Mission impossilble 2: Здаць тэсты

Што запомніць гісторыя пра сёньняшняга міністра адукацыі? Тое, што пры ім амаль зьніклі беларускія класы і зачынены беларускі гуманітарны ліцэй? Або тое, што беларускіх пісьменьнікаў (нават са званьнем “народны”) перасталі пускаць на сустрэчы з навучэнцамі? Або тое, што ён узначаліў прапрэзідэнцкае грамадскае аб’яднаньне “Белая Русь”? Або тое, што са школьных праграмаў выключана гісторыя Беларусі як асобны прадмет? Або тое, што працаўладкаваньне настаўнікаў перавялі на кантрактную сістэму, прычым кантракты з настаўнікамі заключаюцца на адзін год, рэдка на два-тры гады, як магутны сродак выхаваньня ў іх паслухмянасьці? Або патрабаваньнем ад настаўнікаў супэрсправаздачнасьці, пры якой у іх ужо не хапае часу на галоўную частку сваёй працы? Або выключэньнем з ВНУ і звальненьнем са школ асобаў з апазіцыйнымі думкамі? Або тое, што ён увёў для абітурыентаў цэнтралізаванае тэставаньне?..

Калі за амаль усё пералічанае нашчадкі будуць слаць яму праклёны, то да апошняга пункту давайце прыгледзімся больш уважліва. Традыцыйныя іспыты ў вуснай ці пісьмовай форме заменены на варыянт “угадай адказ”. Натуральна, што ў такой формы вызначэньня лепшых шмат недахопаў.

Як ні кажы, калі перад экзаменатарам ВНУ сядзіць жывы чалавек, то ў непасрэднай размове лепш выявіцца і ягонае кола ведаў, і разумовыя здольнасьці, і тыя ці іншыя псіхічныя асаблівасьці.

Нават калі камісія мае справу не з самім чалавекам, а зь яго пісьмовай працай, то выпадковая вылічальная памылка, якая сказіла адказ, можа быць і не ўлічана, калі на паперы правільнае й лягічна абгрунтаванае рашэньне.

У той час, як машына (нават калі тэст правярае чалавек, ён дзейнічае цалкам механічна, як машына) абыякавая да правільнасьці і лёгікі, ёй патрэбен менавіта правільны адказ, які можа быць атрыманы зусім без лёгікі, а “метадам сьляпога тыку”.

І тым ня менш, калі б праводзіўся рэферэндум аб выбары паміж традыцыйнымі іспытамі і сёньняшнімі тэстамі, я б выказаўся за тэсты. Чаму?

Традыцыйныя іспыты – задавальненьне досыць дарагое: пры кожнай ВНУ ствараюцца шматколькасныя экзаменацыйныя камісіі, задзейнічаны й сакратары, і лабаранты, і выкладчыкі, людзей адклікаюць з адпачынку, каб распрацаваць варыянты экзаменацыйных заданьняў, прымаць экзамены (пісьмовыя ў нібыта шыфраванай форме), падводзіць іх вынікі, пісаць справаздачы… Але я зараз не пра дарагавізну.

Распрацаваныя варыянты заданьняў – інфармацыя па статусе сакрэтная. Але да яе маюць допуск дэкан, рэктар, старшыня экзаменацыйнай камісіі, праз іх шматлікія іх сваякі, сябры ці проста “карысныя людзі”. І экзамен пераўтвараецца са спаборніцтва на розум і адукаванасць у спаборніцтва на блізкасць-сяброўскасьць з пасадавай асобай.

Нават калі іспыт вусны, то кожнаму экзаменатару перадаюцца паперкі з прозвішчамі абітурыентаў, да якіх патрэбная “асаблівая ўвага”. Гэта ад Пятра Дзянісавіча, а гэта ад Ірыны Іванаўны, а гэта ад самога…

Аднойчы па заканчэньні такіх іспытаў сустрэў былую сваю студэнтку, якая зараз выкладае ва ўніверсітэце.

– Ну што, усе просьбы атрымалася выканаць?

– Усе, – усміхнулася яна.

– А як сумленьне? Не пішчыць?

– А што! – Яна паціснула плячыма. – Усе так робяць.

“Усе так робяць” – выратавальная формула для яе сумленьня. І кідаць у яе камень не хочацца, бо сапраўды ўсе (адзінкавыя выключэньні можна не ўлічваць, бо такіх проста не ўключалі ў экзаменацыйныя камісіі).

