Хто такія газэтныя графікі?

Газэтны графік – панятак, які уключае ў сабе шмат чаго. Ён не зусім выразна абазначаны, і большасьць чытачоў не зусім разумее гэты панятак, які заключае ў сабе шмат роляў. Тымчасам бяз графіка, як і бяз журналістаў, рэдактараў ці фатографаў, не паўстала б ніводная добрая газэта. У Польшчы найбольшы росквіт графікі настаў у сярэдзіне 1990-х, разам з росквітам свабоднай прэсы і зьяўленьнем на польскім рынку замежных выдавецтваў. Тады і зьявіліся новыя прафэсіі, зьвязаныя з газэтнай графікай. Яны ствараюць мноства тэрміналягічных праблемаў. Бо на рынку мы маем дачыненьне з газэтным графікам, у адрозьненьне ад праектанта вэб-сайтаў і мастака, але таксама з вярстальнікам, праектантам макетаў, тэхнічным рэдактарам, калярыстам і чалавекам, які ўвогуле займаецца графічным афармленьнем. Усе гэтыя дэфініцыі часта ўваходзяць у панятак “газэтны графік”. Аднак калі мы прыгледзімся да гэтых функцый, мы заўважым між імі значныя розьніцы.

Калі мы чытаем тэкст у газэце і разглядаем суправаджальныя здымкі, ілюстрацыі ды інфаграфікі, мы рэдка задумваемся, як гэта сталася, што розныя элемэнты сышліся ў адзін цэласны, лягічны, чытэльны і эстэтычны матэрыял. Нічога дзіўнага, графік ніколі не падпісваецца пад матэрыялам, які выйшаў з-пад ягонай рукі. Гэта не азначае, што роля графіка ў газэце малазначная. Наадварот – гэта ён адказвае за характар газэты ці часопіса, хаця найчасьцей выгляд – гэта вынік кампрамісу паміж некалькімі супрацоўнікамі рэдакцыі.

Гэты тэкст занадта доўгі

Праца графіка – гэта калектыўная дзейнасьць. У ёй часамі трэба столькі ж размаўляць, як і праектаваць. Бо, перш чым распачаць працу, трэба дакладна абмеркаваць выгляд старонкі. Графік павінен ведаць зьмест тэксту, ведаць, што рэдактар прадугледзеў апрача тэксту (графікі, рамкі) і мець інфармацыю ад фотарэдактара – на якія здымкі можна разьлічваць. Гэта надзвычайна важна. Упарадкаваньне ўсяго, што датычыць матэрыялу, можа зэканоміць час ўсёй рэдакцыі. Інакш праца можа пайсьці адпачатку і тады на графіка зваліцца асноўны масіў абавязкаў.

Супрацоўніцтва графіка і рэшты калектыву неабходнае і зь іншых прычын. Часамі здараецца, што добрая ідэя праектавання зьмяняе усё бачаньне матэрыялу, у тым ліку тэкст. Таму гэта праца для эластычных людзей, адстароненых ад свайго мастацкага бачання. Складовай часткай працы графіка зьяўляецца кампраміс – з журналістамі, фотарэдактарам ці галоўным рэдактарам выданьня.

Самай распаўсюлданай праблемай у працы графіка з рэдактарамі зьяўляецца даўжыня тэксту. Неаднойчы ад рэдактараў даводзіцца пачуць: “Завярстай так, каб тэкст не вісеў!”  або “Нічога я дапісваць ня буду!”

Але гэта не заўсёды магчыма. Трэба памятаць, што найперш графік стаіць на варце эстэтычнага выгляду выданьня, празрыстасьці і чытэльнасьці матэрыялу. Таму заўсёды трэба выпрацоўваць кампраміс – паміж найменшай стратай для якасьці тэксту і эстэтыкай матэрыялу.

Супрацоўніцтва з фотарэдактарам заснаванае на адпаведным выбары здымкаў, якія будуць спалучацца з мастацкай візіяй матэрыялу. Часам гэтае бачаньне павінна быць зьмененае, бо не заўжды ўдаецца знайсьці адпаведныя здымкі.

Мама, тата, хачу быць праектантам газэт!

