Прававыя абмежаваньні журналісцкай дзейнасьці ў інтэрнэце й ня толькі

Раз-пораз даводзіцца чуць, што Інтэрнэт знаходзіцца па-за межамі прававога рэгуляваньня і там дазволена амаль усё. Прычым кажуць гэта як прадстаўнікі ўладаў (дадаючы прытым, што нельга ператвараць сусьветнае сеціва ў сьметніцу), так і прыхільнікі абсалютнай вольніцы ў інтэрнэт-прасторы.

Сапраўды, у Беларусі няма пакуль спэцыяльнага нарматыўнага акта, які б рэгуляваў дзейнасьць ў сеціве. Але на “інтэрнэт-дзеячоў” распаўсюджваюцца нормы іншых прававых актаў, а парушэньні ў віртуальнай рэальнасьці і сёньня могуць пацягнуць за сабой рэальнае пакараньне.  

 

Пад дзеяньні якіх прававых актаў можа трапіць той, хто “жыве” ў віртуальнай прасторы?

На тых, хто працуе ў інтэрнэце, распаўсюджваюцца артыкулы Крымінальнага і Грамадзянскага кодэксаў, Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях, законаў аб дзяржаўнай таямніцы, аб аўтарскіх і сумежных правах ды шмат якіх яшчэ актаў заканадаўства. І гэта пацьвярджаецца судовай практыкай. Напрыклад, у 2007 годзе да двух гадоў пазбаўленьня волі быў асуджаны палітык і публіцыст Андрэй Клімаў за публікацыі ў адным з інтэрнэт-рэсурсаў (які, дарэчы, знаходзіўся ня ў зоне by). Гэтая судовая справа – далёка не адзіны прыклад. Да адказнасьці прыцягваліся і за няўдалыя жарты ў Інтэрнэце, і за абразы, і за парушэньні аўтарскіх правоў. На найбольш небясьпечныя артыкулы я і хачу звярнуць вашую ўвагу. 

Нельга прыніжаць гонар і годнасьць чалавека

Артыкулы 28 і 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь вызначаюць, што кожны мае права на абарону ад замахаў на ягоныя гонар і годнасьць, і што карыстаньне  інфармацыяй у гэтых мэтах можа быць абмежаванае заканадаўствам.

У чалавека, які лічыць сябе пакрыўджаным, ёсьць некалькі магчымасьцяў абараніць свае немаёмасныя правы: падаць пазоў ці зьвярнуцца ў праваахоўныя органы з тым, каб яны прыцягнулі вінаватага да крымінальнай ці адміністратыўнай адказнасьці.

У Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь ёсьць ажно 6 артыкулаў, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасьць за абразу ці паклёп: (арт.арт. 188 «Паклёп», 189 «Абраза», 369 «Абраза прадстаўніка ўлады», 367 «Паклёп у дачыненьні да Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь», 368 «Абраза Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь»), 391 («Абраза судзьдзі ці засядальніка”), а таксама арт. 369-1 “Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь”.  Акрамя таго, існуе і адміністратыўная адказнасьць за паклёп ці абразу.

Паклёп - гэта распаўсюд заведама ілжывых выдумак, якія ганьбяць іншую асобу. Гэта значыць, што для кваліфікацыі дзеяньня як паклёп неабходна, каб вінаваты:

а) распаўсюдзіў выдумкі, паведаміў іх каму-небудзь акрамя пацярпелага;

б) гэтыя выдумкі былі ілжывымі;

в) яны ганьбілі пацярпелага;

г) вінаваты ведаў, што ягоныя выдумкі – хлусьлівыя і ганьбяць іншую асобу.

Калі  адсутнічае хоць адзін элемэнт з  гэтай вось “канструкцыі” (гэтак званага  “складу злачынства”), крымінальная адказнасьць немагчымая. Што не выключае іншай адказнасьці.

Пад абразай разумеецца наўмыснае прыніжэньне гонару і годнасьці асобы, выяўленае ў непрыстойнай форме.

У адрозьненьні ад паклёпу, пры абразе не распаўсюджваюцца зьвесткі, якія ганьбяць пацярпелага, а даецца адмоўная ацэнка ягонай асобы, ягоных чалавечых якасьцяў і паводзінаў, прычым у такой форме, якая рэзка супярэчыць прынятым зносінам між людзьмі. І неабавязкова, каб гэтую ацэнку чуў нехта яшчэ, акрамя пацярпелага.

