Пра патрэбу й спэцыфіку рэадкцыйных сходаў

Рэдакцыйны сход – гэта група людзей, якія супольна апрацоўваюць кшталт выданьня, вырашаюць пра ягоны зьмест. Гэта таксама нарада калектыву рэдакцыі. Ці патрэбныя такія сустрэчы ў зьвязку з працаю над школьнаю газэтай?

Неабходныя!

Мы падыходзім да справы прафэсійна, таму рэгулярна сустракаемся з сябрамі рэдакцыі. Рэдакцыйны сход можа весьці галоўны рэдактар або сакратар рэдакцыі – але напачатку гэта безумоўна станецца абавязкам апекуна. Мэтаю сустрэчаў будзе распрацоўка кшталту выданьня, яго асаблівага характару, яго удасканальваньне. Разам з тым: абмеркаваньне ўсялякіх дзеяньняў і ініцыятываў, а таксама ўнутрырэдакцыйных праблемаў – інтэграцыя калектыву.

Арганізацыя

Можам пачаць з перастанаўкі сталоў ды крэслаў (якая будзе адрозьнівацца ад школьнага стандарту падчас урокаў), з падрыхтоўкі шклянак ды напояў, паперы ды асадак. Ня трэба вітацца – так, як мы гэта робім з нагоды пэдагагічных сходаў, нарадаў ці йншых афіцыйных сустрэчаў – вучні бачацца штодзень на школьных калідорах, і з апекуном яны, зазвычай, таксама маюць штодзённы кантакт.

Варта сфармуляваць пэўныя правілы – рэглямэнт сходаў, каб не перабіваць адзін аднаго, не перакрыкваць і не сварыцца.

У залежнасьці ад таго, ці мы будзем абмяркоўваць папярэдні нумар або плянаваць наступны, мусім весьці сход так, каб ён быў як мага больш эфэктыўны.

Brainstorm

Плянуем чарговы нумар нашай газэты. Калі мы раней не папрасілі падрыхтаваць тэмы, то прапануем, каб кожны падумаў, што павінна зьявіцца ў чарговым нумары. Калі якраз выпадае нейкае сьвята, то думаем, як найбольш прывабна яго апісаць, як не паўтараць таго, што напісалася год таму. Узгадваем, што адбылося ў школе з часу выхаду апошняга нумару, пра якія праблемы пачулі, што пабачылі на школьнай тэрыторыі: у клясах, на калідорах, на спартовай пляцоўцы. Сьведкамі чаго мы былі ў пазашкольны час, у якіх імпрэзах бралі ўдзел. Адкрываем паштовую скрыню й праглядаем ейны зьмест. Можа знойдзем у ёй нейкі ліст, і трэба будзе на яго адказаць. Урэсьце, прапануем тэмы артыкулаў (сабраныя ў рэдакцыйным нататніку), прызначаем іх канкрэтным аўтарам, а фотарэпартэра просім зрабіць неабходныя здымкі. Калі маем у камандзе добрага мастака, кладзем на яго абавязак (і задавальненьне) зрабіць ілюстрацыі да часткі артыкулаў, або просім намаляваць комікс.

Макет

Гэтая тэма сходу зьяўляецца звычайна ўжо пасьля напісаньня тэкстаў і падрыхтоўкі ілюстрацыяў. Мы ўжо ведаем, колькі месца займаюць нашыя матэрыялы й можам плянаваць адпаведныя калёнкі. Гэты ці не самы прыемны працэс, бо мы ёсьць творцамі чагосьці, што ўжо праз пару дзён будзем трымаць у руках.

Калі існуе такая магчымасьць, варта прыгледзецца, як адпаведныя элемэнты нашага пляну пераносяцца на экран кампутара, колькі месца яны фактычна займаюць, як “нараджаецца” чарговая старонка газэткі. Многім прасьцей будзе зразумець, чаму сакратар рэдакцыі просіць аб тым, каб артыкул меў акурат такую, а не йншую колькасьць знакаў.

Калі ў рэдакцыі мы маем (бо так гэта выдумалі) адказных за канкрэтныя старонкі або рубрыкі журналістаў, то можам папрасіць іх заплянаваць свае калёнкі, а потым пракантраляваць рэалізацыю пляну.