Тэсты, што ні кажы, ад гэтай закаранелай хваробы пазбаўляюць. Не цалкам, але ў значнай меры. Гэта бачыцца нават па тым, што рэзка ўзрос попыт на добрых рэпетытараў, а значыць і на веды.

Праўда, не толькі тэсты ў гэтым “вінаватыя”. Тут трэба ўлічваць і зніжэньне якасьці настаўніцкай працы па прычынах вышэй пералічаных. Але каб грошы ці сяброўства-сваяцтва маглі гэтую праблему вырашаць па ранейшай схеме, такіх патрэбаў у рэпетытарах не было б.

Да новай формы спаборніцтва абітуры ўсе ўжо крыху прывыклі й пачынаюць прыглядвацца ўважлівей. З мэтай: дзе знайсьці слабіну ў гэтай схеме, каб перахітрыць тэставальнікаў? Спадзяванкі найперш на сучасныя сродкі сувязі.

Натуральна, што прыносіць з сабой мабільнікі на тэсты забаронена. Але ж знаходзяцца рызыканты – праносяць. Схема, напрыклад, такая. Прыходзяць на тэсты сябры А (якому трэба тэсты здаць) і Б (якому тыя тэсты да лямпачкі). Б, атрымаўшы аркуш з заданьнямі, фатаграфуе заданьні на свой мабільнік (калі атрымаецца зрабіць гэта незаўважна; але на пачатку працы выкладчыкі яшчэ ня вельмі актыўна сочаць за аўдыторыяй) і выходзіць, паклаўшы на стол чыстыя аркушы – маўляў, складаныя заданьні, усё адно я не выканаю. На вуліцы яго чакае памочнік, які вельмі добра ўмее рашаць тыя задачы і робіць гэта хутка. Праз хвілін 30-40 тыя рашэньні Б фатаграфуе на свой мабільнік і адсылае сябру. Тому застаецца перапісаць атрыманыя рашэньні. Мне вядомы адзін факт, калі такое прайшло, і вядомы два факты, калі такое не прайшло. Усё ж і рассадка па аўдыторыях зараз не па жаданьнях абітурыентаў, і варыянты могуць аказацца рознымі, ды й камісія сочыць…

Таму лепей не рызыкаваць. Але ж як запомніць сотні матэматычных формул ці правілаў мовы? Пісаць шпаргалкі? Шпаргалкамі сапраўды пакарыстацца прасьцей, чым мабільнікам. Таму й пішуць. Дзяўчаты на каленках і крыху вышэй каленак, прыкрываючы напісанае спаднічкамі не міні-фармату. Хлопцы выкарыстоўваюць скуру рук ці часьцей традыцыйныя шматкі паперы. І тут узнікае істотная праблема: як на маленькай плошчы зьмясьціць як мага больш інфармацыі?

У даўнія свае студэнцкія гады, рыхтуючыся да іспытаў, я амаль кожны раз пісаў шпаргалкі. Праўда, карыстаўся імі рэдка (і шчыра сказаць, не заўсёды ўдала). Проста, перапрацоўваючы нейкі тэкст для перакладу яго на шпаргалку, абдумваючы, як бы яго максімальна скараціць, захаваўшы істотнае, я ў выніку атрымліваў тое, што шпаргалка неяк добра ўкладвалася ў маю памяць, асабліва калі ўдавалася знайсьці яркую, вобразную форму шпаргалкі. Пазней, ужо стаўшы настаўнікам і пачаўшы прыглядацца да сакрэтаў посьпеху больш вопытных калегаў, я заўважыў, што, напрыклад, такі вядомы настаўнік як В.Шаталаў зрабіў шпаргалкі істотнай часткай сваёй навучальнай сістэмы.

І зараз, калі да мяне прыходзіць чалавек, каб я дапамог асвоіць матэматыку, я кожны вывучаны зь ім раздзел заканчваю шпаргалкай (або па Шаталаву: лістом апорных сігналаў – лас). Уся тэма “Прагрэсіі” зьмяшчаецца, напрыклад, на адным адным аркушыку сшытка, уся трыганаметрыя – на трох. Тыя з настаўнікаў, хто асвоіў гэты шаталаўскі прыём, даюць сваім вучням магутны сродак упакоўкі інфармацыі ў памяці.

