NEWSpaper, VIEWSpaper і проста paper

Мне не падабаецца прыпісаны Аляксандру Лукашэнку падзел беларускіх журналістаў  на "чэсных" і "нячэсных", хаця я разумею  многіх супрацоўнікаў недзяржаўных СМІ, якія з гонарам называюць сябе "нячэснымі". На мой погляд, гэта штучны падзел па прыналежнасьці мэдыяў, за якім рэальна хаваецца падзел на журналістаў і прадстаўнікоў іншых прафэсіяў -- PR, прапаганда, агітацыя. 

Спрадвеку суіснавалі і канкуравалі дзьве тэндэнцыі ў журналістыцы, якія ўмоўна можна падзяліць на факты і прыгожае пісьменства, на навіны (адкуль пайшла ангельскамоўная назва газэты NEWSpaper) і погляды (ад point of view => VIEWSpaper). Можна спрачацца, што было раней, а што пазьней, але - на стале мусяць быць розныя стравы і прысмакі... І без публіцыстыкі, “падобнай на гарчыцу”, журналістыка пераўтворылася б у дыетычную сталоўку1.  

Разам з тым  несумненна, што роля журналістаў, іх пакліканьне час ад часу зьмяняліся. Колішняя кіраўніца амэрыканскай праграмы дапамогі прафэсійным мэдыям IREX/ProMedia ў Беларусі Джын МакКензі ў 2000 г. адзначала, што беларускія СМІ – гэта, у асноўным, не крыніца інфармацыі, а форумы для прапаганды таго ці іншага пункту гледжаньня. Мэдыя-экспэртка знайшла прынцыповае адрозьненьне "нашай" і "іхнай" журналістыкі нават у тлумачальных слоўніках: у нас гэта "літаратурна-публіцыстычны жанр", у той час як на Захадзе -- "збор і распаўсюд інфармацыі"2. 

Такім чынам, у  нас дамінуе VIEWSpaper, а на Захадзе -- NEWSpaper, хаця раней журналістыка ва ўсім сьвеце хутчэй належыла да літаратуры. Бо, як піша Джын МакКензі, "калі газэта даходзіць да чытача праз тры месяцы пасьля яе выхаду ў сьвет з-за кепскіх дарогаў, то які сэнс паведамляць пра апошнія падзеі, лепш красамоўна пракамэнтаваць тое, пра што ўжо ўсе ведаюць"3. 

Так заходняя экспэртка тлумачыла тэндэнцыю ў постсавецкай пэрыёдыцы, дзе кожны  аўтар памятаў выраз, што "поэт в России -- больше, чем поэт" і  імкнуўся давесьці чытачу сваё меркаваньне па найбольш балючых пытаньнях сучаснасьці, але не хацеў быць рэпартэрам, які ганяецца за навінамі і зьбірае факты.  

Але ёсьць і іншы погляд на гэтую праблему. Мы перажываем вельмі імклівыя пераўтварэньні ад таталітарнай савецкай дзяржавы да нейкага іншага стану, бо незалежная беларуская дзяржава хоць і мае дэфіцыт дэмакратыі і відавочныя аўтарытарныя тэндэнцыі, ўсё ж татальна не вынішчае іншадумства (у адрозьненьне ад  савецкіх турмаў і псыхушак, яна хутчэй робіць жыцьцё носьбітаў альтэрнатыўнай думкі проста ня вельмі камфортным). Але грамадзтва мае відавочны раскол на прыхільнікаў кіроўнага рэжыму і яго апанэнтаў. Існаваньне такога падзелу вядзе да барыкаднага мысьленьня і выбару -- быць "патрыётам" (варыянт: "рэвалюцыянэрам") або прафэсійным журналістам. 

Зрэшты, гэта хвароба  любога грамадзтва, якое перажывае нейкі канфлікт. У 2007 г. тагачасны брытанскі прэм'ер-міністр Тоні Блэр папракаў брытанскую ж прэсу за крытыку пазыцыі афіцыйнага Лёндану  па вайне ў Іраку, казаў, што яны  пераўтварыліся з NEWSpaper у VIEWSpaper. Але, напрыклад, выдавец лёнданскай The Independent Энтані O'Рэйлі, наадварот, быў задаволены: "Я думаю, што асноватворнае пытаньне ў тым, што мы былі першымі і найбольш стойкімі крытыкамі вайны ў Іраку. Я прыняў гэта як камплімэнт, бо мы "viewspaper". Навіны цяпер настолькі імгненныя, што аналіз падзеяў у сьвеце мае значна большае значэньне для сілкаваньня розуму. Навіны можна не пісаць, бо ёсьць тэлебачаньне і Інтэрнэт"4. 

Тут выдавец заходняй газэты паказаў новы выклік традыцыйным СМІ: газэты мусяць зрабіць крок ад простай канстатацыі фактаў да нейкай новай якасьці, бо ва ўсясьветным сеціве яны наўпрост канкуруюць з інфармацыйнымі агенцыямі па хуткасьці падачы навінаў.  

