Шпаргалка па графіцы 3. Колеры і графічная лінія тэксту

Чарговае падарожжа па асновах графічнага праектаваньня газэтаў базуецца на абмеркаваных раней ейных аспэктах: тыпаграфіі, тэкставых стылях, а таксама сталых элемэнтах, якія мы можам сустрэць на старонках выданьняў. Цяпер мы выправімся ў сьвет колераў, безь якіх нават самы цікавы графічны праект ня будзе поўным.

CMYK-авы калейдаскоп

Адно з галоўных правілаў – гэта разважнасьць і незлоўжываньне палітраю. Падчас стварэньня газэты лепш за ўсё папросту скласьці набор асноўных колераў або спалучэньняў, якія мусяць у ёй зьяўляцца. Калі прытрымлівацца абранай палітры, нязначна мадыфікуючы яе толькі ў выпадку вялікае патрэбы – то гэта вам вельмі спросьціць працу.

Абапіраючыся на візуальных асацыяцыях, можна прывязаць колеры да канкрэтных тэмаў. Зялёны часьцей за ўсё атаясамліваецца з прыродай, экалёгіяй, адпачынкам. Чырвоны – колер крыві, небясьпекі, але таксама: багацьця, захапленьня ці жарсьці. Блакітны зьвязаны са спакоем, апанаваньнем, бізнэсам, крэатыўнасьцю. Колер у газэце мусіць адлюстроўваць эмоцыі, якія спалучаюцца са зьместам матэрыялаў. Гэта вельмі істотнае ўзмацненьне сэнсавага пасланьня.

Колераў ды іх адценьняў вельмі шмат. Аднак у газэтным друку спэктр абмяжоўваецца выключна чатырма колерамі і называецца CMYK (cyan, magenta, yellow, black). Калі газэта правільна падрыхтаваная да друку, значыць ўсе элемэнты падрыхтаваныя менавіта ў CMYK-у. Недасьведчаны графічны дызайнэр вельмі зьдзівіцца, калі пабачыць здымак, дасланы ў друкарню ў RGB – фармаце, створаным для інтэрнэт-праектаў. Тады шэры здымак можа пераўтварыцца ў зялёны! CMYK – гэта не адзіны мажлівы спэктр колераў. Дзякуючы адпаведнай тэхналёгіі, на вокладках газэт мы можам пабачыць, напрыклад, іскрыстыя мэталічныя адценьні. Але іх выкарыстаньне досыць каштоўнае, і ня кожная газэта можа сабе гэта дазволіць.

У выпадку сумневаў адносна выкарыстаньня колераў, лепш за ўсё дзеіць згодна з правілам “чым менш – тым лепш”. У залежнасьці ад характару газэты, у межах аднаго матэрыялу апроч белага й чорнага прысутнічае адзін дадатковы колер. Такога стандарту прытрымліваецца сур’ёзная прэса: эканамічныя, грамадскія, юрыдычныя газэты й часопісы. Некалькі дадатковых колераў зьяўляецца ў жаночай ды моладзевай прэсе.

Колеры графічных элемэнтаў часта адносяцца да выкарыстанага ў матэрыяле здымка: чэрпаюць ягоныя гамы альбо намагаюцца стварыць кантраст. Шмат залежыць ад эстэтычнага пачуцьця дызайнэра. Калі ёсьць адчуваньне, што матэрыял мусіць мець болей колераў, варта (замест піханьня ў адзін абзац адразу трох) падумаць пра падборку каляровага здымка ці ілюстрацыі.

Наш прыклад экалягічнага матэрыялу набывае эка-характар дзякуючы адпаведным фотаздымкам, а не ўжываньню дадатковых колераў у тэксьце. Дзякуючы простасьці праекту макета яна мае вельмі шырокія, універсальныя спосабы выкарыстаньня. І таму пры ўжыцьці невялікіх сродкаў (такіх як здымак ці ілюстрацыя) матэрыял зьмяняе свой выгляд, быццам хамэлеон.

Газэта трымае лінію!

Пасьля спраектаваньня асноўнага шыхта (анг. layout) можна падумаць пра стварэньне простага макету. Дзякуючы ўмеламу выкарыстаньню і падборцы шрыфтаў (альбо вялікай сям’і аднаго шрыфту), ведаючы ўсе патрэбныя складнікі, якія мусяць зьявіцца ў газэце, а таксама маючы пачуцьцё колеру, можна брацца за працу над праектам. Трэба памятаць пра тое, што чытач прывязваецца да выгляду газэты (як і пра тое, што гэты выгляд праз пэўны час яму надакучвае), і зьмены формы лэяўта штонумар хутка яго адвабіць. Таму нават просты макет павінен мець пэўныя адзіныя прынцыпы, з дапамогай якіх можна стварыць выразную “лінію” газэты. Гэты тэрмін пераклікаецца з эканамічнымі і маркетынгавымі азначэньнямі. Прасьцей за ўсё яго можна патлумачыць як брэнд, марку або вобраз дадзенай газэты. Часам вельмі простыя рашэньні могуць аказацца настолькі характэрнымі, што кожны адразу будзе пазнаваць вашую газэту. Мала хто мае сумневы ў тым, які штодзёньнік мае жоўтыя ці зялёныя старонкі ды які яны ўтрымліваюць зьмест. Як бачна, часам нават невялікія на першы погляд зьмены маюць вельмі істотнае значэньне.

Варта падумаць падумаць пра стварэньне арыгінальнага – і адначасна згоднага з актуальнымі трэндамі праекту. Чым большая адмысловасьць ды практычнасьць праекту, тым лепшае ўспрыманьне й папулярнасьць сярод чытачоў. Аднак трэба памятаць пра тое, што ў газэтнай графіцы ня менш за крэатыўнасьць пасьлядоўнасьць і карысьць. Навошта нам нават самы геніяльны праект, калі ён будзе для людзей нечытабельны?

Таму вельмі важна таксама дбаць пра сталыя элемэнты ды прытрымлівацца тыпаграфічных правілаў. Высілкі, прысьвечаныя грунтоўнаму засвойваньню асноваў праектаваньня даюць плён у выглядзе цікавых і каштоўных праектаў, якія здабудуць прызнаньне ня толькі вузкага асяродзьдзя адмыслоўцаў, але і шырокага кола чытачоў. У сваю чаргу веды, заснаваныя на спробах стварыць нешта адмысловае, ёсць вялікім крокам ла чарговай ступені прафэсійнасьці. Бо, як часта кажуць сярод адмыслоўцаў: трэба добра засвоіць правілы, каб умець іх парушаць.

Дарота Цыбульска,

газэтны графік. Працуе ў выдавецтве Axel Springer Polska

Гэты тэкст разьмешчаны на правах ліцэнзіі Creative Commons

Фота:

Auntie P., зьмешчана на падставе ліцэнзіі Creative Commons