Мяне вельмі цешыць адзін падарунак, зроблены выпускнікамі падпольнага гуманітарнага ліцэя імя Я.Коласа, – цішотка з выявай трыганаметрычнай акружыны (першы лас трыгынаметрыі). Дзяўчына, якая прэзентавала прадарунак, дадала: “Выбачайце, калі знойдзеце там памылкі. Малявала па памяці.” Пару невялікіх памылак я сапраўды там знайшоў, але мяне яны яшчэ болей сагрэлі, бо сапраўды бачна, што малявала па памяці. І малявала тая, якая за два-тры гады да таго не магла ўспомніць ніводнай матэматычнай формулы, нават самай простай, а тут вось паўтрыганаметрыі як на далоні. Хаця, па праўдзе сказаць, тая трыганаметрыя ёй зусім не патрэбная, а запомнілася таму, што запомніць аказалася лёгка.

Таму, калі ў мяне пытаюцца, якім чынам лепш падрыхтавацца да тэстаў, адказваю: шукайце настаўніка, які навучыць вас пісаць шпаргалкі, тыя шпаргалкі, якія застаюцца ў памяці.

Калі вас вучыць не такі настаўнік, тады шукайце добрага рэпетытара. Пытаюцца: а як знайсьці менавіта добрага? Цяжка параіць нешта канкрэтнае. Можна сказаць, напрыклад, што добрая кілбаса ў краме даражэй каштуе за кепскую. Прыблізна так і з рэпетытарамі.

Але тут яшчэ вось якая акалічнасць. У кожнага чалавека свая манера паводзінаў. У кожнага рэпетытара свая манера кантактаваньня з вучнямі. Адзін вучань успрымае такую манеру цалкам прыязна, а другому яна не падабаецца, і гэта накладае свой адбітак на якасьць успрыманьня. Я ведаю аднаго някепскага рэпетытара, які звыкся сваіх вучняў называць памяншальнымі імёнамі. Гэтыя “Светачка, Танюшанька, Віцюшанька”, можа, кагосьці кранаюць, нехта іх церпіць, а дзяўчына па імені Каця пайшла шукаць іншага рэпетытара пасля таго, як ён некалькі раз назваў яе “Кацюшкай”.

Але ёсьць адна прыкмета, па якой можна вызначыць вопытнасць рэпетытара. У вопытнага рэпетытара няма пэўнай, для ўсіх прыгоднай, нязьменнай праграмы. Калі чалавек прыходзіць да рэпетытара і кажа: “Вось гэтыя раздзелы я ведаю добра, можна іх абмінуць, а больш падрабязна спыніцца на іншых пытаньнях,” а рэпетытар адказвае: “Не-не, у мяне ёсць свая праграма і мы будзем працаваць па гэтай праграме,” – пашукайце іншага рэпетытара. Вось прыходзіць да мяне малады чалавек: “Колькі часу мне трэба, каб асвоіць трыганаметрыю?” Я ўспамінаю тое, што ў мяне адбывалася раней і кажу: “Мінімум тры заняткі, максімум дванаццаць.” Вось такі роскід.

Натуральна, што чалавек хоча спрагназаваць, колькі яму будзе каштаваць праца з рэпетытарам. Лішніх грошай у сям’і не бывае. Адпаведна іх наяўнасьці й трэба плянаваць сваю працу. Але калі зьвярнуцца да рэпетытара за два-тры месяцы да тэстаў, нешта істотнае паправіць тут ужо наўрад ці магчыма. Лепш паклапаціцца загадзя.

Год спакойнай працы з рэпетытарам па адным занятку на тыдні часта бывае дастаткова пры інтэнсіўнай працы вучня паміж заняткамі. Але калі чалавека трэба паднімаць амаль з нуля, то аднаго года ня будзе дастаткова. Але магчыма яго задаволіць і невялікі станоўчы вынік?

Тады прыступайце!.. Да тэстаў засталося менш за паўгода.

Міхась Булавацкі

настаўнік матэматыкі, Магілёў 

 

Creative Commons License
Усе фотаздымкі зьмешчаныя на падставе ліцэнзіі Creative Commons .
Фота:

1) Andrzej Soja, Photoxpress

2) Andrey Kiselev, Photoxpress

3) Christopher Hall, Photoxpress