MAM у сетцы

Журналіст, здольны здабыць інфармацыю, сёньня шануецца ў дзясяткі разоў вышэй за таго, хто проста ўмее пісьменна пісаць. Стукаць пальцамі па клявіятуры і адносна пісьменна выкладаць свае думкі, каб рэдактар ня плакаў, сілячыся штосьці зразумець, можна навучыць любога выпускніка сярэдняй школы за некалькі дзён. А вось уменьне разумець і апрацоўваць інфармацыю, адчуваць прысутнасьць чорнай коткі ў цёмным пакоі выпрацоўваецца гадамі. Тым ня менш, ёсць нейкія базавыя прынцыпы і мэтады працы з інфармацыяй, асвоіўшы якія, можна стварыць сабе надзейную плятформу для хуткага прафэсійнага росту.
Амаль уся эксклюзыўная інфармацыя, якая здабываецца журналістамі ў любой краіне сьвету, здабываецца імі ад людзей. Таму ўменьне працаваць з кожным чалавекам паасобку, разумець яго інтарэсы і матывы і адпаведна рэагаваць на іх - аснова, безь якой не абыйсьціся. Я прачытаў у сваім жыцьці шмат кніг, у тым ліку Зыгмунда Фройда. Таму ўпэўнена магу сказаць, што толькі кнігі здольныя даць першаснае веданьне Чалавека. Найбольш дасканалы знаўца чалавечай душы - францускі пісьменнік Анарэ Дэ Бальзак, які ў сэрыі сацыяльных раманаў патлумачыў практычна ўсе ўчынкі і матывы чалавека. Бальзак навочна дэманструе, як уплывае на той або іншы ўчынак ня толькі сацыяльны асяродак, але нават прыродныя ўмовы, напрыклад, сьнег, дождж, яркае сонца. У яго ёсьць усе тыпажы чалавека, якія са стагоддзя ў стагодзьдзе не зьмяніліся: валацугі, злачынцы, паліцыянты, бізнэсмэны, банкіры, людзі мастацтва, кіруючая эліта. Каб разумець усіх гэтых людзей і размаўляць зь імі на роўных, варта ў першую чаргу прачытаць Бальзака - усяго. А потым перачытваць яго цягам усяго жыцьця.
Часам журналісты, нават тыя, зь вялізным стажам працы, зьдзіўляюцца: як гэта іх калегам удаецца здабыць тую ці іншую інфармацыю, якая збоку падаецца абсалютна недаступнай. І мала хто ведае, што практычна кожная інфармацыя, зь якой пазьней робіцца інфармацыйная бомба, прыходзіць самым простым шляхам. Трэба толькі сфармаваць кола надзейных крыніц інфармацыі і наладзіць зь імі сталы, бясьпечны кантакт. Некаторыя думаюць, што зрабіць гэта вельмі складана - маўляў, трэба мець знаёмых у міністэрствах і ведамствах. Насамрэч усё да банальнасьці проста.
Першае, што трэба зрабіць журналісту-пачаткоўцу – гэта азірнуцца вакол. Бо часам маладзёны слаба цямяць нават, кім працуюць іх бацькі, не гаворачы ўжо пра дзядзькоў, цётак, дзядоў, стрыечных і г.д.
Зьбярыце ўсю інфармацыю пра сваякоў і высьветліце, ці працуе хто-небудзь зь іх у сфэры, якая цікавіць вас. Калі такіх няма, хвалявацца ня варта, паколькі сваяк і так ня можа быць крыніцай інфармацыі: яго лёгка вылічыць і, значыць, вы ня зможаце забясьпечыць яго надзейнай абаронай. Сваяка ў якасьці крыніцы можна выкарыстаць толькі раз-два, ды і то ў менш сур'ёзных выпадках. Тым ня менш, сваякі патрэбныя - у якасьці "адпраўной кропкі" пры фармаваньні крыніцаў інфармацыі. Пагаварыце з ўсімі блізкімі і высьветліце, ці ёсьць у іх знаёмыя ў той сфэры, якая вас цікавіць. Калі такія знойдуцца, папрасіце зьвесці з імі і паручыцца за вас. У пачатку журналісцкай кар'еры паручальніцтва грае вельмі важную ролю, бо дае хоць нейкія гарантыі крыніцы інфармацыі. У рэдкіх выпадках такой гарантыяй можа стаць назва газэты, ад якой выступае журналіст, але, як правіла, асабістая гарантыя грае асноўную ролю. Паступова найзначнейшай гарантыяй становіцца імя журналіста, але на гэта трэба працаваць доўгія гады. Менавіта таму на першапачатковым этапе трэба максымальна выкарыстаць паручальніцтва.
Калі ніхто са сваякоў ня змог вам дапамагчы, не адчайвайцеся. Пагаварыце з былымі аднаклясьнікамі, з аднакурсьнікамі ў ВНУ. Напрыклад, школьны кляс любой школы фармуецца па такім прынцыпе, каб у ім былі прадстаўленыя бацькі, якія маюць дачыненьне да як мага шырэйшага кола жыцьцядзейнасьці грамадзтва.
