Мінюст вынес БАЖ афіцыйнае папярэджаньне

Міністэрства выставіла адразу некалькі прэтэнзій да арганізацыі — датычна сяброўскага пасведчаньня, статусу Цэнтра прававой абароны СМІ і наогул мэтаў і задач БАЖ.

Загад падпісаў 13 студзеня намесьнік міністра Аляксандр Сіманаў. Копія загаду накіраваная Міністэрству інфармацыі.

Па-першае, Мінюст лічыць, што на пасведчаньні ГА «БАЖ» нібыта неправамерна зьмешчаны надпісы «Прэса» і «Press», у той час як БАЖ не зьяўляецца сродкам масавай інфармацыі.

Мінюст спасылаецца на інцыдэнт з затрыманьнем на шклозаводзе «Нёман» журналіста А. Дзянісава, які ў лістападзе 2009 г. «ажыцьцяўляў відэарэпартаж» на тэрыторыі завода, пры гэтым «прадставіўся як журналіст і прад’явіў пасьведчаньне ГА «БАЖ»».

«Такія ж пасьведчаньні выдадзены й іншым членам ГА „БАЖ“», — падкрэсьлівае Мінюст. Міністэрства ўпэўненае, што такім чынам арганізацыя парушыла закон «Аб СМІ», а гэтыя дзеяньні прывялі да «неабгрунтаванага прысваеньня членамі дадзенай арганізацыі паўнамоцтваў журналіста сродку масавай інфармацыі…»

Акрамя таго, Мінюст лічыць, што дзейнасьць Цэнтра прававой абароны СМІ пры ГА «БАЖ» «не прадугледжана статутам» арганізацыі. «Больш за тое, задачы дадзенага фарміраваньня, выкладзеныя ў палажэнні аб ім, выходзяць за межы статутных задач ГА „БАЖ“», — лічыць Мінюст.

«Апрача пералічанага, на сайце зьмешчана інфармацыя аб мэтах дзейнасьці ГА „БАЖ“, якія не адпавядаюць статутным», — заканчвае пералік сваіх прэтэнзій Мінюст.

Міністэрства абавязвае кіраўніцтва БАЖ на працягу месяца забраць усе выдадзеныя раней пасьведчаньні згаданага ўзору і «забясьпечыць… далейшую немагчымасьць карыстаньня імі»; ліквідаваць астатнія «парушэньні» і «выпрацаваць меры, накіраваныя на недапушчэньне ў далейшым парушэньняў патрабаваньняў заканадаўства й статута арганізацыі», а таксама «прадаставіць Міністэрству юстыцыі доказы выкананьня пералічаных вышэй патрабаваньняў».

Папярэджаньне можа быць абскарджана на працягу месяца ў Вярхоўны Суд РБ.

Кіраўнікі БАЖ заяўляюць, што абавязкова будуць абскарджваць папярэджаньне, якое лічаць неабгрунтаваным.

Андрэй Бастунец, намесьнік старшыні ГА «БАЖ»: «Папярэджаньне Міністэрства юстыцыі дастаткова дзіўнае.

Мінюст сам кажа, што БАЖ не зьяўляецца СМІ, і незразумела, як ён можа парушыць у такім выпадку закон „Аб СМІ“. Дарэчы, зацьверджанай формы ўзору пасведчаньня сябра Грамадскага аб’яднаньня не існуе. Якім чынам можна парушыць тыя правілы, якія не зацьверджаныя, мне асабіста незразумела.

Што тычыцца выкарыстаньня слова „прэса“, дык, паўтаруся, закон „Аб СМІ“ не распаўсюджваецца на дзейнасьць БАЖ як грамадскага аб’яднаньня. Па-другое, слова „прэса“ ў самім гэтым законе не згадваецца, акрамя як датычна прэсавых канферэнцый і прэсавых службаў…»

Жанна Літвіна, старшыня ГА «БАЖ»: «У дакумэньце, атрыманым ад Міністэрства юстыцыі, ёсьць і такі сказ: «Апрача пералічанага, на сайце зьмешчана інфармацыя аб мэтах дзейнасьці БАЖ, якія не адпавядаюць статутным»… Якія зь іх не адпавядаюць, якім статутным нормам — адказаў на гэтыя пытанне пакуль няма. І яшчэ: калі БАЖ выдае пасьведчанне сябрам сваёй арганізацыі, то тым самым мы пацьвярджаем, што гэты чалавек зьяўляецца сябрам грамадскага аб’яднаньня не механізатараў, не будаўнікоў, а менавіта журналістаў. Яно сведчыць пра прыналежнасць гэтага чалавека да нашай прафэсіі…»

Андрэй Бастунец: «Што тычыцца Цэнтра прававой абароны СМІ пры БАЖ — гэта структурнае падраздзяленне БАЖ, якое дзейнічае на падставе адпаведнага палажэння. Яго стварэнне прадугледжана статутам БАЖ. Уся інфармацыя пра гэта была накіравана Мінюсту, і дзе менавіта Мінюст знайшоў парушэнні, вельмі цяжка сказаць, бо ў чым канкрэтна дзейнасць Цэнтра выходзіць за межы прадугледжаныя статутам, у папярэджанні не згадваецца.

Я думаю, адказ на гэтыя пытанні мы атрымаем пасля, калі справа дойдзе да Вярхоўнага суда. Я думаю, што мы будзем абскарджваць гэтае папярэджанне».

Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»