Шэксьпіра няма чаго пісаць, бо ён ужо ўсё напісаў. А я ў яго запытаўся: “Што б ты хацеў сказаць у гэтай паэзіі, якую б хацеў ствараць?” І тут якраз была праблема, бо ён пісаў моваю тэкстаў, якія ўжо існуюць. На маю думку, і з рэміксам, і з плягіятам справа выглядае проста:
калі ты хочаш і ў стане сказаць нешта арыгінальнае, то гэта не плягіят. Можа здарыцца так, што да цябе гэта ўжо нехта сказаў, але ты ня ведаеш таго тэксту – у гэтым выпадку твой твор таксама ня будзе плягіятам.
На шмат якіх інтэрнэт парталах мы ўсьцяж сустракаем чужыя тэксты. У якасьці крыніцы гэтыя старонкі выкарыстоўваюць інфармацыйныя агенцтвы, артыкулы з замежнае прэсы. Я падпісаны на некалькі замежных штотыднёвікаў. І нярэдка пасьля двух тыдняў я сустракаю ў польскай прэсе нават не пераклады, а своеасаблівыя пераказы, “перыфразы” артыкулаў, якія я ўжо прачытаў. Напрыканцы, у лепшым выпадку, малым невыразным шрыфтам напісана “Тэкст напісаны на аснове артыкулу Х”, альбо “Тэкст напісаны дзякуючы У”. Мне гэта не падабаецца, гэта сьведчыць пра спробу схаваць аўтара ў цень.
Сапраўдны аўтар – той, хто напісаў арыгінал, хто менавіта стварыў. І калі я гэта ведаю, але спрабую ягоную ролю схаваць, закопваю недзе глыбока, а сам кажу, што насамрэч гэта мае словы, то, што тут шмат казаць – я краду!
Я краду ў сапраўднага аўтара ягоныя грошы, а таксама ягоны гонар. Бо ён аўтар, яму належаць гэтыя словы й ён за іх адказвае. Таму гэты крытэр вельмі важны: ці можаш ты сказаць нешта арыгінальнае?
І якім чынам ты гэта выражаеш? Тут мы падыходзім да зьявы рэмікса: ты можаш стварыць нешта новае, арыгінальнае, беручы ўжо існыя (неарыгінальныя) элемэнты. Але трэба памятаць, што тут няма выразнага правіла, напрыклад: нельга выкарыстаць 3-х элемэнтаў з аднаго й таго ж тэксту. Не, нельга выкарыстоўваць увесь тэкст – гэта мы ведаем. Зь іншага боку, калі ты выкарыстаеш нейкую частку, зь якой можа вынікаць, што менавіта ты быў ейным стваральнікам – трэба абавязква пазначыць яе сапраўднае паходжаньне. Гэта цяжка патлумачыць, але лёгка ілюстраваць на прыкладах з творчае практыкі: калі можна тыкнуць пальцам і запытацца “ці гэта тваё, ці чыёсьці?” Гэты факт мусіць быць выразным, мусіць вынікаць з самаго тэксту: ці ты аўтар гэтай фразы – ці нехта іншы.
Сёньня з паняткам “журналіст” мы маем пэўную праблему. Раней такі чалавек прыходзіў на сваё працоўнае месца, быў адказны за нейкую рубрыку (тэматыку, аддзел), ішоў у горад (альбо тэлефанаваў) і пад вечар прыносіў нейкую нататку, нейкую інфармацыю пра нешта важнае, што адбылося ў гэты дзень. Гэта была такая прыгожая мадэль журналіста, па-сутнасьці сваёй фрылансэра, такога самотнага ястраба, які шукае праўду (нават калі гэтаю праўдай былі брудныя пад’езды ці нявынесенае сьмецьце). Гэтае мадэль ужо практычна не існуе.
Сцэнаграфічным доказам існаваньня іншай мадэлі ёсьць вялікія залі ў рэдакцыях большасьці газэтаў: з боксамі – адмысловымі столікамі, мінімальна аддзеленымі адзін ад аднаго. Гэта своеасаблівая мэтафара татальнасьці, глябальнасьці. Журналіст зьяўляецца адной з мурашак у гэтай вялізнай камандзе.
