MAM у сетцы
Мы падтрымліваем
Па змоўчаньні артыкулы, разьмешчаныя на сайце "Э-лекцыі", знаходзяцца ў адкрытым доступе і абапіраюцца на дзеяньне ліцэнзіі Creative Commons.

Што такога ёсьць у школьных газэтах, што падабаецца журы?
Крытэры ацэньваньня школьных газэтаў падаюцца выразнымі й празрыстымі, і вядома, чаго будуць чакаць тыя, хто ацэньвае – але як гэта выглядае на практыцы?
Вельмі рэдка ў школьных газэтах можна знайсьці тэксты, якія патрабавалі аўтарскай адвагі для выказваньня ўласных поглядаў. Часьцей за ўсё там можна знайсьці меркаваньні дарослых, паўтораныя моладзьдзю ды не падмацаваныя ніякімі аргумэнтамі. У большасьці сваёй тэксты напісаныя “гладка” і згодна з настаўніцкай цэнзурай. Гэта лёгка адчуць.
Цягам 2-х апошніх гадоў мы прасілі рэдакцыі газэтаў, каб яны самастойна намінавалі на індывідуальную ўзнагароду апублікаваныя там тэксты. І што атрымалася: з больш як 200 тэкстаў журы зацьвердзіла толькі некалькі. У мяне складваецца ўражаньне, што настаўнікі глядзяць на журналісцкі тэкст, як на школьны твор, “сачыненьне” (такіх было сапраўды шмат). Альбо яны ня ведаюць розьніцы паміж хатняю працай і журналісцкім жанрам і дасылаюць апавяданьні ды эсэ (да таго ўжо ўзнагароджаныя дзесьці раней).
Найбольш распаўсюджаны жанр, зь якім сустракаюцца сябры журы, гэта інтэрвью. Але... Амаль заўжды без назвы (слова “інтэрвью” ня можа быць назваю), рэдка зь нейкім уступам. Тэкст часьцей за ўсё непрадуманы: задаюцца пытаньні, адказы на якія абсалютна паміж сабой не зьвязаныя, выпадковыя. Тым часам інтэрвью – не такі просты жанр.
Журы чакае, напрыклад, рэпартажу, які не зьяўляецца нейкай складанай для засваеньня формай. Тым больш, на гэтую тэму існуе шмат артыкулаў і парадаў для настаўніка.
З астатніх жанраў атрымліваецца часам вылавіць неблагую рэцэнзію – пры ўмове, што яна ўласная, аўтарская. І хіба ўсё.
Бо школьныя фэльетоны маюць мала супольнага з сапраўднымі рысамі жанру, а праблемных артыкулаў як кот наплакаў. Затое банальных апісаньняў і нараканьняў – процьма. Але яны акурат маюць мала супольнага з журналістыкай.
Балячка школьных газэтаў – гэта яшчэ й паўтарэньне сьвяточных звычаяў ды рытуалаў, усхваленьне асобаў, імя якіх носіць школа, справаздачы з усіх магчымых школьных мерапрыемстваў і г.д. Тым часам чытачу-вучню гэта нецікава.
Трэба прызнаць, што дзякуючы распаўсюду кампутара, незалежна ад праграмы, у якой мы шыхтуем газэту – яна выглядае ўсё больш прывабна. Аднак... аказваецца, што й гэта тычыцца далёка не ўсіх.
Уявіце сытуацыю: вымаю газэты з капэртаў, сартуючы іх у адпаведныя катэгорыі, і шукаю рэдактарскую калёнку – беспасьпяхова. Больш за тое: не магу нават вызначыць месца, зь якога яна паходзіць. Гартаю старонку за старонкай – аніводная зь іх не ўтрымлівае хаця б узгадкі пра населены пункт (не кажучы ўжо пра нумар школы), у якім яна паўстала.
Наступная рэч: “сьвятло” – хіба ня кожны разумее, што яно азначае – гэта пустая, свабодная плошча, прысутнасьць якой неабгрунтаваная ў дадзеным месцы. Мноства газэт “сьвеціць” пустэчай (ужо ня кажучы пра запаўненьне артыкуламі выключна няцотныя і пакіданьне пустымі цотныя старонкі!). Лякалізаваньне тэкстаў непрадуманае, здаецца, што газэта створаная толькі для таго, каб школа магла пахваліцца ейным існаваньнем.