Дастаткова аднаго чалавека, каб пачаць фармаваньне свайго кола інфармацыі.

Лепш за ўсё ў якасьці "адпраўной кропкі" падыдзе прадстаўнік сілавога ведамства ў рангу не ніжэй за маёра. Супрацоўнікі МУС, КДБ, Камітэта дзяржаўнага кантролю, пракуратуры кантактуюць зь вялікай колькасьцю людзей з самых розных сфэраў грамадзтва. Аналягічнай адпраўной кропкай можа стаць і службовая асоба любога зь міністэрстваў. Тут патрэбны чалавек рангам не ніжэй за намесьніка начальніка якога-небудзь аддзела. Як правіла, службоўцы такога ўзроўню маюць цесныя сувязі ва ўсіх дзяржорганах. У якасці адпраўной кропкі можна выкарыстаць і кіраўніка буйнога прадпрыемства. Менавіта кіраўніка - дырэктара альбо яго намесьніка. Калі атрымалася знайсьці "адпраўную кропку" сярод свайго асяродзьдзя, можна прыступіць да другога этапу фармаваньня ўласных крыніц інфармацыі.
У першую чаргу трэба сустрэцца з "адпраўной кропкай" і пагаварыць па душах. Галоўнае пры гэтым не забываць пра сваю мэту. Для сустрэчы лепш усяго выкарыстаць нейкую канкрэтную і цалкам практычную падставу, паколькі чалавек больш ахвотна аказвае дапамогу ў пэўнай сытуацыі. Напрыклад, калі проста падысьці і сказаць "Я ствараю сваё кола крыніцаў інфармацыі ў сілавых ведамствах, ці не можаце вы дапамагчы мне?", то амаль напэўна вынік будзе нулявы. Зусім па-іншаму да вашай просьбы паставяцца, калі сказаць: "Мне рэдактар даручыў падрыхтаваць матэрыял на тэму барацьбы з карупцыяй, афіцыйныя крыніцы мне ўсю інфармацыю далі, але я адчуваю, што яны недагаворваюць. Ці няма ў вас знаёмага або знаёмых, якія кампэтэнтныя ў гэтым пытаньні і могуць інкогніта растлумачыць мне некаторыя пытаньні?".
Як правіла "адпраўная кропка" дае 2-3 кантакты, зь якімі потым варта ўсталяваць сталы і бясьпечны кантакт для пэрыядычнага маніторынгу інфармацыйнага поля. Гэта так званае першаснае кола крыніцаў інфармацыі. Для пачатку можна выкарыстаць яго, але адразу ж трэба прыступіць да стварэння другаснага кола. Тэхналогія тая ж: сустракаемся з крыніцай і, выкарыстоўваючы яго ў якасці "адпраўной кропкі", просім зьвесьці з патрэбнымі людзьмі.
Кожная з трох крыніцаў першага кола дае 2-3 новых кантакты. У выніку на другім коле можна мець ужо ня меней за шэсьць карысных кантактаў. Праўда, перш чым выкарыстаць першаснае кола ў якасьці адпраўной кропкі, варта зь ім папрацаваць і на справе паказаць, што вам можна давяраць.
Па аналягічнай тэхналёгіі ствараецца трэцяе, чацьвёртае, пятае кола крыніцаў інфармацыі. На практыцы тры колы можна стварыць за месяц ад пачатку працы, а потым проста паступова пашыраць карысныя кантакты, пераходзячы ад аднаго кола да наступнага.
У журналісцкім асяродку ёсць такі панятак, як разавая крыніца. Гэта чалавек, які валодае нейкай інфармацыяй па пэўным выпадку, але па той ці іншай прычыне ня можа быць скарыстаны пазьней. Напрыклад, журналіст адправіўся ў банк, каб здабыць інфармацыю пра арышт кіраўніка фінансавай установы. З кім бы журналіст ні сустрэўся ў банку, гэтага чалавека далей амаль напэўна ня ўдасца выкарыстаць у якасьці сталай крыніцы інфармацыі.
Часам людзі думаюць, што ніякай розьніцы паміж працай са сталай крыніцай і разавай не існуе. Насамрэч, яна ёсьць і вельмі прынцыповая.
Са сталымі крыніцамі неабходна выбудоўваць давераныя сяброўскія адносіны, што абмяжоўвае журналіста ў выкарыстаньні розных псыхалягічных прыёмаў. Пры працы з разавай крыніцай журналіст вольны выбіраць любы тып паводзін, у залежнасці ад сытуацыі. Галоўнае, каб вашы дзеяньні не ўступалі ў супярэчнасьць з маральлю і Крымінальным кодэксам. Прыкладаў псыхалягічнага ўзьдзеяньня можна прыводзіць вельмі шмат, але ні адзін зь іх ня будзе ўнівэрсальным. Кожная сытуацыя працы з разавай крыніцай інфармацыі па-свойму ўнікальная і да яе трэба рыхтвацца з максымальнай дбайнасьцю.

