Рэпартаж – як пачаць?

Я ня ведаю, як пачаць – я ведаю, як пачынаў. Чаму перад Вамі разумнічаю? Чаму кажу, што ведаю, калі да канца ня ведаю. Адзінай нагодай ёсьць факт, што я ўжо больш як 30 гадоў займаюся рэпартажам і ўтрымліваю дзякуючы гэтай працы сям’ю (2+2). Я люблю сваю прафэсію, і ніколі тое, што я раблю, мне не надакучыла. Зусім наадварот: я маю пачуцьцё шляху, якім іду ды пачуцьцё ўнутранага разьвіцьця. Чым далей, тым цікавей. Мяне вабяць пошукі ды экспэрымэнты. Цікавяць новыя магчымасьці рэпартажу – рэпартаж, якога яшчэ не было.

Перад Вамі стаіць выклік

Калі мы пачынаем нешта новае й важнае, то варта ўсьвядоміць, ува што мы ўвязьваемся, якія распасьціраюцца пэрспэктывы, якімі будуць наступствы нашых рашэньняў? Чаму мы хочам напісаць рэпартаж? Чаму хочам быць рэпартэрамі? Чаму гэта насамрэч нас цікавіць? Большасьць людзей мяркуе, што ведае, што іх цікавіць – што гэта відавочна. Часьцей за ўсё гэта няпраўда. Патрэбная даоўгая, цяжкая праца дзеля таго, каб усьвядоміць уласныя (прафэсійныя) схільнасьці, зацікаўленьні, адкрыць уласнае пакліканьне. Вы стаіце якраз перад такім шанцам. Калі паставіцеся да гэтай спробы сур’ёзна, калі пойдзеце да канца, калі пакладзецеся на гэтую хвалю і дазволіце, каб яна вас несла. Аднак спачатку вызначым поле паразуменьня, азначэньне, падставу нашых разважаньняў. Прапаную (для дыскусіі) цьверджаньне, што рэпартаж гэта ні што іншае, як расповед пра факты, якія сапраўды мелі месца й зьяўляюцца важнымі для нейкай супольнасьці людзей. На пачатак гэтага хопіць.

Тэма – пішам пра штосьці, што істотна

Чаму я хачу напісаць рэпартаж? Непасрэдным імпульсам да рэпартажу ёсьць жаданьне ўзмацніць свае ўражаньні праз пераказаньне іх іншым. Таму мы павінныя адчуваць ахвоту пра нешта распавесьці, распавесьці пра штосьці, што для нас саміх зьяўляецца вельмі важным. Менавіта перакананьне, уласнае меркаваньне, аўтарскі пункт гледжаньня пачынае працу над рэпартажам. Ці маеце вы такі аўтарскі пункт гледжаньня наконт сваёй рэдакцыі? Тэма нараджаецца тады, калі мы знаходзім НЕШТА: чалавека (рэпартаж пра чалавека) – падзею (рэпартаж пра падзею) – зьяву (рэпартаж пра справу, праблему, асяродзьдзе). Што вы знайшлі? Які від рэпартажу выбралі? Тэму можна знайсьці і прапанаваць самастойна, або яе могуць задаць, навязаць. Калі мы хочам быць рэпартэрамі, то мусім быць да гэтага падрыхтаванымі. Калі мы ўжо маем тэму, аўтарскае да яе стаўленьне й выбралі жанр рэпартажу, то варта прыгадаць крытэры добрай тэмы для рэпартажу:

  1. Для якой колькасьці асобаў гэтая тэма важная й што зрабіць, каб яна сталася важнай для як мага большай групы людзей. Як мы гэтую групу вызначаем? Што пра яе ведаем?
  2. Ц маем хоць адну сцэну, інфармацыю, зьвестку ці лічбу, якая ёсьць выключнай, унікальнай, абсалютна арыгінальнай. Часам з-за адной сцэны варта распавесьці ўсё астатняе.
  3. Ці ведаем, як гэта распавесьці? Ці маем ідэю? Тэма гэта адно, а спосаб расповеду – другое. Кожную гісторыю трэба распавядаць мовай, якая зь ёй біялягічна зрастаецца. Аповесьцяў пра гангстэраў было тысячы, але ніхто не распавёў пра іх, як пра сям’ю. І вось гэта зрабіў Ф. Копала у “Хросным бацьку”.