Ён можа, напрыклад, прыносіць інфармацыю – часта сырую, неапрацаваную. Але яна мусіць быць шматкроць праверанай: “асоба з прозьвішчам Х прачытала лекцыю там і там, прыйшло столькі й столькі слухачоў”. Гэтай інфармацыі трэба надаць пэўную структуру.
Структураваньне – гэта вялікае мастацтва: што даем, што не даем, на што кладзем націск, а што пакідаем на фоне. І часта гэтым займаюцца людзі, якія ня пішуць тэкстаў.
Гэта вельмі цікавая зьява: газэта па-сутнасьці ствараецца ня тымі, хто піша тэксты, а тымі, хто складае, сшывае, рэдагуе тое, што напісалі іншыя, накладаючы на яе пэўны ланцуг каштоўнасьцяў і прыярытэтаў.
Гэтая роля журналіста яшчэ больш паскараецца, калі гаворка ідзе пра інтэрнэт. Тут часьцей за ўсё тэксты зьяўляюцца ў апошні момант. Я памятаю, як пісаў фэльетоны для пэўнага парталу, і ад мяне патрабавалі даслаць тэкст літаральна цягам паўхвіліны, бо “калі я гэтага не зраблю, то будзе вялікая катастрофа” і г.д. Тут ужо можна казаць пра долі сэкундаў.
Мы стала сьпяшаемся, жывучы ў культуры, якая патрабуе імгненнай рэакцыі. Але сьпех не спрычыняецца да таго, каб добра прыгледзецца да тэксту, каб паўторна яго перачытаць, альбо, калі трэба, прачытаць яго ў пяты раз, каб падыскутаваць пра яго перад апублікаваньнем зь іншымі. Старая культура задумы журналіста над тым, “што мы пішам, для каго пішам” сыходзіць у нябыт. Зьявілася патрэба хуткасьці й моцны ціск канкурэнтаў.
У шмат якіх мэдыях разважаюць так: “Хвіліначку. Мы гэтага не пакажам, але іншыя пакажуць абавязкова. Таму забудземся на нашыя сумневы: паказваем!” Часта журналісты пазычаюць адзін у аднаго тэмы ды ўважліва сочаць за тым, што робяць іншыя. Зь іншага боку, гэта неад’емны элемэнт кожнай прафэсіі.
На пытаньне, ці прафэсія журналіста мае будучыню, я адкажу банальна: ёсьць шмат людзей, якія хочуць быць журналістамі, якія вучацца гэтай прафэсіі. Але ўсе яны мусяць усьведамляць зусім іншую (і не зусім лёгкую) ролю будучага журналіста ў грамадстве. Бо не вядзецца пра тое, ці мне добра, а пра тое, ці добра я выконваю сваю працу.
Ад журналіста патрабуюць вельмі шмат. А ён часта да гэтага не зусім падрыхтаваны. Патрабуецца, каб ён быў настаўнікам: шмат ведаў, вучыў людзей, расшыфроўваю тое, што незразумела. Патрабуецца, каб ён выконваю ролю крыху падобную да ролі сьвятара: напрыклад, ад людзей, якія робяць адмысловыя “тэрапэўтычныя” ток-шоў, патрабуюць, каб яны выконвалі функцыю падобную да той, якую раней выконвалі службіты рэлігійных культаў, шаманы. Урэсьце рэшт ад журналіста часта патрабуюць, каб ён быў блазнам, каб нёс людзям забаву.
Выконваць усе гэтыя ролі журналісты ня ў стане. Многія маюць з гэтай прычыны вялікія праблемы ды сумневы. Прычым гэта тычыцца ня толькі ўсіх трох функцыяў разам, але нават і адной асобнай, якую яны выканаць не ў стане. Гэта вельмі цяжкая прафэсія, да таго яна патрабуе пэрманэнтнага самаадукаваньня, бо тэхніка й тэхналёгія гэтай прафэсіі ўсьцяж зьмяняецца. Як зьмяняецца разуменьне яе ролі ў сучасным грамадстве.
