MAM у сетцы

“Я толькі тое і раблю, што хаджу і пераконваю кожнага з вас, маладога і старога, клапаціцца перадусім не пра целы ці грошы, а пра душу... А таму я і магу вам сказаць, афіняне: паслухаеце вы Аніта ці не, адпусьціце мяне ці не, рабіць інакш, чым раблю, я ня буду, нават тады, калі мне прыйшлося б паміраць шмат разоў”.
Сакрат
1. Каштоўнасьці і прафэсійная этыка
Журналісцкая этыка, нароўні з пэдагагічнай, мэдычнай альбо бізнэсовай -- адзін зь відаў прафэсійнай альбо прыкладной этыкі. Таму прадпісаньні і нормы, хоць і скіраваныя на вырашэньне спэцыфічных прафэсыйных праблем - гэта, як правіла, трансфармацыі агульных этычных прынцыпаў. Да прыкладу, прадпісаньне Гіпакратавай этыкі “не зашкодзь” вынікае зь вядомага са старажытных часоў прынцыпу: “Стаўся да іншых людзей так, як бы ты хацеў, каб іншыя ставіліся да цябе”. Варта таксама падкрэсьліць, што любая этычная сыстэма – ня болей як сродак дасягненьня пэўнай мэты альбо інструмэнт сьцьвержданьня важных (агульначалавечых у ідэале) каштоўнасьцяў. Такімі каштоўнасьцямі, напрыклад, могуць быць Бог, ісьціна, грамадзкае дабро, справядлівасьць, шчасьце, самарэалізацыя ды інш..
Як і ўсе астатнія, журналісцкая этыка імкнецца сьцвердзіць важныя для грамадзтва каштоўнасьці. Гэта, у прыватнасьці -- свабода слова і аб’ектыўнасьць інфармацыі. Свабода слова (выказваньня) -- неад’емная частка свабоды асобы. А аб’ектыўная інфармацыя (аб’ектыўнасьць) – неабходная ўмова адэкватнага разуменьня і ацэнкі самых розных працэсаў, што адбываюцца ў грамадзтве. У сваю чаргу, патрабаваньне аб’ектыўнасьці “задае” пэўны ідэал журналісцкай працы.
На забесьпячэньне свабоды слова і асягненьне аб’ектыўнай інфармацыі і скіраваныя розныя патрабаваньні і прынцыпы журналісцкай этыкі.
2. Патрабаваньні і прынцыпы
Мінімалісцкім патрабаваньнем аб'ектыўнасьці інфармацыі зьяўляецца яе неілжывасьць. А таму адзін з прынцыпаў журналісцкай этыкі прагалошвае: “Публікацыя ілжывай інфармацыі недапушчальная”. У асабова-прадпісальнай форме гэты самы прынцып будзе гучаць так: “Не публікуй ілжывай інфармацыі”.
Чаму публікацыя ілжывай інфармацыі недапушчальная?
Перадусім ілжывая інфармацыя можа зашкодзіць канкрэтнай асобе. Калі гэтая інфармацыя тычыцца якой-небудзь кампаніі, арганізацыі ці партыі, яна нэгатыўна паўплывае на іхны імідж. Да таго ж, трэба мець на ўвазе, што растыражаваная ілжывая інфармацыя можа стацца падставай для прыняцьця неадэкватных рашэньняў; у крызысных сытуацыях яна можа лёгка разбурыць атмасфэру даверу і прывесьці да ўзьнікненьня канфліктных сытуацыяў. Нарэшце, ілжывая інфармацыя шкодзіць і самому выданьню, якое яе распаўсюджвае. Яна падрывае да яго давер з боку чытача.
Другім патрабаваньнем, скіраваным на асягненьне аб’ектыўнасьці, зьяўляецца бесстароннасьць. Гэты прынцып гучыць так: “Будзь бесстароньні ў падрыхтоўцы і падачы інфармацыі”. Перадусім гэта азначае незаангажаванасьць у адну пазыцыю, нават калі яе падзяляе большасьць. Гэты прынцып базуецца на тым, што ніхто з нас не валодае абсалютнай ісьцінай. А людзі, якія сьцьвярджаюць, што ведаюць ісьціну, найверагодней, альбо ідэалягічна заангажаваныя асобы, альбо шарлатаны.