Для кваліфікацыі дзеяньня як абразы неабходна, каб

а) мела месца прыніжэньне гонару і годнасьці;

б) прыніжэньне было наўмысным;

в) яно выяўлялася ў непрыстойнай форме.

Ці  была форма непрыстойнай, кожны раз ацэньваецца асобна, раз-пораз для гэтага прызначаюцца лінгвістычныя экспэртызы, але апошняе слова  застаецца за судом.

Звычайна для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці  за “простыя” паклёп ці абразу (па артыкулах 188, 189) неабходна, каб папярэдне на працягу года да вінаватага прымянялася адміністратыўнае пакараньне за гэтыя парушэньні. Але калі паклёп і абраза ўтрымліваюцца ў друкаваным творы, ці ў творы, які публічна дэманструецца, ці ў сродках масавай інфармацыі, ці прагучалі ў публічным выступе, то крымінальная адказнасьць магчымая і без адміністратыўнай прэюдыцыі, прычым адразу па другім, больш цяжкім пункце артыкулаў. Між іншага, менавіта гэты пункт і пагражае тым, хто распаўсюджвае недакладныя ці абразьлівыя зьвесткі ў інтэрнэце.

Цікава, колькі могуць “даць” за гэтыя парушэньні?

Дык вось, пакараньне за “простыя” паклёп і абразу (паводле п. 2 артыкулаў 188, 189) –  штраф ці папраўчыя работы да двух гадоў, ці арышт (адпаведна да шасьці ці трох месяцаў), ці абмежаваньне волі да трох гадоў. А больш за ўсё “цягнуць” паклёп на прэзыдэнта ці яго абраза: адпаведна да пяці (п.2 арт. 367) ці трох (п.2 арт. 368) гадоў пазбаўленьня волі.

Але не заўсёды прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці за паклёп будзе правамерным нават пры распаўсюдзе ілжывых зьвестак, якія ганьбяць іншую асобу. Калі вінаваты быў упэўнены, што гэтыя зьвесткі дакладныя, гаварыць пра распаўсюд заведамай хлусьні нельга, а значыць, і крымінальнай адказнасьці быць не павінна. Але пацярпелы можа зьвярнуцца ў суд з пазовам аб абароне гонару і годнасьці і кампэнсацыі маральнай шкоды (артыкулы 151-153 Грамадзянскага кодэксу). Дарэчы, падаць такі пазоў ён можа незалежна ад таго, ці прыцягваецца вінаваты да крымінальнай альбо адміністратыўнай адказнасьці.

Якія  галоўныя праблемы судовых  разглядаў справаў  аб абароне гонару і годнасьці? 

1. У такіх справах дзейнічае прэзумпцыя добрапрыстойнасці пазоўніка. Гэта значыць, што яму ня трэба даказваць, што распаўсюджаныя пра яго зьвесткі не адпавядаюць рэчаіснасьці. Наадварот, гэта адказчыку прыйдзецца даказваць іх дакладнасьць. Таму пра доказы трэба клапаціцца загадзя, а не пасьля таго, калі артыкул будзе надрукаваны.

2. У беларускім заканадаўстве, у адрозьненьні ад эўрапейскага падыходу, не праводзіцца размежаваньня паміж зьвесткамі і ацэначнымі меркаваньнямі. Таму на практыцы у судах часам аспрэчваюцца ня звесткі, а суб’ектыўныя меркаваньні (так, у 2007 годзе Мікалай Чаргінец аспрэчыў, між іншага, крытычную ацэнку ягоных літаратурных твораў, і суд зь ім пагадзіўся!) 

Шмат хто з судзьдзяў лічыць крыўду героя публікацыі падставай для  таго, каб вынесьці рашэньне на ягоную карысць. Таму калі вы ведаеце, што ў вашым матэрыяле могуць знайсьціся фармулёўкі, якія кагосьці пакрыўдзяць, падумайце яшчэ раз і парайцеся з дасьведчаным калегам ці юрыстам. Бывае, дастаткова зьмяніць пару словаў без усялякай шкоды для артыкулу – і пагроза адпадае.