Кім будзе журналіст будучыні? У вялікай ступені ён будзе “мэдыяўоркэрам”, то бок асобай, якая стварае ньюсы. Сёньня частку гэтай функцыі ўжо выконвае так званая грамадзянская журналістыка. Людзі спантанна, бяз грошай дасылаюць інфармацыю пра дарожна-транспартныя здарэньні, пра напады, злачынствы. Яны робяць гэта перадусім з-за натхненьня, жаданьня паказаць свету “як гэта было”. Гэта пазытыўная зьява, і яна будзе існаваць. Але ўсё ж такі над такой формай журналістыкі будзе існаваць сыстэма кантролю. Усё ж такі рэдактар альбо ўласьнік таго ці іншага СМІ будзе ў вялікай ступені вырашаць, што зь іхных сэнсацыяў апублікуюць, а што не.
Мяркую, што будучыня палягае ў спробе грамадзкага кантролю над гэтымі дзвюма групамі: з аднаго боку над СМІ – каб яны занадта не цэнзуравалі патрэбную нам інфармацыю, а з другога боку над намі самімі – мы самыя мусім умець сцьвердзіць, што мы хочам глядзець, а чаго ня хочам.
Напрыклад, я не хачу глядзець такія манэрныя матэрыялы (мода на іх у навінах зьявілася апошнім часам), якія распавядаюць пра тое, як “хворыя дзеці плачуць, патрэбныя грошы, трэба даслаць пэўную суму грошай!” і г.д. Гэта важна, і журналісты павінныя гэтым займацца, але ня ў гэтым месцы – не ў інфармацыйнай праграме, якая мае іншыя функцыі. Бо гэта не ньюс, а від такой, так бы мовіць, мэдыйнай філянтропіі. Мэдыі могуць спрыяць рэалізацыі гэтых мэтаў. Але ня блытайма гэта з журналістыкай, якая мусіць даваць чалавеку важную, сьвежую й карысную для яго інфармацыю. І гэта хіба ці не самае складанае ў гэтай прафэсіі: быць сабой, умець супрацьпаставіцца ціску рынку, ціску з боку кіраўніцтва, старацца рабіць гэта згодна з уласным сумленьнем. І умець адмовіцца тады, калі сумленьне крычыць: “Не! Не рабі здымак чалавеку, які памірае”. Бо які гэта мае сэнс?
У Злучаных Штатах ёсьць тэрмін local news. Ён зьявіўся ў 70-х гадох і мае вельмі нэгатыўнае значэньне. “Лякальныя ньюсы” – гэта навіны з таблоідаў, крыклівыя, па-сутнасьці неістотныя (“кот, які залез на дрэва, і пажарнікі муселі яго адтуль здымаць”). Супрацьлегласьцю былі выданьні, якія ахопліваюць усю краіну й займаюцца сур’ёзнымі (галоўным чынам палітычнымі) тэмамі. Сытуацыя зьмянілася: на рынак прыйшлі кругласуткавыя інфармацыйныя тэлеканалы, якія ўтрымліваюць і першы, і другі элемэнт – бо мусяць чымсьці запаўняць свой эфірны час. Сёньня я прыходжу да высновы, што якраз лякальныя мэдыі, магчыма, уратуюць публічны, грамадзкі элемэнт у нашай журналістыцы. Лякальныя – гэта ня толькі тыя, якія шукаюць дзіркі на дарогах, але й тыя, якія кажуць, чаму людзі дрэнна жывуць, і што можна зрабіць, каб яны жылі лепш. Дрэнна будзе, калі гэтыя лякальныя мэдыі будуць працягам партыйных поглядаў, рупарам пэўных (у тым ліку лякальных) палітычных сілаў – бо тады гэта прыдворныя мэдыі, якія рэтрансьлююць прамовы мясцовых чыноўнікаў. Спадзяюся, у гэты бок мэдыі ня пойдуць.
Лякальныя мэдыі маюць вялікі шанец, бо людзі з аднаго боку любяць сачыць за вялікімі падзеямі, якія паказваюць глябальныя мэдыі – зь іншага яны хочуць бачыць месца, празь якое яны штодзённа ідуць на працу.