Калі сябры журы натрапляюць на прадуманую, прыстойную газэту (што азначае простасьць і функцыянальнасьць), з характэрнымі для яе графічнымі знакамі й пабудовай зьместу – то іх зацікавіць менавіта яна. Такіх газэт ужо даволі шмат, таму аб тым, ці гэта майстэрская газэта, ці яшчэ не, мусяць вырашаць іншыя крытэры.
стварэньне школьнай газэты з арыгінальным зьместам – без тэкстаў і ілюстрацыяў, пазычаных у інтэрнэце ці іншых мэдыях, без агульнадаступных ведаў з падручнікаў ды энцыкляпэдыяў.
Сталыя перадрукоўкі зь інтэрнэту! Пачынаючы з анекдотаў, красвордаў, графічных элемэнтаў, фотаздымкаў, рэцэнзіяў на кнігі, рэйтынгаў, хіт-парадаў, дасягненьняў айчынных спартоўцаў на міжнароднай арэне (sic!) – і скончваючы рознымі цікавінкамі ды дапаможнай інфармацыяй па школьным навучаньні.
Самае горшае, што усё часьцей зьяўляюцца плягіяты. Гэтай апошняй трасцы мы не дамо рады ніколі, калі самі ня будзем сумленнымі. З розных мэдыяў вядома, што плягіяты сталіся паўсюднымі, што крадуць нават кандыдацкія дысэртацыі – але мы мусім разумець, што тое, што стварыў не я сам, ёсьць прысваеньнем чужога, крадзежам. З гэтым трэба змагацца. Дзеля гэтага трэба ўвесьці абавязак веданьня вучнямі аўтарскага права (калі 10-ці запаведзяў недастаткова).
А ўзнагароды атрымліваюць якраз газэты з арыгінальным зьместам і абліччам: тыя, якія маюць уласны стыль, графічнае афармленьне, уласныя тэксты, творчыя й крэатыўныя, з усьведамленьнем і выкарыстаньнем розьніцы паміж журналісцкімі жанрамі, прафэсійна складзеныя, якія прывабліваюць увагу.
Гэта суб’ектыўнае меркаваньне, але з маіх шматгадовых назіраньняў вынікае, што рэдакцыі, якія калі-кольвечы атрымалі ўзнагароду на агульнапольскім конкурсе школьных газэтаў маюць... выбітных апекуноў. Гэта аддадзеныя справе людзі, якія прысьвячаюць маладым журналістам шмат часу, ходзяць зь імі ў тэатр, кіно, на розныя імпрэзы (пасьля заняткаў, натуральна), выдумляюць розныя “акцыі”, напрыклад “ноч у школе” (калі дзеці ня маюць сродкаў, каб куды-небудзь выехаць) або маюць масу іншых ідэяў, якія натхняюць вучняў. Яны разумеюць праблемы моладзі й дазваляюць ёй выказваць уласнае меркаваньне (вядома, захоўваючы прынцып права голасу для ўсіх бакоў і нікога не абражаючы). Гэтыя настаўнікі часта шукаюць курсы ці майстэрні, дзякуючы якім могуць пашырыць свае веды й навыкі. Яны не саромеюцца задаваць пытаньні й ахвоча бяруць удзел ва ўсім, што іх разьвівае, каб перадаць гэтыя веды іншым.
Яны таксама адзначаюцца ў конкурсе сьціплым сувэнірам ды дыплёмам прызнаньня заслугаў.
Забаўна, але цягам ужо амаль 15-ці гадоў прэтэнзіі да арганізатараў мелі толькі тыя настаўнікі, якім школьная газэта была патрэбная для чарговага прасоўваньня па службовай лесьвіцы. Яны крыўдзяцца, калі ўзнагароды атрымліваюць іншыя, настойваюць на зьмене рэглямэнту такім чынам, каб кожная рэдакцыя-удзельнік магла атрымаць узнагароду... Але ня ў гэтым сутнасьць. Журы адзначае толькі выключных, найлепшых, тых, з каго можна браць прыклад і дзякуючы каму можна ўсьцяж разьвівацца.
Настаўніца польскай мовы, шматгадовая апекунка школьных газэт, ініцыятар і арганізатар “Форуму Пісакаў” – агульнапольскага конкурса школьных газэтак. Сябра Згуртаваньня журналістаў Польшчы, працавала журналісткаю 8 гадоў.

Sundikova, Photoxpress