 

Ці  трэба “друкаваць інтэрнэт”? 

"Самае позьняе праз 10 хвілін пасьля зьяўленьня першага паведамленьня (гутарка ідзе пра сэнсацыйную навіну, што сарвалася зьдзелка па аб'яднаньні двух буйных нямецкіх банкаў, -- П.Б.), мы аддалі яго ў Інтэрнэт", -- гаворыць рэдактар інтэрнэт-рэдакцыі AFP Андрэас Гаржэўскі5. 

"Чытач, як  ніколі яшчэ раней, быў блізкі  да падзеяў", -- кажа ягоны шэф  Міхель Крэмер. Кожная інтэрнэт-газэта, кожны больш-менш сур'ёзны партал  у Інтэрнэце, кшталту Yahoo або  Tnline прапануюць увазе карыстальнікаў  стужку з паведамленьнямі інфармацыйных агенцыяў. "Тут усё адбываецца імкліва", -- камэнтуе развіцьцё сытуацыі выканаўчы дырэктар DPA Вальтэр Рыхберг6. 

Заўважце, што агенцыі навінаў цяпер зьвяртаюцца да чытача наўпрост, хоць журналісты традыцыйных СМІ яшчэ не пазбыліся звычкі, што інфармацыйныя агенцыі ствараюць паўфабрыкат для рэдакцыяў газет, радыё і тэлебачаньня. Калі нехта мяркуе, што зьмена ланцужка распаўсюду інфармацыі яшчэ не актуальная для Беларусі, то мушу расчараваць: доступ да Інтэрнэту ў Беларусі робіцца ўсё больш шырокім, фактычна ўсе беларускія інфармацыйныя агенцыі выкладаюць у сеціва свае асноўныя навіны. 

Сучасны сьвет рухаецца ў кірунку глябальнай інфармацыйнай супольнасьці. Інфармацыйная рэвалюцыя закранае ня толькі эканоміку, але і сацыяльныя зносіны, палітыку, культуру, камунікацыі. Інтэрнэт прымушае нават дыктатуру прыладжвацца да ўмоваў інфармацыйнай супольнасьці -- ужо немагчыма ізаляваць інфармацыю, ва ўсялякім разе ад эліты7.  

Такім чынам, беларуская прэса, якая яшчэ не пасьпела за кароткі  пэрыяд галоснасьці  пачатку 90-х канчаткова выйсьці з савецкага шынялю "калектыўнага прапагандыста і агітатара", зноў губляе матывацыю пісаць навіны і мае інтэнцыю да вяртаньня ў знаёмы стан VIEWSpaper. 

Сапраўды, навошта пісаць навіны, калі газэта выходзіць нават не штодня, а раз на тыдзень (між іншым, у такой сытуацыі большасьць недзяржаўных газэт)? Падобна, што чытач чакае ад іх ня столькі навінаў, колькі выкладаньня і абагульненьня фактаў, іх аналізу.  

Значная частка журналістаў ператварылася ў прафэсійных кампілятараў. Ці сілкуе гэта кампіляцыя розум? Чытач таксама можа наведваць сайты агрэгатараў навінаў, або чытаць іх у RSS-стужцы. "Друкаваць Інтэрнэт" пакуль яшчэ можна, але кліентура такой паслугі імкліва скарачаецца. Я не здзіўлюся, калі заўтра навіны будуць чытаць выключна ў мабільніках і PDA, тэлебачаньне будзе выйграваць за кошт больш простага і таннага доступу да відэатрансьляцыі зь месца падзеяў, а радыё, акрамя музыкі, будзе даваць толькі зьвесткі пра коркі на дарогах. 

Канечне, я утрырую, але ўжо сёньня відавочна, што прэса мусіць даваць не сырыя навіны, а нейкі прадукт на іх аснове -- аналіз ці публіцыстыку.  

 

Дзе месца публіцыстаў? 

У заходніх мэдыях ёсьць калёнкі меркаваньняў, якія выразна адрозьніваюцца ад месцаў, дзе выкладаюцца факты. Такой  мяжы няма ў беларускіх СМІ. Узорам журналіста памылкова ўспрымаецца камэнтатар навінаў, а прычына гэтаму - адсутнасьць у Беларусі традыцыі рэпартэрства, запатрабаванасьць гэтай спэцыялізацыі выключна ў інфармацыйных агенцыях і толькі ў некаторых мясцовых СМІ.  

Памятаеце прыпавесьць пра сем сьляпых разумнікаў, якія сумленна абмацалі прапанаваны аб'ект (слана) і зрабілі выснову, што перад імі і слуп, і шланг, і яшчэ невядома што? Зь нечым падобным мы сутыкаемся штодня, калі апісваем падзеі. Па сабе ведаю, як цяжка пазьбегнуць ацэнкавых меркаваньняў, якія робяцца для спрашчэньня карціны. Значна прасьцей напісаць, што нехта зьдзейсьніў самагубства, замест доўгага апавяданьня пра знойдзены труп і пра падазрэньні сьледства пра самагубства. 