У Польшчы няма вучэльні, якая б рыхтавала да прафэсіі газэтнага графіка. Таму прафэсію выконваюць выпускнікі, напрыклад, факультэта архітэктуры, Акадэміі мастацтва, іншых кірункаў. Зрэшты, свае сілы можа паспрабаваць кожны, хто знаёмы з прынцыпамі тыпаграфіі, ведае графічныя праграмы і не баіцца заняцца мастацкай апрацоўкай здымкаў. Мастацкая адукацыя дакладна дапаможа пры гэтай працы, але і безь яе можна стаць газэтным графікам. На чаканьне натхненьня ў гэтай прафэсіі няма месца, затое патрэбная строгая самадысцыпліна, упарадкаванасьць, строгае і лягічнае мысьленьне. Уявім сабе газэтнага графіка, непасьлядоўнага ў сваіх праектах і ня вельмі ахайнага ў лягічнасьці выбудовы элемэнтаў. Можа, старонка тады і выглядала б цікавай, але не было у ёй цэласнай інфармацыі. А ў гэтай прафэсіі вядзецца галоўным чынам пра тое, каб старонка надавалася для прагляду. Яна павінна характарызавацца найперш цэласным пасылам, які зацікавіць чытача.

Працу графіка найлепей распачаць, як і ў выпадку журналіста, ад стажыроўкі ў рэдакцыі. Спачатку стажыроўшчык вучыцца  ў дасьведчанага спэцыяліста выбіраць здымкі, удзельнічае ў абмеркаваньні матэрыяла і знаёміцца зь неабходнымі ў працы праграмамі. На гэтым этапе найбольш лічыцца хуткае засвойваньне інфармацыі, здольнасьць трапна абіраць здымкі, назіральнасьць, спраўнасьць у паслугоўваньні праграмамі. У гэтай кар’еры важна самаўдасканаленьне і пільнае адсочваньне трэндаў. Тут дапамагае адшукваньне старонак, важных для людзей з гэтай прафэсіі.

Рэкамэндую, напрыклад www.snd.org.

Існуе некалькі “ступеняў пасьвячэньня” ў прафэсію газэтнага графіка. Працу распачынаюць звычайна як вярстальнікі або апэратары DTP. Гэты этап не вымагае высокага ўзроўню крэатыўнасьці, але патрабуе тэхнічных навыкаў –  валоданьня праграмамі, здольнасьці захаваць правілы макетаваньня, прынцыпаў pre press і элемэнтаў паліграфіі. Наступным этапам зьяўляецца графік, які праектуе макеты, то бок больш прасунуты творца складанейшых layout’аў. Самым высокім становішчам зьяўляецца мастацкі дырктар. Гэта ён вырашае, як будзе выглядаць выданьне, кіруе ўсімі графікамі, прадстаўляе ім бачаньне і падбірае ілюстрацыі.

Ня буду арыгінальная і скажу, што праца графіка, як любая праца ў газэце, вымагае адданасьці. Слова “дэдлайн” выклікае ўсё большы стрэс і стому пры набліжэньні тэрміну здачы газэты ў друкарню. У той жа час праца вымагае ўважлівасьці і пасьлядоўнасьці. Аднак пра ўсе мітрэнгі забываешся, калі трымаеш у руках гатовы нумар.

Кухня графіка

На прэс-рынку фігуруюць у асноўным дзьве праграмы, прызначаныя для вёртскі, складаньня і падрыхтоўкі да друку тыпаграфічных матэрыялаў – гэта Quark i InDesign. Дзякуючы ім мноства разрозьненых элемэнітаў складаюцца ў цэласны макет (layout).  Гэта шаблён старонкі, прызначанай для публікацыі, то бок усе характарныя рысы старонкі, якія паўтараюцца з нумара ў нумар. Складовай часткай макету зьяўляецца тыпаграфія. Гэта яна вырашае, як будзе выглядаць тэкст. Каб зразумець яе значэньне, трэба спазнаць некалькі важных паняткаў. Увесь тэкст складаецца з радкоў знакаў, або шрыфтоў. Характар літар мае шмат відаў і падразьдзелаў, розныя формы і тыпы: шэрыфныя, бесшэрыфныя, скандэнсаваныя, тлустыя, курсівы, вэрсалікі, капіталікі і інш. Кожны зь іх мае сваю характарыстыку і прымяненьне – таўшчыню, вышыню і спэцыфічную форму. Пры праектаваньні макета трэба прымяняць розныя памеры шрыфта. Калі б загаловак быў ненашмат большы ад рэшты тэксту, ён быў бы незаўважны. Выбіраючы шрыфты для ўжываньня на старонцы, мы павінныя ўлічваць характар інтэрліній, аб паасобныя радкі “ня склейваліся” міжсобку – то бок былі ў адпаведнай адлегласьці адно ад аднаго. Калі радкі занадта набліжаныя адно да аднаго, позірк чытача лёгка губіцца. Гэта ўскладняе чытаньне.