Бесстароннасьць — гэта таксама і эмацыйная незаангажаванасьць. Эмоцыі, і тым больш моцныя, могуць скажаць нашае бачаньне рэчаіснасьці. У залежнасьці ад таго, любім мы альбо ненавідзім нешта, мы будзем па-рознаму апісваць адзін і той жа прадмет. А таму бесстароннасьць — гэта неабходная ўмова аб'ектыўнага асьвятленьня любой грамадзкай падзеі ці зьявы.
Калі ж гаворка ідзе пра падзею, у якую заангажаваныя шмат якія людзі, і ставяцца яны да яе па-рознаму, журналіст мусіць падаць пункты гледжаньня ўсіх зацікаўленых бакоў. Гэта якраз і забясьпечыць бесстароннасьць (рознабаковасьць) асьвятленьня падзеі. Асабліва важна гэта зрабіць, калі гаворка ідзе пра канфліктную сытуацыю.
Яшчэ адным прынцыпам журналісцкай этыкі, зьвязаным з патрабаваньнем аб'ектыўнасьці (праўдзівасьці) інфармацыі, зьяўляецца яе дакладнасьць. “Будзь дакладны ва ўсіх сцьвярджэньнях, ва ўсім, пра што пішаш”. Бо нішто так не раздражняе чытачоў ці слухачоў, як недакладнасьці. Асабліва гэтае патрабаваньне тычыцца рэпартэраў і рэдактараў.
Зьвязаны з аб'ектыўнасьцю інфармацыі таксама прынцып матэрыяльнай незаангажаванасьці. Відавочна, што журналісты мусяць атрымліваць плату за сваю працу, аднак -- толькі ад таго выданьня, радыё- ці ТВ-кампаніі, дзе яны працуюць. Атрыманьне грошай альбо падарункаў ад іншых арганізацыяй ці асобаў -- недапушчальнае. Гэта хабар. Найчасьцей журналістам прапануюць хабар у выглядзе падарункаў ці паслугаў за публікацыю матэрыялу, напісанага на карысьць нейкай канкрэтнай асобы, фірмы, палітычнай партыі ці крымінальнай групоўкі. У такіх выпадках гаворка ідзе пра эксклюзыўную прамоцыю бізнэсовых, палітычных альбо крымінальных інтарэсаў. Публікацыя падобных матэрыялаў парушае прынцып вольнай канкурэнцыі, дэзарыентуе грамадзкую думку і можа нават паставіць пад пагрозу жыцьцё людзей. Урэшце, гэта разбурае самую прафэсію журналіста.
Павага да чытача, гледача, слухача — гэта яшчэ адзін прынцып журналісцкай этыкі. Калі мець на ўвазе найвышэйшыя каштоўнасьці журналісцкай працы, а менавіта -- свабоду слова і аб'ектыўнасьць інфармацыі -- то гэтае прадпісаньне патрабуе павагі да асабістай свабоды кожнага чалавека і ягонага права на атрыманьне праўдзівай і поўнай інфармацыі. Бо распаўсюд ілжывай, скажонай альбо няпоўнай інфармацыі — гэта пасягальніцтва на індывідуальную свабоду чалавека. У такім выпадку чалавек сьвядома пазбаўляецца права выбару. Выбар навязваецца чалавеку. А ацэнкі і меркаваньні найчасьцей “заганяюцца” ў ідэалягічныя рамкі. У выніку людзі пачынаюць “думаць” так, “як напісана ў газэце”, ці так, “як было сказана па радыё”. Савецкія людзі, напрыклад, “думалі” так, як было напісана ў газэце “Праўда”.
