MAM у сетцы

“Як пракамэнтаваць такое глупства й хамства? Замест слоўных уколаў хіба варта было б ад імя ўсіх прыстойных людзей, незалежна ад іх перакананьняў, выклікаць журналсіта Х на паядынак”. Гэта толькі адзін прыклад тыповай журналісцкай палемікі. Вымяральнікам прафэсійнага посьпеху сталася ў СМІ здольнасьць адшукаць сярод канкурэнтаў ворага й “урэзаць” яму як сьлед.
Часам кажуць пра шляхетнае, альбо нездаровае спаборніцтва. Аднак ніводзін з гэтых тэрмінаў ня будзе адпаведным у дачыненьні да польскай журналістыкі. Тое, што адбываецца ў ёй зараз, трэба хучэй назваць татальнаю вайною.
“Складваецца ўражаньне, што часта польскія публіцысты чакаюць ад сваіх калегаў па цэху адзінадумства. Кожны, хто думае інакш, становіцца ворагам, якога трэба абсьмяяць і перамагчы. Замест дэбатаў мы маем грызьню” – сьвярджае ў штомесячніку "Press" David McQuaid Дэйвід Маккуайд, кіраўнік варшаўскага офісу агенцыі Dow Jones Newswires. “Амаль штодзённа значная частка выданьня прысьвячаецца барацьбе зь іншай газэтай. Барацьба паміж СМІ вядзе да прэзэнтацыі той самай інфармацыі розным чынам – то бок вядзе да паніжэньня ейнай якасьці” – ацэньвае Thomas Urban Томас Урбан, карэспандэнт нямецкага штодзённіка Suddeutsche Zeitung"
Што пра гэта кажуць нашыя журналісты? “Я таксама адчуваю, што ўжо цягам нейкага часу мы праходзім праз сур’ёзны крызіс якасьці польскіх мэдыяў. Але гэта не крызіс, зьвязаны з палітызацыяй ці падзелам журналісцкага асяроддзья згодна з палітычнымі поглядамі. У тым, што такі падзел ёсьць, няма нічога трагічнага. Тое, што ўжо нейкі час вядуцца сапраўдныя, а не ўяўныя дэбаты, сьведчыць пра нармалізацыю сытуацыі. І цудоўна, што погляды, якія прэзэнтуюць калегі з маёй газэты, не ўспрымаюцца ўжо як маргінальная лухта, а як адзін з важных галасоў у дыскусіі” – выказваецца на адным зь інтэрнэт-парталаў публіцыст пэўнага ўплывовага штодзённіка (я сьвядома не называю ягонага прозьвішча, а таксама назвы газэты, каб не спрычыніцца да разьвязаньня чарговага мэдыйнага скандалу).
"Хучэй забіце гэтае дзіця. Забіце, дарагія рэдактары, засталося ж толькі некалькі дзён. Забіце яго, чаго вы чакаеце?” – грымеў год таму ў сваім блогу намесьнік галоўнага рэдактара газэты, у якой працуе працытаваны вышэй журналіст. Гэты гістэрычны заклік ён кіраваў да іншай газэты, якая апісала трагедыю цяжарнай 14-гадовай дзяўчынкі, якую згвалтаваў старэйшы за яе хлопец. Лекары адмовілі падлетцы ў праве спыніць цяжарнасьць. Дзьве іншыя газэты ў сваю чаргу цьвердзілі, што дзяўчыну ніхто не згвалтаваў і што яна вельмі хацела нарадзіць дзіця. Неўзабаве выданьні пачалі весьці паміж сабой шумлівую сьветапоглядавую дыскусію, забыўшыся па дарозе на тое, што яе выклікала.
Прыкладаў “сапраўдных, а не ўяўных” дэбатаў безьліч. Цікавы выпадак апісвае "Press". “(…) наконт зьнешняй прывабнасьці рэдактара Х у мяне высокае меркаваньне, бо я бываў зь ім у фітнэс-клюбе й бачыў, як ён грацыёзна езьдзіць на велатрэнажэры” – кпіў сабе публіцыст з агульнапольскай газэты. Справа ў тым, што раней Х намякнуў на сумнеўную прыгажосьць пэўнай дэпутаткі. Публіцыст кусаў яго далей: “Годнаму ўзроўню дыскусіі Х навучыўся, як відаць, ад самцоў з Самаабароны (польская палітычная партыя, якая страціла папулярнасьць у выніку гучнага сэкс-скандалу – рэд.)”.
