MAM у сетцы

Не заўжды газэты й часопісы выглядалі так, як сёньня. Народзіны прэсы – гэта выданьні з мноствам старонак зь вялікаю колькасьцю словаў ды гучнымі назвамі. Ілюстрацыі там былі рэдкасьцю. І толькі эпоха кіно, тэлебачаньня ды кампутараў зрабіла так, што сёньня мы засвойваем інфармацыю зусім іншым чынам. Каб нашае вока даўжэй цікавілася нейкім зьместам, трэба яго прыцягнуць чымсьці прывабным. Таму побач з тэкстам мы маем здымкі, табліцы, інфармацыйную графіку. Але нягледзячы на гэтыя зьмены, самым істотным элемэнтам падчас графічнага афармленьня газэт усьцяж застаюцца словы. І менавіта зь іх мы пачнем падарожжа па сьвеце друкаванай графікі.
Літара – гэта цаглінка, зь якой пабудаваны кожны тэкст. Ейны кшталт ёсьць вынікам мастацкай задумы стваральніка шрыфту. Шрыфтоў і стыляў безьліч. Але выбраць адпаведныя ня так проста. Некаторыя падаюцца паміж сабою вельмі падобнымі. Аднак, выкарыстаныя на старонцы розным чынам, яны пачынаюць выконваць розныя ролі.

Кожная літара ў газэце – гэта спраектаваны твор, упісаны ў базавыя лініі і геамэтрычныя разьлікі. Таксама можна апісаць характэрыстыкі літар. Верхні акцэнт – гэта частка, якая высоўваецца па-над стандартнаю вышынёй малой літары. Ніжні – частка высунутая ніжэй гэтай вышыні. Базавая лінія – гэта нябачны грунт для словаў, на якім яны пастаўленыя. Стандартная вышыня малой літары праходзіць праз сярэдзіну поля, вызначанага верхнім і ніжнім акцэнтамі. У шэрыфных шрыфтах ёсьць “шэрыфы” – тобок дадатковыя рыскі па краёх літары. Навошта ведаць усе гэтыя нялёгкія паняткі? Дзякуючы гэтым ведам праектаваньне нават самых простых газэт становіцца больш сьвядомым, а вынік – лепшым. Гэтыя веды схіляюць да дбайнасьці пра кожную дробязь, што ў выніку дае газэце яшчэ большую графічную дасканаласьць.