Насамрэч, чалавек можа думаць толькі так, як ён думае сам. А таму адзін з абавязкаў мэдыяў -- падтрымліваць крытычнае стаўленьне да рэчаіснасьці (перадусім да палітычнай і сацыяльнай) і тым самым культываваць крытычную грамадзкую думку.
Павага да чытача, гледача, слухача — гэта таксама павага да ягонай расавай, нацыянальнай і полавай прыналежнасьці, а таксама рэлігійных вераваньняў, маральных перакананьняў і каштоўнасьцяў. Натуральна, што гаворка ідзе тут пра цывілізаваныя погляды і каштоўнасьці.
Увогуле ж, павага да чытача азначае, што вы ставіцеся да яго як да самастойнай і сувэрэннай асобы, а зусім не як да сродку маніпуляваньня ці дасягненьня вашай мэты.
Найбольш сур'ёзным парушэньнем прынцыпу павагі зьяўляецца дыскрымінацыйнае стаўленьне да асобных людзей ці розных сацыяльных, рэлігійных групаў. А найбольш шырока распаўсюджаным і “бяскрыўдным” спосабам дыскрымінаваньня зьяўляецца замоўчваньне альтэрнатыўных поглядаў і ссоўваньне іх на маргінэз грамадзкай думкі, дзе яны не заўважаюцца альбо надзяляюцца адмоўнымі характарыстыкамі.
Тактоўнасьць і далікатнасьць — яшчэ адно маральнае патрабаваньне журналісцкай этыкі, якое тычыцца ня толькі чытачоў ці слухачоў, але і тых асобаў, пра якіх піша журналіст. Распаўсюджваньне зьвестак пра асабістае жыцьцё чалавека, маёмаснае становішча, крыніцы даходаў можа парушаць права на недатыкальнасьць прыватнага жыцьця.
Падобныя зьвесткі можна публікаваць толькі са згоды зацікаўленай асобы. У іншых выпадках яны могуць быць распаўсюджаныя толькі тады, калі маюцца важкія доказы, да прыкладу, крымінальнага паходжаньня маёмасьці, альбо калі гэтыя доказы спраўджаныя ў судзе.
Асабліва далікатным неабходна быць пры апісаньні няшчасных выпадкаў, здарэньняў, альбо калі гаворка ідзе пра ахвяраў злачынстваў. Матэрыялы, напісаныя нетактоўна, могуць балюча закранаць пачуцьці сваякоў і блізкіх. Не заўсёды тактоўна называць і прозьвішчы людзей, якія патрапілі ў недарэчныя ці сьмешныя гісторыі.
Каб пазьбегнуць недалікатнасьці ў дачыненьні да чалавека, пра якога вы пішаце, пастаўце сябе на яго месца, аднак пры гэтым не забудзьцеся, што вашая галоўная мэта — аб'ектыўнасьць інфармацыі і ўзважанасьць меркаваньняў. Увогуле, тактоўнасьць і добразычлівасьць — гэта якасьці, якія заўсёды дапамогуць вам наладзіць эфэктыўную камунікацыю з людзьмі самых розных перакананьняў і поглядаў.
3. Правілы і стандарты
З усіх азначэньняў аб'ектыўнасьці інфармацыі разгляданы вышэй прынцып дакладнасьці, напэўна, найлепш фармалізуецца ў тым, што звычайна называюць прафэсійнымі стандартамі журналістыкі. Амэрыканскі журналіст Лоўрэнс Бопрэ фармулюе шэраг прафэсійных правілаў ці стандартаў, трымаючыся якіх, можна забясьпечыць дакладнасьць. Вось найбольш важныя з іх:
1. Стаўся заўсёды скептычна да той інфармацыі, якую ты атрымаў. Няважна пры гэтым, зь якой крыніцы яна паходзяць, старой, якую вы добра ведаеце, ці новай. Як піша Бопрэ, у ЗША сярод журналістаў ёсьць показка: “Нават калі табе сказала гэта твая маці, усё роўна правер”. Усе лічбы, напісаньні прозьвішчаў, імёнаў, назвы фірмаў, кампаніяў і г.д., зь якімі вы сустракаецеся ўпершыню, мусяць пераправярацца.