Y i Z – гэта прынцыповыя, вострыя як брытва журналісты. Вось як яны ацанілі кампэтэнтнасьць аднаго вядоўцы дзяржаўнага тэлебачаньня, што зарабляе немалыя грошы:”Няма аніякай нагоды для таго, каб А, вядомы сваімі баязьлівымі ды лісьлівымі камэнтарамі, які мае відавочны дэфэкт маўленьня, з-за чаго складваецца ўражаньне, што быццам ён вечна мае нешта ў роце – атрымліваў такі ганарар”.

Намесьнік кіраўніка пэўнай штодзённай газэты пасьля прачытаньня блога шматгадовага публіцыста грамадзка-палітычнага часопісу сьцьвердзіў без хітрыкаў:”Вам можа дапамагчы ўжо хіба толькі псыхіятр”. Здаецца, тое самае мелі на ўвазе журналісты таблоіду, якія апісалі выпадак дэпутата, што страціў пасаду публіцыста:”Кожную раніцу ён выпраўляецца са сваёй кракаўскай кватэры ў бліжэйшы шапік, каб набыць газэту (...) Далей пераліствае першыя старонкі ў пошуках свайго прозьвішча. Але нажаль больш ён там яго не пабачыць. Для абміцыёзнага публіцыста гэта мусіць быць вялікая драма”.
У эфіры радыёстанцыі, вядомай сваім досыць спэцыфічным бачаньнем сьвету (польскае “Радыё Марыя” – рэд.), прагучаў фэльетон пра галоўнага рэдактара вялікай і ўплывовай газэты (Адам Міхнік, гал. рэд. “Газеты Выборчай” – рэд.). Ён скончваўся словамі:”Няхай гэты спадар кажа пра іншы патрыятызм, ня польскі”. Гэта быў намёк на габрэйскае паходжаньне шэфа штодзёньніка.
Сутычкі журналістаў не спыняюцца нават тады, калі іх запрашаюць у якасьці экспэртаў у іншыя СМІ. Падчас адной з публіцыстычных праграмаў на тэлебачаньні ўспыхнуў канфлікт. Журналістка сьцьвердзіла: “Сёньня я купіла ў шапіку газэту калегі і нават знайшла ў ёй крыху праўдзівай інфармацыі”. Калега доўга ня думаў:”У сваёй газэце вы не знайшлі б яе ўвогуле”. Госьці супакоіліся толькі тады, калі вядоўца пагразіла ім выдаленьнем са студыі.
Здавалася б, пасвараныя паміж сабой журналісты застаюцца прынамсі ляяльнымі да СМІ, у якіх працуюць. Нічога падобнага. Здараецца, што тыя, хто выступаў дагэтуль як перадавы абаронца праграмнай лініі сваіх рэдакцыяў, без асаблівых згрызотаў сумленьня зьмяняюць лягер. Пэўны журналіст пасьля страты працы адразу ж пабег да канкурэнтаў (спаборніцтва паміж выданьнямі было сапраўды зацятым). Ён запрапанаваў даць інтэрвью, на што газэта, вядома, пагадзілася. У ім журналіст паліў брудам свайго былога шэфа і двух калегаў, якіх назваў “ланцужнымі псамі галоўнага”. Гэта быў відавочны акт помсты. Магчыма, ён таксама разьлічваў на нейкую пасаду, а інтэрвью мела быць формаю здабыцьця прыхільнасьці рэдакцыі, якую журналіст раней заўзята лаяў.

Як бачна, прадстаўнікі мэдыйнага сьвету досыць актыўна карыстаюцца магчымасьцю зьнішчыць суперніка. Пры гэтым больш лічыцца моцны ўдар, а ня слушныя аргумэнты
“Стыль такой дыскусіі ня мог бы зьявіцца, напрыклад, у Японіі, бо тамтэйшы звычай патрабуе павагі да праціўніка – і дзейнічае ён лепш за закон” – сьцвярджае ў "Press" Яцэк Ван, карэспандэнт японскага тэлебачаньня. На ягоную думку, польскія СМІ захлябнуліся свабодаю пасьля падзеньня камунізму, а таксама капіююць найгоршыя ўзоры з заходніх таблоідаў. Леапольда Будэрацкі, карэспандэнт аргентынскай газэты, у сваю чаргу мяркуе, што прыклад дае ўлада. Калі кіроўная эліта і парлямэнтары ня выбіраюць словы, то журналісты думаюць, што могуць рабіць тое самае. Томас Урбан дае канкрэтнае параўнаньне:”Калі б я напісаў, што калега з канкурэнтнай газэты павінен зьвярнуцца да псыхіятра, я б зьдзейсьніў прафэсійнае самагубства”.