Таксама варта памятаць пра трэкінг, то бок прастору паміж літарамі ў тэксьце, а таксама пра керлінг, то бок скарачэньне прасторы паміж парамі літар. Варта правяраць заўжды, ці тэкст ў нашым дакумэнце мае адпаведнае для гэтага шрыфта “сьцягваньне”.

Частка паняткаў з газэтнай графікі паходзіць са сфэраў матэматыкі, геамэтрыі, прынцыпаў прапорцыі ці эстэтыкі: напрыклад, базавая лінія, вышыня x, верхні акцэнт, ніжні акцэнт або шэрыф. Таму, як ужо згадвалася, гэта праца вымагае мысьленьня катэгорыямі дакладных дысцыплінаў і нагадвае заняткі па тэхнічных прадметах. Калі мы будзем падбіраць шрыфты да нашай газэты, трэба прагледзець шрыфты айчынных і замежных выданьняў адпаведнага профілю і паназіраць за трэндамі. Этыка не дазваляе нам ніякага капіраваньня, толькі разгляд розных ідэяў з пункту гледжаньня выгляду, чытэльнасьці і ужывальнасьці для нашай газэты.

 

Абдуманыя колеры

Layout  (макет) кожнай газэты зьяўляецца візытоўкай, ён павінны заахочваць да пакупкі. Кожны мае свае характэрныя рысы. У таблоідах, такіх, як  "Fakt", назвы вельмі прыцягваюць увагу, а тэксты кароткія. Штодзёнкі наогул маюць ашчадную графіку, затое часопісы, у залежнасьці ад тэматыкі, утрымліваюць вялікую колькасьць каляровых здымкаў і розных элемэнтаў (рамкі, інфаграфікі і інш.). Аднак ва ўсіх выданьнях мы сустракаемся з чатырма элемэнтамі матэрыялу: з загалоўкам артыкула, тэкстам, здымкам і подпісам да здымка.

Асобнае пытаньне – падбор колераў і складовых элемэнтаў макету. У гэтай сфэры асабліва важны густ. Асноўны прынцып адзін – колеры трэба ўжываць прадумана і ў залежнасьці ад тэматыкі матэрыялу. Яны павінны падкрэсьліваць зьмест (напрыклад, экалягічная тэматыка аж просіцца, каб да яе ўжывалі адпаведныя колеры).

Графік мае таксама задачу падбіраць сабраныя фотарэдактарам здымкі. Можна сказаць, што ў гэты момант ён ператвараецца ў сацыёляга здымкаў. Аналізуе сымбалічны зьмест здымкаў, але прыглядаецца да мастцкіх якасьцяў і тэхнічных паказьнікаў. Звычайнай апэрацыяй пры здымках зьяўляецца кадраваньне, то бок выбар часткі здымка, якая нясе найбольшую інфармацыйную вартасьць. Гэта вымагае засяроджанасьці і напружанай думкі. Часам выкадраваньне твару героя артыкулу, які выражае моцныя эмоцыі, мае большае ўзьдзеяньне на чытача, чым зьмяшчэньне таго самага здымка без кадраваньня. Веданьне, як рабіць кадраваньне, прыходзіць разам з досьведам. Варта разьвіваць яго, працуючы зь вядомымі газэтнымі графікамі і чытаючы часопісы і кніжкі гэтай тэматыкі. Рэкамэндую польскае і замежнае выдавецтва Komputer Arts, якое падрабязна навучае праграмам, а таксама публікацыю "Падручнік праектанта газэт" Тыма Хароўэра (Tim Harrower).

Газэтны графік – гэта прафэсія, у якой заўжды трэба арыентавацца ў навінках, увесь час вучыцца новым рэчам. Тым больш, што крызыс на рынку друкаванай прэсы паказвае, што частка з выданьняў будзе шукаць сваё месца, праектуючы макеты інтэрнэт-сэрвісаў і e-газэт. Гэта пытаньне найбліжэйшай будучыні.

Дарота Цыбульска,

газэтны графік. Працуе ў выдавецтве Axel Springer Polska

Creative Commons License
Усе матэрыялы распаўсюджваюцца на падставе ліцэнзіі Creative Commons .
Фота:

Anatoliy Zavodskov, Photoxpress, распаўсюджваецца па ліцэнзіі Creative Commons