Сталая крыніца інфармацыі, як правіла, дае нейкую першасную інфармацыю. Далей журналіст дапаўняе інфармацыю, выкарыстоўваючы менавіта разавыя крыніцы. Як правіла, разавыя крыніцы даюць ня менш гарачай інфармацыі, чым сталыя. Галоўнае ведаць, як размаўляць з незнаёмымі людзьмі. Гэтаму таксама вучацца на працягу ўсяго жыцця. Але ёсьць некалькі асноўных правілаў, трымаючыся якіх зь вялікай доляй верагоднасьці можна атрымаць інфармацыю ў самых складаных сытуацыях.
1.Вывучэньне.
Перад тым, як адправіцца здабываць інфармацыю, трэба вылучыць сабе "ахвяру". Напрыклад, калі журналіст ідзе ў Міністэрства аховы здароўя і ведае, што цікавай для яго інфармацыяй валодаюць некалькі асобаў, трэба вывучыць іх усіх. Для гэтага можа падысьці і Інтэрнэт. Часам карысна нават проста ўбачыць фатаграфіі тых людзей, якіх вы вывучаеце. Але пажадана сабраць як мага больш неабходнай інфармацыі, пасля чаго вызначыцца, да каго лепш ісьці. Крытэры адзнакі могуць быць самыя розныя. Ад полу да манэры апранацца. Найважнейшае для журналіста - знайсьці агульныя кропкі супадзеньня інтарэсаў. У народзе гэта завецца знайсьці агульную мову.
2.Комплекс віны.
Калі журналіст першапачаткова ведае, што чалавек, зь якім ён збіраецца сустрэцца, не захоча размаўляць на цікавыя для яго тэмы, трэба прымусіць яго адчуваць сваю віну. Гэта зробіць яго больш падатлівым.
Таму ні ў якім разе нельга тэлефанаваць і напрошвацца на сустрэчу: можна страціць тыдзень, месяц, але так і не дамовіцца. Трэба вылучыць самае неспрыяльнае надвор'е і выправіцца на сустрэчу без папярэджаньня. Часьцей за ўсё ў такім разе адмаўляюць, спасылаючыся на занятасьць. Скажыце, што зойдзеце пазьней, пахадзіце паўгадзіны пад вокнамі і зайдзіце ізноў. Калі зноў адмовяць, пагуляйце пад вокнамі яшчэ паўгадзіны і паўторыце спробу. Адмовяць ізноў - пагуляйце яшчэ. З трэцяга-чацьвёртага разу можна выяўляць настойлівасць і сказаць: "Выбачайце, я зусім зьмерз (змок, і г.д.), можа быць, у вас знайшоўся б для мяне кубачак кавы і пяць хвілін часу". У гэтай сытуацыі ваша разавая крыніца будзе ўжо адчуваць віну перад вамі і абавязкова пагодзіцца вас прыняць. А далей ужо ўсё залежыць ад вас.
3.Камплімэнты.
Камплімэнты любяць усе. Таму, дзе бы вы ні былі, з кім бы ні сустракаліся, заўсёды пачынайце гутарку з кампліменту. Галоўнае, ён павінен быць шчырым і грунтавацца на фактуры.
4.Рабіце ласку.
Размаўляючы з крыніцай інфармацыі, ніколі не давайце яму зразумець, што вам ад яго нешта трэба. Не прасіце нічога! Насупраць, імкніцеся ўпэўніць суразмоўцу, што вы і без таго ўсё ведаеце, але робіце яму вялікую ласку па дабрыні душэўнай. Чалавек так уладкаваны, што ня любіць, калі просяць, але заўсёды гатовы ўзяць тое, што яму даюць, тым больш дарма.
Пры працы з крыніцамі інфармацыі варта памятаць яшчэ пра адзін важны фактар. Крыніцу ніколі нельга раскрываць. Таямніца крыніцы для журналіста - што таямніца споведзі для сьвятара. Яна сьвятая і не падлягае парушэньню.
Усё, што напісана вышэй, ужывалася на практыцы і даказала сваю эфэктыўнасьць. Таму цалкам можа служыць практычным дапаможнікам для тых, хто вырашыў паспрабаваць сябе ў журналістыцы. Але варта памятаць, што гэта толькі першы этап навучаньня, на якім ні ў якім разе нельга спыняцца. Журналіст, як ніхто іншы, павінен стала ўдасканальвацца, у тым ліку вынаходзіць уласныя мэтады здабычы інфармацыі.
Сяргей Сацук,
заснавальнік і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Ежедневник”
Здымкі:1) Wintrhawk. Апублікаваны на падставе ліцэнзіі Creative Commons
2) Niemster. Апублікаваны на падставе ліцэнзіі Creative Commons
3) Purpleslog. Апублікаваны на падставе ліцэнзіі Creative Commons