Існаваньне газэтаў, часопісаў, тэлеканалаў і радыёстанцыяў (калі яны не зьяўляюцца дзяржаўнымі) залежыць ад укладзенага ў іх капіталу. Умовай утрыманьня на рынку ды атрыманьня фінансавага прыбытку ёсьць здабыцьцё адпаведнай колькасьці верных чытачоў, гледачоў ці слухачоў. Так нараджаецца канкурэнцыя і... войны паміж мэдыямі. Клясычным прыкладам гэтага было ў апошнія гады спаборніцтва паміж дзвюма ўплывовымі газэтамі.
Барацьбу паміж імі часам называлі татальнаю вайной. Яе элемэнтам быў як маркетынг (той самы кошт, багацьце разнастайных і прывабных дадаткаў), так і зацятыя спрэчкі – палітычныя, свьетапоглядавыя, маральныя, а ў выпадку некаторых журналістаў – і цалкам асабістыя.
З такой жа інтэнсіўнасьцю спаборнічалі раней два польскія таблоіды. На аснове прэзэнтаваных імі вынікаў продажаў у чытачоў магло скласьціся ўражаньне, што абедзьве газэты... найлепшыя. Гэта выглядала, як маніпуляцыя.
Такую ж ролю, якую для прэсы гуляе ўзровень продажаў - для тэлебачаньня гуляе аглядальнасьць. Тут таксама часам здараюцца маніпуляцыі. Вядоўца выпуску навінаў аднаго з каналаў пахваліўся значным узростам аўдыторыі, дадаўшы, што напярэдадні быў пабіты чарговы рэкорд. Праўда ён не сказаў ні слова пра тое, што якраз тады ў інфармацыйнай рэдакцыі іншага буйнога каналу здарылася аварыя, якая перашкодзіла выхаду ейнага выпуску ў эфір. Гэта магло спрычыніцца да аднаразовага пераключэньня гледачоў на канкурэнтаў.
Спрэчкі, яхідзтва, спробы абсьмейваньня, якія здараюцца ў СМІ ёсьць напэўна адлюстраваньнем розніцаў у поглядах ды перакананьнях, якае існуе паміж журналістамі. Але іх гучнае акцэнтаваньне перасьледуе яшчэ адну мэту: прыцягнуць чытачоў (слухачоў, гледачоў) і, тым самым, узмацніць фінансавае становішча газэты (радыёстанцыі, тэлеканалу). У гэтым сэнсе падобныя рознай якасьці дэбаты мусяць выконваць такую ж маркетынгавую ролю, як тэматычныя дадаткі, альбо ўсьцяж новыя ток- ці рэаліты-шоў.
Але калі забаўляльныя праграмы, кнігі, дыскі ці DVD-фільмы сапраўды прыцягваюць гледачоў – то журналісцкія сваркі хучэй наадварот. Большасьць людзей іх не разумее: яны для іх не цікавыя, альбо папросту агідныя. Здаецца аднак, што прадстаўнікі мэдыяў ня вельмі гэтым пераймаюцца. Гэта заўважаюць некаторыя публіцысты, выказваючыся на інтэрнэт-форумах:”Нават выданьні, якія калісьці ставілі сабе высокія этычныя патрабаваньні, сталіся звычайнымі брахунамі. Усё гэта штурхае нас назад, замест таго, каб весьці наперад”.
Адзін зь інтэрнэт-карыстальнікаў нядаўна напісаў:”Сёньня журналісты больш падзеленыя чым паяднаныя. Ці мусіць вымерці нейкае чарговае пакаленьне, каб яны сталіся адным суцэльным панцырам? Мабыць так”. Для нас: гледачоў, слухачоў, чытачоў – гэта сумная пэрспэктыва. Адзінае, што застаецца - гэта не зьвяртаць увагі на мэдыйную барацьбу, а засяроджвацца на самым галоўным: на праўдзівай інфармацыі. Нягледзячы ні на што, яе пакуль не бракуе.
Па адукацыі філёзаф, з мэдыямі зьвязаны ўжо 16 гадоў. Журналіст як штодзённай, так і штотыднёвай прэсы (сьледчая журналістыка, інтэрвью, сацыяльныя рэпартажы, журналісцкія справаздачы). Аўтар артыкулаў у штомесячных спэцыялізаваных часопісах пра журналістыку. Цягам некалькіх гадоў быў аўтарам фэльетонаў на радыё. На сёньняшні дзень зьяўляецца незалежным журналістам і аніматарам, які супрацоўнічае з фондам Новыя Мэдыі.
Гэты тэкст разьмешчаны на правах ліцэнзіі Creative Commons
Фотаздымкі:
1) urbanfeel. Даступны па ліцэнзіі Creative Commons.
2) DRB62. Даступны па ліцэнзіі Creative Commons.
3) Alex Barth. Даступны па ліцэнзіі Creative Commons