Ну й канешне варта выдрукаваць кожную старонку, праверыць, ці выпраўленыя ўсе моўныя памылкі, зрабіць дадатковую праўку.

За лепшую якасьць выданьня

Газэтка зьявілася, і цяпер мы абмяркоўваем, што нам у ёй падабаецца, што можна ўдасканаліць, які элемэнт увесьці, які прыбраць і г.д. Дыскусія мусіць быць канкрэтнай. Можам натаваць назіраньні журналістаў, галасавць па па прапанваных зьменах – усё дзеля таго, каб было лепш. Калі атрымаецца параўнаць нашую ідэю газэткі зь іншымі (а ў інтэрнэце іх мноства), то можна нейкі элемэнт пазычыць, падгледзець, як вырашыць праблемы, якім не даем рады, скарыстаць чыюсьці ідэю і г.д.

“Пугі й пернікі”

Бывае так, што ў нашай групе нараджаюцца канфлікты: нехта спазьняецца з артыкулам, нехта не прыносіць своечасова іншы абяцаны матэрыял. У выніку мы засмучаныя тым, што ўкладаем у рэдакцыйную працу столькі энэргіі, а вынікаў трэба так доўга чакаць... Варта стварыць сыстэму пакараньняў за акрэсьленыя парушэньні. Пачаць з папярэджаньня ад галоўнага рэдактара – і скончыць выключэньнем неадказнага журналіста з рэдакцыі.

У той жа час, я не ўяўляю сабе рэдакцыйнае працы без пахвалы й ўзнагародаў. Прычым годная ацэнка высілкаў ад галоўнага рэдактара (равесьніка) ёсьць хіба для журналіста больш значнай чым адабрэньне апекуна.

Прапаную таксама ўзнагароды для найлепшых журналістаў напрыканцы школьнага году. У рэдакцыйным нататніку можна пазначаць, хто напісаў найбольшую колькасьць тэкстаў, зрабіў здымкаў ды малюнкаў, хто ніколі не спазьняўся з матэрыялам і ўзорна выконваў свае абавязкі. Прапановы наконт узнагародаў няблага абмеркаваць на рэдакцыйным сходзе.

І разьвітаньне...

Гэта асаблівы рэдакцыйны сход. Урачысты й кранальны. Калі нехта з рэдакцыйнай каманды скончвае адукацыю, варта гэта адзначыць асабістаю падзякай ад галоўнага рэдактара й апекуна (можна таксама запрасіць дырэктара школы), уручыць памятны падарунак або дыплём. І сесьці яшчэ раз за рэдакцыйным, гэтым разам прыгожа накрытым, бяседным сталом – з тортам і уласнаручна прыгатаванымі ласункамі...

Гэтаксама са сьвяточнымі сходамі: шмат рэдакцыяў сустракаецца з нагоды сьвятаў, запрашаючы таксама былых журналістаў. Гэта мілыя імгненьні, якія надоўга застаюцца ў памяці.

Нашыя ўласныя

Рэдакцыйныя сходы безумоўна неабходныя. І асаблівую формулу надаюць ім урэсьце рэшт самі журналісты. З часам яны ствараюць уласны графік сустрэчаў, зь нейкімі элемэнтамі, якія пазьней становяцца традыцыяй гэтай групы вучняў. Гэта спрыяе ня толькі больш эфэктыўнай працы, але таксама інтэгруе рэдакцыю ды дае магчымасьць прыемна й карысна праводзіць вольны час.

Эльжбета Cура

Настаўніца польскай мовы, шматгадовая апекунка школьных газэт, ініцыятар і арганізатар  “Форуму Пісакаў” – агульнапольскага конкурса школьных газэтак. Сябра Згуртаваньня журналістаў Польшчы, працавала журналісткаю 8 гадоў. 

Creative Commons License
Усе матэрыялы распаўсюджваюцца на падставе ліцэнзіі Creative Commons .

Фота: 

Lars Plougmann, зьмешчана на падставе ліцэнзіі CC