Для рэалізацыі тэмы патрэбная ідэя

Ці вы ўжо маеце ідэю для расповеду пра вашую рэдакцыю? Калі так, то час выбраць форму сваёй прысутнасьці ў здарэньні, якое апісваеце. Кшыштаф Канкалеўскі кажа пра гэта наступнае:

  1. Вы можаце перадаць факты на аснове расповедаў сьведкаў і дакумэнтаў. Тут мы маем справу з поўнай незалежнасьцю матэрыялу, то бок факту ад аўтара.
  2. Вы можаце прысутнічаць у падзеі: напрыклад, беручы ўдзел у поўным эмоцыяў рэдакцыйным сходзе, на якім было прынятае рашэньне аб закрыцьці выданьня – і з гэтага зрабіць галоўны козыр свайго рэпартажу. Вы прымаеце тут ролю пасіўнага сьведкі, відавочцы, назіральніка.
  3. Вы можаце ўзяць актыўны ўдзел у высакагорнай выправе, выконваючы ролю фотарэпартэра. Гэта будзе так званае актыўнае назіраньне.
  4. Урэсьце вы можаце справакаваць нейкае здарэньне – толькі дзеля таго, каб пазьней яго апісаць. Тут сьвядома ствараецца матэрыял, якім ёсьць жыцьцё. Амэрыканскі рэпартэр Дж. Грыфін з дапамогаю кварцавай лямпы й хімічных сродкаў памяняў колер скуры на чорны й у якасьці мурына адправіўся ў падарожжа па расісцкіх штатах ЗША. Рэпартэр стаўся галоўным героем свайго рэпартажу.

Выбар формы ўдзелу належыць Вам. Ён залежыць ад асобы, характару, тэмпэрамэнту. Тут нічога параіць не магу.

Зьбярыце матэрыялы й наперад

Калі папярэднія этапы падрыхтоўкі мы ўжо прайшлі, падыходзім да галоўнага: да этапу збору матэрыялаў. “Як гэта? – скажаце вы. Мы ж ведаем уласную рэдакцыю, што тут зьбіраць? Дастаткова сесьці й напісаць”. Паверце, што няма нічога больш памылковага. Вы мусіце любым коштам знайсьці дыстанцыю да таго, што вы ўжо ведаеце. Мусіце зірнуць на рэдакцыю й на саміх сябе як на тэму й адмыслова сабраць да шэтай тэмы матэрыял, то бок правесьці інтэрвью, сабраць дакумэнты, зрабіць фотаздымкі. Варта таксама на пачатку задумацца, чым насамрэч ёсьць рэдакцыя? Хто зьяўляецца вашым героем? Рэдакцыя – гэта заўжды нейкая супольнасьць. Якая? Рэпартаж – гэта культ дробязі, канкрэтнай дэталі – гэта вера ў тое, што праз гэтую дробязь мы пакажам увесь сьвет, створым буйную мэтафару. Памятайце, што чым бліжэй да дэталі, тым бліжэй да праўды. Маеце такую дэталь? Адна справа сюжэт, а іншая – што вы гэтым сюжэтам хочаце сказаць. Усьведамляеце розьніцу паміж гэтымі дзьвюма функцыямі тэксту? Калі вырашыце, што матэрыял ужо сабраны, то пішыце. Пішыце на хвалі эмоцыяў, пішыце так, як пішуцца лісты да сябра. Пішыце не цураючыся сьмелых і вострых словаў. Якраз тады пішацца хутка й часьцей за ўсё дакладна. Потым адкладзіце тэкст на 2-3 дні й прачытайце яшчэ раз, лепш за ўсё ўголас. Усе перабольшаньні й фальш выйдуць тады наверх, і вы можаце іх прыбраць. Цяпер “шліфуем”, “выціскаем” тэкст. Канструкцыя, драматургія? Канструкцыя – гэта нічога больш, як толькі пабудова, а драматургія – гэта напружаньне паміж элемэнтамі кампазыцыі. І яшчэ адно напрыканцы. Кожныя паўстаронкі мусіць зьяўляцца: “і раптам”. Калі няма “і раптам” – дрэнна, бо ў жыцьці увесь час зьяўляецца “і раптам”. А рэпартаж – гэта суцэльнае жыцьцё.

Марэк Мільлер

Журналіст-ідэаліст. Экспэрымэнтатар, рызыкант і прадракальнік. Стваральнік Лябараторыі рэпартажу – школы практычнай журналістыкі пры Інстытуце журналістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту. Сваіх студэнтаў пераконвае ў тым, што ў журналістыцы самая галоўная – дэталь. Пісьменьнік і сцэнарыст. Аўтар кнігаў: “Рэпартэраў спосаб жыцьця”, “Хто ўпусьціў сюды журналістаў?”, “Арыстакратыі” ды іншых. Сябра Польскай кінаакадэміі.

Гэты тэкст разьмешчаны на правах ліцэнзіі Creative Commons

Фота:

 

Dariusz Kopestynski