3. Памер кампэнсацыі маральнай шкоды нічым не абмежаваны і не залежыць ні ад памеру пошліны, якую заплаціў пазоўнік, ні нават ад ступені віны адказчыкаў (хаця суд і можа прыняць гэта да ведама).  Пры гэтым атрымліваецца, што “таксы” на кампэнсацыю маральнай шкоды ў Беларусі залежаць ад службовага становішча пазоўніка. Вызначэньня “публічная асоба” беларускі суд ня ведае, больш за тое - прымяняе яго з дакладнасьцю наадварот. Гэтак, на карысьць тагачанага кіраўніка Галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта Алега Праляскоўскага у тым жа 2007 годзе суд спагнаў з газэты “Народная воля” і журналісткі Марыны Коктыш 27 мільёнаў рублёў (больш за 12 тысяч даляраў), а на карысьць генэрала і сэнатара Мікалая Чаргінца з газэты “Новы час” і Аляксандра Тамковіча - 51 мільён рублёў (прыкладна 24 тыс. даляраў). Каля 50 тысячаў даляраў (у эквіваленце) у якасці кампэнсацыі маральных стратаў атрымлівалі ў свой час дзяржсакратар Савету бясьпекі Віктар Шэйман і старшыня Дзяржкантролю Анатоль Тозік.

4. Пазовы аб абвяржэньні зьвестак і кампэнсацыі маральнай шкоды ня маюць тэрміну даўніны.  

Памятайце і пра адказнасьць за непавагу да дзяржавы

Вышэй я ўзгадваў пра артыкул 369-1 “Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь”. Па сэнсе гэта амаль тое самае, што паклёп ці абраза, але ў адносінах не да асобы, а да цэлай дзяржавы. Гэты артыкул нагадвае сумнавядомыя артыкулы савецкіх часоў (напрыклад, “Антысавецкая агітацыя і прапаганда”) і, зразумела, ня мае нічога агульнага з цывілізаванымі прававымі нормамі. Але ён існуе, і мы павінны мець яго на ўвазе.

Пад дыскрэдытацыяй Рэспублікі Беларусь разумеецца прадстаўленьне замежнай дзяржаве, замежнай ці міжнароднай арганізацыі заведама ілжывых зьвестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным ці міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, прававым становішчы яе грамадзянаў, якія (не грамадзяне, а зьвесткі – А.Б) дыскрэдытуюць краіну ці яе органы ўлады. Як бачым, пакараць могуць амаль за ўсе нэгатыўныя выказваньні пра Беларусь замежнікам (у тым ліку замежным СМІ ці інтэрнэт-рэсурсам). І адказнасць немаленькая – арышт да шасьці месяцаў ці пазбаўленьне волі да двух гадоў. Але ж адказнасьць магчымая толькі ў выпадку распаўсюду заведама ілжывых зьвестак. Тамму, калі вы ўпэўненыя ў тым, пра што кажаце ці пішаце, калі распаўсюджваеце дакладныя зьвесткі, хай сабе і крытычныя,  адказнасьць пагражаць вам не павінна. 

Калі ўжо існуе адказнасьць за дыскрэдытацыю дзяржавы, то зразумела, што заклікі да захопу ўлады, гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу, парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі тым больш недапушчальныя. Артыкул 361 Крымінальнага кодэксу карае за заклікі да дзеяньняў, якія накіраваныя на шкоду зьнешняй бясьпекі Рэспублікі Беларусь, яе сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасьці і абароназдольнасьці. Публічныя заклікі да гэтага з выкарыстаньнем сродкаў масавай інфармацыі караюцца больш за ўсё: пазбаўленьнем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў. 

Нельга выкарыстоўваць мову нянавісьці, заклікаць да вайны і распаўсюджваць парнаграфію

Пад мовай нянавісьці маюцца на ўвазе словы і выразы, якія падсьвядома ці яўна праграмуюць на агрэсію, у тым ліку ў дачыненьні да людзей іншай нацыянальнасьці, веры і г.д, прыводзяць да распальваньня нацыянальнай, расавай, рэлігійнай варожасьці, прапаганды нацызму і г.д.

У частцы 2 артыкула 20 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах запісана, што ўсялякі выступ на карысьць нацыянальнай, расавай ці рэлігійнай нянавісьці, які прадстаўляе сабой падбухторванне да дыскрымінацыі, варожасьці альбо гвалту, павінны быць забаронены законам. У Беларусі адказнасьць за гэта усталяваная артыкулам 130 Крымінальнага кодэксу. 

Згодна з арт. 20 МПГПП павінна быць забароненая і ўсялякая прапаганда вайны. У беларускім Крымінальным кодэксе прапаганда вайны вызначаецца як распаўсюд у любой форме поглядаў, ідэяў ці заклікаў з мэтай выклікаць агрэсію адной краіны супраць іншай (арт. 123).