2. Шукай заўсёды такую крыніцу інфармацыі, якая знаходзіцца альбо знаходзілася найбліжэй да падзеі. Так званыя кампэтэнтныя асобы не заўсёды найлепшая крыніца інфармацыі, асабліва ў першыя хвіліны і гадзіны пасьля здарэньня. А таму шукай сьведкаў альбо першакрыніцы.
3. Калі да друку рыхтуецца артыкул, прысьвечаны важнай тэме, не давярай пераказам меркаваньня той ці іншай канкрэтнай асобы.
4. Не рабі дапушчэньняў у выпадках, калі ня маеш фактаў. Пашукай лепш факты.
5. Калі ты браў інтэрвію ў нейкай асобы, дай ёй прачытаць падрыхтаваны да друку матэрыял.
6. Не друкуй матэрыял, які ня быў прачытаны адным ці лепш двума рэдактарамі (тваімі калегамі).
7. Калі памыліўся, прызнай сваю памылку. Важна таксама выправіць яе ў найкарацейшы час. У ЗША некаторыя газэты маюць адмысловую калонку, на якой зьяўляюцца ўдакладненьні альбо тлумачыцца, чаму і як памылка была дапушчаная. Важна таксама папрасіць прабачэньня ў чытачоў альбо ў тых асобаў, датычна якіх была дапушчаная некарэктнасьць. У выпадку сур'ёзнай памылкі альбо публікацыі некарэктнага артыкула варта зьмясьціць новы ў найбліжэйшым нумары.
Існуе таксама шэраг іншых стандартаў і правілаў, якія тычацца стасункаў з крытыкаванымі асобамі, асьвятленьня выбараў1, а таксама яснага жанравага падзяленьня матэрыялаў. Так, любы чалавек, якія стаў аб’ектам крытыкі ў мэдыях, мае права на адказ. У газеце ці ТБ-выпусках мусіць праводзіцца выразнае разьмежаваньне навінаў і камэнтароў. А ўсе абвесткі і рэкляма мусяць быць выразна маркераваныя.
Сярод “тэхнічных” стандартаў журналісцкай працы -- лягічнасьць, пасьлядоўнасьць і яснасьць у выкладаньні матэрыялу. Варта памятаць, што “зацямненьне” тэмы ці праблемы – гэта найчасьцей вынік наўмыснага памкненьня асобаў ці арганізацыяў, якія ня хочуць ці не зацікаўленыя ў тым, каб нейкія праблемы трапілі пад увагу грамадзтва. Загалоўкі матэрыялаў, у сваю чаргу, мусяць быць ясныя і адпавядаць іхнай сутнасьці. Гэтыя ды іншыя стандарты і нормы, а таксама базавыя прынцыпы журналісцкай працы звычайна складаюць зьмест кодэксаў журналісцкай этыкі2, якія журналісты многіх выданьняў і прафэсійных аб’яднаньняў лічаць важнымі для сваёй дзейнасьці.
4. Сьмеласьць і бясстрашша альбо сэнс журналісцкай працы
Журналістыка зьяўляецца адной зь самых небясьпечных прафэсіяў у сьвеце. У зонах ваенных канфліктаў штогод гінуць дзясяткі і сотні журналістаў. У таталітарных і аўтарытарных грамадзтвах журналісты зьнікаюць, іх арыштоўваюць і зьбіваюць. Кошт, які часам трэба заплаціць за свабоду слова, сапраўды вялікі. Ці варта плаціць такі кошт? Гэта надзвычай складанае пытаньне і адназначнага адказу на яго няма. Аднак відавочна, што сярод журналістаў ёсьць шмат людзей, для якіх свабода слова і праўдзівая інфармацыя зьяўляюцца найвышэйшымі каштоўнасьцямі, што складаюць сэнс іхняй працы, а часам і жыцьця.

Здымкі: 1) Calamity Mag. Апублікаваны на падставе ліцэнзіі Creative Commons