Пры напісаньні матэрыялу неабходна правесьці мяжу паміж тым, чаму мы сапраўды былі сьведкамі, тым, што нам распавялі іншыя, і тым, пра што мы здагадваемся пры абагульненьні даступнай інфармацыі. Няварта таксама рабіць пасьпешлівыя высновы. Разумнікі, якія дасьледавалі слана, гаварылі толькі пра тое, што здолелі вывучыць асабіста, і ў гэтым мелі рацыю. Але калі яны рабілі выснову на падставе толькі аднаго вывучанага імі фрагмэнту, то тут яны рацыю згубілі.  

У журналісцкай практыцы такія выпадкі таксама сустракаюцца, прычым часам памылку робіць нават не аўтар, а той, пра каго ён піша8. А журналіст не заўсёды бачыць мяжу паміж меркаваньнямі аб'екту сваёй працы і сваімі высновамі. Няўжо цяжка напісаць, што гэтакі і гэтакі экспэрт лічыць вось так і так? 

Публіцыстам быць прыемна -- ягоныя тэксты запамінаюцца, яго пазнаюць чытачы, абмяркоўваюць калегі. Вось толькі для гэтага трэба мець талент. Пра гэта шмат і вельмі супярэчліва напісана, але мне падабаецца выснова аднаго з класікаў сучаснай расійскай журналістыкі Валер’я Аграноўскага: "у журналістыку трэба ісьці ў адпаведнасьці з пакліканьнем, якое ёсьць дзіцем таленту, як слушна і тое, што адных прыродных здольнасцяў мала: камень, як яго не шліфуй, алмазам ня зробіцца, але і неагранены дыямэнт таксама пазбаўлены бляску"9

Ніхто не спрачаецца, што літаратару трэба мець талент (праўда ў кнігарнях лёгка знайсьці макулатуру ад тых, хто пераацаніў свае здольнасьці). Але вось тое, што журналіст па вызначэньні зьяўляецца дылетантам і сам мусіць зьвяртацца да экспэртаў -- гэта даводзіцца зноў і зноў даказваць. Не адчуваючы мяжы сваёй кампэтэнцыі, многія, асабліва журналісты-пачаткоўцы, робяцца падобнымі на хлопчыка, які спрабуе бараніць курку, якую так нахабна топча гэты злосны певень! 

Але пры спэцыялізацыі на нейкай тэматыцы да журналіста-аглядальніка прыходзіць і пэўная кампэтэнцыя. Праўда, тут можа хавацца іншая хіба -- мы часам губляем арыентацыю на чытача і пачынаем атаесамляць сябе зь людзьмі, у якіх мы бярэм інтэрвію, пра якіх пішам; мы чуем, як яны ацэньваюць нашыя артыкулы, у рэшце рэшт, хочам ім падабацца. Гэта наша рэфэрэнтная група. А наш чытач, які выпісвае або купляе газэту ў шапіку "Белсаюздруку", рэдка заходзіць у рэдакцыю і яшчэ радзей дае нам інтэрвію – хоць менавіта ён, шараговы чытач, плаціць нам грошы, менавіта ён зьяўляецца нашым кліентам, і ад яго стаўленьня да вынікаў нашай працы залежыць, ці будзе ў нас магчымасьць ёю займацца. 

Зрэшты, ва ўсім сьвеце так і робіцца. Але ёсьць і беларуская асаблівасьць. Нашыя  газэты існуюць у нярынкавым асяродзьдзі - адныя атрымліваюць дзяржаўныя датацыі  і ільготы на друк і распаўсюд, іншыя вымушаныя знаходзіць грошы з крыніцаў, не зьвязаных з газэтным бізнэсам - і ў выдаўцоў узьнікае вялікая спакуса абслугоўваць інтарэсы палітыкаў або ўвогуле рабіцца палітыкамі. І тут зьнікае мяжа паміж СМІ і PR-службамі палітычных партыяў10.  

І зноў пытаньне вызначэньня прафэсіі журналіста і адрозьненьня ад іншых, часта больш хлебных прафэсій. Рэклямныя або палітычныя ўлёткі таксама трэба рабіць, для іх вырабу патрэбныя тыя ж прылады, як і для выпуску газэты. Толькі мэты ў аўтараў розныя. І калі на гэта забыцца, то на выхадзе будуць не NEWSpaper ці VIEWSpaper, а проста paper, за якую ніхто ня дасьць ні капейкі.

 

Паўлюк Быкоўскі

загадчык аддзелам грамадзка-палітычнай інфармацыі і чалец рэдакцыйнай калегіі недзяржаўнага аналітычнага тыднёвіка «Белорусы и рынок

Creative Commons License
Усе фотаздымкі зьмешчаныя на падставе ліцэнзіі Creative Commons .