Што тычыцца парнаграфіі, дык яна вызначаецца як вульгарна-натуралістычная, цынічная, непрыстойная фіксацыя палавых зносінаў, самамэтавая наўмысная дэманстрацыя большай часткай аголеных геніталій, антыэстэтычных сцэнаў палавога акту, якія не адпавядаюць маральным крытэрыям, абражаюць гонар і годнасьць асобы, ставяць яе на ўзровень праяваў жывёльных інстынктаў. Крымінальная адказнасьць за распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў і прадметаў устаноўленая артыкулам  343 КК.  

Нельга распаўсюджваць канфідэнцыйную інфармацыю

Нельга распаўсюджваць зьвесткі, якія ўтрымліваюць дзяржаўную ці камэрцыйную таямніцу, таямніцу асабістага жыцьця, прафэсійныя  тайны. Да апошніх адносяцца зьвесткі, якія атрымліваюцца ў сувязі з ажыццяўленьнем той ці іншай прафэсійнай  дзейнасці (падатковая, банкаўская, адвакацкая таямніца і г.д.) 

Дзяржаўная  таямніца

У адпаведнасці з арт. 13 закона “Аб дзяржаўных сакрэтах” да іх адносяцца зьвесткі, несанкцыянаваны распаўсюд якіх стварае ці можа стварыць пагрозу нацыянальнай бясьпецы краіны, а таксама канстытуцыйным правам і свабодам грамадзянаў. Зьвесткі, якія ня могуць быць засакрэчаныя, пералічваюцца ў арт. 14. Сярод іх - зьвесткі аб надзвычайных сытуацыях, якія пагражаюць бясьпецы і здароўю грамадзянаў, аб стане навакольля, аховы здароўя, злачыннасьці, фактах парушэньня правоў і свабодаў чалавека, парушэньня законнасьці дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі і г.д. Зразумела, што за выдаваньне дзяржаўнай таямніцы прадугледжаная крымінальная адказнасьць (артыкулы 457 і 373).

Службовая і камэрцыйная таямніца

Службовай і камэрцыйнай таямніцай зьяўляецца інфармацыя, якае мае сапраўдную ці патэнцыйную камэрцыйную каштоўнасьць з-за таго, што яна невядомая трэцім асобам, да яе няма вольнага доступу на законных падставах і яе ўладальнік прымае меры па абароне яе канфідэнцыйнасьці (арт. 140 Грамадзянскага кодэксу). Асобы, якія незаконнымі мэтадамі атрымалі службовую ці камэрцыйную таямніцу ці выдалі яе, абавязаныя кампэнсаваць страты. За наўмыснае выданьне службовай таямніцы прадугледжаныя таксама крымінальная (арт. 375 КК) і адміністратыўная (арт. 22.13) адказнасьць.

Асаблівую ўвагу трэба зьвяртаць  на захоўваньне таямніцы асабістага ці сямейнага  жыцьця

Артыкул 28 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь вызначае, што кожны мае права  на абарону ад незаконнага ўмяшаньня  ў яго асабістае жыцьцё, а артыкул 34 – што карыстаньне інфармацыяй можа быць абмежаванае заканадаўствам у мэтах абароны гонару, годнасьці, асабістага і сямейнага жыцьця і поўнага ажыццяўленьня імі сваіх правоў.

Пра абарону гонару і годнасьці мы ўжо гаварылі, цяпер некалькі словаў пра абарону прыватнага жыцьця.

Дакладнага  пераліку зьвестак, якія адносяцца да таямніцы асабістага ці сямейнага  жыцьця, няма. Гэта могуць быць зьвесткі аб здароўі, сямейных і інтымных звычках, абставінах усынаўленьня, скасаваньня  шлюбу, маёмасным становішчы, крыніцах даходаў і г.д. Але каб гэтыя зьвесткі лічыліся таямніцай асабістага жыцьця, трэба, каб яны:

а) не былі адкрытымі;

б) грамадзянін прымаў захады ў абарону іх канфідэнцыйнасьці;

в) іх выданьне магло прынесьці шкоду правам і законным інтарэсам грамадзяніна.

У законе “Аб ахове здароўя” асобна гаворыцца пра лекарскую таямніцу. Яе згодна з арт. 60 гэтага закона складае  інфармацыя пра факт звароту грамадзяніна па мэдычную дапамогу, пра стан яго здароўя, дыягназ хваробы, вынікі дыягностыкі і лячэньне і г.д. Неабходна падкрэсьліць, што абавязак берагчы лекарскую таямніцу распаўсюджваецца ня толькі на мэдычных работнікаў, але і на іншых асобаў, якім яна стала вядомая. Яны могуць быць прыцягнутыя да адказнасьці па арт. 178 Крымінальнага кодэксу.