Такія мэдыі маюць шанец у выпадку, калі зробяць стаўку на мясцовы калярыт, на лякальную культуру, якая ня мае шанцу прабіцца на мэдыйнае поле мэтраполіі, альбо мусела б шмат заінвэставаць, каб туды прабіцца. Адным словам тэрмін “лякальныя” не азначае толькі “мясцовыя справы” або “дзіркі ў дарозе”. Ён азначае таксама прасоўваньне лякальнай культуры (у шырокім разуменьні гэтага слова), якая ахоплівае як сучасныя, так і традыцыйныя аспэкты жыцьця дадзенай супольнасьці. Калі нешта такое будзе зьдзяйсьняцца, то я ўпэўнены, што такія мэдыі будуць мець поьспех ды папулярнасьць сярод людзей.
Першая й асноўная парада: ня быць занадта самаўпэўненым і ня думаць, што гісторыя сьвету пачалася з эры інтэрнэту, а аўтарытэты ужо не існуюць. Слухай людзей, асабліва тых, хто працуе ў гэтай прафэсіі шмат гадоў! Яны – нягледзячы на тое, што слаба ведаюць інтэрнэт – могуць табе вельмі дапамагчы, бо ведаюць, як размаўляць зь людзьмі.
Журналіст, гэта перадусім асоба, якая ўмее знайсьці, завязаць кантакт. Трэба ведаць пэўныя псыхалягічныя прынцыпы, трэба ведаць, якім чынам да каго зьвяртацца і г.д. Гэта бясцэнны досьвед, гэта веды, якія ты рэдка знойдзеш у падручніках. А гэта патрабуе практыкі. Калі ты іх здабудзеш, то твой суразмоўца адкрыецца, будзе з табой шчыры – а гэта самае галоўнае.
Па-другое, у сёньняшні век рэміксаў ды плягіятаў правярай. Правярай праверанае, не стамляйся, правер 2-3 разы. Я часта сутыкаўся з сытуацыяй, калі маладыя журналісты, маючы толькі першую літару імя, кажуць: “Ай! Усё адно, ці напішам Андрэй, ці Аляксей”. Не, мы пішам пра жывога чалавека. Гэты нехта можа пачуваць сябе вельмі няўтульна, калі мы перайначым ягонае імя альбо прозьвішча. Гэта ня дробязі – гэта па-сутнасьці асноўныя сыгналы таго, як мы ставімся да чалавека, да свайго суразмоўцы.
І трэцяя парада: будзь у гармоніі з самім сабой. Ты ня мусіш быць журналістам, калі штодзень па вяртаньні дахаты адчуваеш, што робіш нешта несумленнае, што гэта робіцца ня так, як на тваю думку мае быць. І справа тут не ў шэфе – большасьць людзей перакананая, што кіраўнік павінен быць іншы, лепшы. Гаворка пра тое, што ўся атмасфэра ў тваёй працы мусіць будаваць каманду. Ты мусіш верыць сабе, заставацца ў згодзе са сваім сумленьнем – і адначасна мусіш давяраць сваім сябрам і калегам па працы. Магчыма таму гэта такая нялёгкая прафэсія, якая патрабуе калектыўнасьці, паразуменьня й здольнасьці вучыцца цягам усяго жыцьця.
Chris Harvey, Photoxpress

Прафэсар Веслаў Годзіц зьвязаны з Уроцлаўскім ды Кракаўскім унівэрсытэтамі. У апошнім працаваў у Інстытуце аўдыёвізуальных мастацтваў, дзе атрымаў ступень доктара й прафэсара. Сёньня штатны працаўнік у Вышэйшай школе сацыяльнай псыхалёгіі ў Варшаве, дзе займае пасаду прарэктара, адказнага за студэнцкія й дыдактычныя справы.
Стваральнік і галоўны рэдактар навуковага штоквартальніка “Папулярная культура” (выходзіць з 2002 г.). Навуковы рэдактар кніжнай выдавецкай сэрыі “Попкультура й мэдыі”.
Займаецца тэорыяй кіно ды аўдыёвізуальных мэдыяў, сэміётыкай ды рыторыкай мэдыйных тэкстаў. Вёў дасьледваньні мэтафорыкі кіно ў кантэксьце лінгвістычных тэорыяў. У апошнія гады цікавіцца праблематыкай новых мэдыяў, асаблівую ўвагу надаючы тэлебачаньню ды інтэрнэту. Цягам некалькіх гадоў вядзе комплексныя дасьледваньні тэлегледача (між іншага, жанраў польскага ТБ у сьвятле тэорыі ўспрыняцьця) і кантэксту папулярнай культуры.