Тэрміналёгія, якая тычыцца літараў (шрыфтоў) вельмі багатая. Адзін з падставовых паняткаў – гэта ступень, інкаш кажучы вымяральны ў пунктах памер літар. Аднак ня ўсе шрыфты захоўваюць тыя самыя памеры пры дадзенай ступені. Калі словы выступаюць асобна, адлегласьць паміж радкамі тэксту неістотная. Калі ж мы маем справу з шматабзацным тэкстам, важным пачынае быць панятак інтэрвалу паміж радкамі. Інтэрвал – гэта адлегласьць паміж базавымі лініямі суседніх радкоў. Літары з суседніх радкоў могуць наяжджаць адна на адну – альбо быць вельмі адлеглымі адна ад адной. Усё залежыць ад задумы дызайнэра. Маніпуляцыя адлегласьцю паміж літарамі можна назваць “кэрнінгам” ці “трэкінгам”. Гэта чароўны спосаб сьціснуць тэкст (зьменшыць адлегласьць паміж літарамі), і дзякуючы гэтаму на палосах зьяўляецца дадатковае месца. А шчасьлівы рэдактар ня мусіць яго скарачаць.
Бывае так, што ў тэксьце павялічваюць адлегласьць паміж літарамі, бо ў адваротным выпадку ён страціць сваю чытабельнасьць: замест таго, каб вабіць, будзе напружваць вока чытача. Варта памятаць, што літара – гэта падставовы тэкставы элемэнт. Разам з тым яна застаецца й падставовым элемэнтам графікі. З гэтага гледзішча (з дапамогаю графічных забаваў) са словаў можна ствараць цэлыя карціны, як у выпадку мастацтва графіці.
Ведаючы элемэнтарныя паняткі можна пачаць ствараць просты макет (інакш “мастэр”), які ёсьць падставовым шаблёнам для далейшых працаў над газэтай. Першая рэч, якую чытач заўважае на старонцы – гэта загаловак, а пасьля яго – лід (інакш: уступ). Толькі прачытаўшы зьмешчаную ў іх інфармацыю, чытач прыступае да чытаньня тэксту. Таму кожны дызайнэр газэты павінен паклапаціцца, каб тэкст “чытаўся” у правільнай чарговасьці. Калі назва надта малая і не прыцягвае зрок, чытач будзе пачуваць разгубленасьць і будзе любым коштам намагацца знайсьці на старонцы нейкую кропку апоры. Калі яна хутка ня знойдзецца, то ён можа страціць цікаўнасьць і перагарнуць старонку. А ў гэтым ужо не зацікаўленая рэдакцыя. Мы мусім заахвоціць да чытаньня, зьвярнуць, прыкаваць ягоную ўвагу. У добра спраектаваным макеце мусіць знайсьціся месца й для іншых “прыцягальнікаў” увагі – падзагалоўкаў. Яны пажаданыя ўжо ў аднакалёнкавых матэрыялах.
Праектуючы назвы для газэтных палосаў і калёнак, трэба старанна прадумаць падборку і выкарыстаньне шрыфтоў. Ва ўсім выданьні яны павінныя быць аднолькавымі, каб чытач ня меў уражаньня, што чытае старонкі з 5-ці розных газэт. Шрыфты трэба выбіраць унівэрсальныя, але таксама адэкватныя да тэматыкі выданьня (напр. рэтра-шрыфт можа быць зьвязаны з гістарычнаю тэматыкай). Лід не павінен уваходзіць у асаблівы кантраст з загалоўкам, а хучэй мусіць яго дапаўняць. Падобную ролю мусяць выконваць падзагалоўкі. Вельмі важна выкарыстоўваць ва ўсім праекце макеты з абмежаванаю колькасьцю блізкіх па выглядзе шрыфтоў (папр. клясычны ды культавы Helvetica). Гэта спрыяе захаваньню на старонках газэты парадку ды дазваляе пазьбегнуць зрокавай “кашы”. Падборка шрыфта для асноўнага тэксту (“bodytext”) ня менш важная. Ад яго залежыць, якая колькасьць знакаў зьмесьціцца на паласе, запоўненай тэкстам.
Для чытача можа быць праблематычным успрыняцьцё тонкага шрыфту, які яшчэ няблага выглядае ў кароткіх тэкстах (напр. вельмі тонкі ў стылі Thin), але ў асноўным тэксьце (у “bodytext”) будзе выглядаць амаль як шэраг рысак. Іх не атрымаецца прачытаць без перапынкаў пасьля кожнага абзацу, а пасьля другога такога перапынку, паверце мне, чытач адмовіцца ад працягу. У асноўным тэксьце надзвычай важная таксама наладка адпаведнага падзелу словаў (анг. – hyphenation). Прадуманая наладка падзелу вызваліць рэдактара ад клопатаў са словамі, што пераскокваюць з калёнкі ў калёнку. У залежнасьці ад характару газэты і матэрыялу зьмест “bodytext” можна выраўняць так, як у штодзёньніках, часопісах – па левым краі. Варта праглядаць іншыя газэты й часопісы. Гэта скарбонка графічных ідэяў, а таксама добры ўрок стандартаў.
Праектуючы макет газэты й працуючы над яе графічыным выглядам трэба зважаць на мноства непісаных правілаў. Іх мэта – захаваць тыпаграфічны лад. Цяжка яго захаваць, калі палосы кішаць “байструкамі”. Іх скідваньне палягае ў пераносе ўсіх адна- і дзвюхлітарных выразаў на наступны радок. Цікава, што нягледзячы на тое, што ўсе пра гэтыя правілы ведаюць, нават дасьведчаныя рэдактары ды ветэраны газэтнай графікі прызнаюцца ў падобных памылках, а ў большасьці газэтаў знойдзецца хоць адно завісшае напрыканцы радка “што”.
Суседнія радкі тэксту мусяць мець набліжаныя параметры трэкінгу. Не найлепш выглядае тэкст, калі ў адной калёнцы так цесна, што літары лезуць адна на адну, а ў наступнай шмат пустой прасторы.
Калі суседнія калёнкі пачынаюцца альбо скончваюцца на той самай вышыні, то яны мусяць мець верхнія, альбо ніжнія базавыя лініі на тым самым узроўні. Тэкст, у якім калёнкі “танчаць”, выглядае як неадпаведна спраектаваны.
У праектаваньні палосаў важнае таксама адпаведнае выкарыстоўваньне прасторы. Гэта трэба рабіць пасьлядоўна ва ўсёй газэце. Пакіданьне пустой калёнкі напрыканцы тэксту можа пакінуць у чытача пытаньне: ці нехта напэўна скончыў свой артыкул?
Добрая парада для маладых газэтных графікаў – гэта правіла “усюды або нідзе”. Яно тычыцца прысутнасьці наяўных у газэце элемэнтаў, такіх як напр. падзагалоўкі ды абзацы. Калі яны зьяўляюцца ў газэце выпадкова, паўстае пытаньне: ці сапраўды творца прадумаў свой праект?
Падчас першых крокаў у праектаваньні газэтаў (напр. мультымаў) падаецца, што гэта занятак, які кіруецца зборам амаль вайсковых правілаў. Але пасьля засваеньня, гэтыя правілы становяцца нічым больш, як толькі важнымі элемэнтамі, складнікамі праекту. Веданьне іх падвышае ягоную эстэтычную каштоўнасьць.
газэтны графік. Працуе ў выдавецтве Axel Springer Polska
Гэты тэкст разьмешчаны на правах ліцэнзіі Creative Commons