Яшчэ таямніцу прыватнага жыцьця абараняюць артыкул 178 КК, які карае за выданьне таямніцы ўсынаўленьня (удачарэньня) супраць  волі ўсынавіцеля ці ўсыноўленага, і артыкул 179, які вызначае крымінальную адказнасьць за незаконныя збіраньне ці распаўсюд зьвестак аб прыватным жыцьці, якія складаюць асабістую ці сямейную таямніцу іншай асобы, безь ягонай згоды, якія пацягнулі за сабой прычыненьне шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелага.  

І апошняе, на чым хацелася б засяродзіць  увагу.

Трэба паважаць аўтарскія і сумежныя правы.

Чамусьці менавіта ў Інтэрнэце яны часта парушаюцца. 

Аўтарскае права распаўсюджваецца на творы навукі, літаратуры  і мастацтва, якія знаходзяцца ў якой-небудзь аб’ектыўнай форме, незалежна ад якасьці гэтых твораў. Галоўнае – каб яны былі вынікам творчай працы. Не зьяўляюцца аб’ектамі аўтарскага права афіцыйныя дакумэнты (законы, судовыя рашэньні і г.д.), а таксама іх афіцыйныя пераклады, дзяржаўныя сымбалі і знакі, творы народнай творчасьці, аўтары якіх невядомыя.

Таксама аўтарскае права не распаўсюджваецца на ідэі, працэсы, сыстэмы і проста інфармацыю. Але твор, у якім гэтая  інфармацыя выкладзеная, можа аўтарскім правам абараняцца. Напрыклад, інфармацыя аб наведваньні якой-небудзь службовай  асобай, напрыклад, Гародні не зьяўляецца аб’ектам аўтарскага права, а вось артыкул, дзе распавядаецца пра гэта – так. Таму перадрукоўка артыкула можа выклікаць нэгатыўная наступствы, а выкарыстаньне інфармацыі пры падрыхтоўцы ўласнага артыкула – не (зразумела, калі гэта сапраўды новы артыкул, а не крыху перапрацаваны чужы).

Артыкул 19 беларускага закону “Аб аўтарскім  праве і сумежных правах” дазваляе ў шэрагу выпадкаў выкарыстоўваць творы бяз згоды аўтара і бяз выплаты аўтарскага ўзнагароджаньня. Сярод  такіх магчымасьцяў: узнаўленьне у газэтах, паведамленьне да агульнага ведама правамерна апублікаваных у газэтах і часопісах артыкулаў, калі гэта не было спэцыяльна забаронена аўтарам. Таму трэба заўсёды цікавіцца, ці няма такой забароны на выкарыстаньне матэрыялаў, ці не патрабуюць атрымліваць дзеля гэтага дазвол і г.д. Калі забаронаў няма, абавязкова трэба ўказваць імя аўтара і крыніцу запазычваньня. Часам патрабуюцца (і заўсёды вітаюцца) гіпэрспасылкі на крыніцы матэрыялаў з іншых інтэрнэт-рэсурсаў.

Самы  распаўсюджаны спосаб абароны аўтарскага права – патрабаваньне кампэнсацыі ў памеры ад 10 до 50 тысячаў базавых велічыняў, а таксама кампэнсацыі маральных стратаў. Акрамя гэтага, цалкам магчыма прыцягнуць парушальніка аўтарскіх правоў да адміністратыўнай (арт. 9.21 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэньнях) і нават крымінальнай адказнасьці (арт. 201 Крымінальнага кодэксу). 

Усе пералічаныя вышэй абмежаваньні зусім не адмяняюць свабоды слова. Яны проста паказваюць межы, за якія заходзіць ня трэба, каб не парушыць правоў іншых людзей. Больш падрабязна на некаторыя закранутыя тут тэмы мы пагаворым, спадзяюся, іншым разам. Як і аб правах і абавязках супрацоўнікаў інтэрнэт-выданьняў, аб правілах паводзінаў у небясьпечных сітуацыях і, наогул, аб прававой бясьпецы журналісцкай дзейнасьці.

Андрэй Бастунец

мэдыя-юрыст, намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі  журналістаў (БАЖ) 

Фотаздымкі

1) Compound Eye

2) Theo Junior

3) Thomas Roche

4) Thomas Hawk

5) Olivia Hotshot

 

 

Creative Commons License
Усе фотаздымкі зьмешчаныя на падставе ліцэнзіі Creative Commons .