1. Відэатэхніка | 2. Відэазапіс | 3. Мантаж | 4. Ліцэнзія | 5. Публікацыя | 6. Прамоцыя

1.2: Аўдыё абсталяваньне

Навічкі часта трымаюцца меркаваньня, што якасьць гуку ня грае такога ж значэньня, што й якасьць выявы. Аднак дасьведчаны аператар будзе цьвердзіць зусім адваротнае. Кепскі гук можа сапсаваць нават самую цудоўную ва ўсіх сэнсах выяву.
Незалежна ад тыпу й кшталту мікрафона заўжды трымайце яго як мага бліжэй да крыніцы гуку.

Мікрафон. Убудаваны ці зьнешні?

Большасьць лічбавых фотаапаратаў і некаторыя таннейшыя камеры не абсталяваныя гняздом для мікрафону (выглядае так жа, як гняздо для навушнікаў, толькі чырвонага колеру). Калі вы маеце апарат без такога гнязда, можаце нават не заганяцца наконт зьнешняга мікрафону. Вам проста ня будзе куды яго падключаць.

Але калі Вы аднак заінвэставалі крыху болей фінансаў і набылі камеру з аўдыёўваходам, то, ужываючы зьнешні мікрафон, можаце гарантавана дасягнуць нашмат лепшай якасьці гуку. Нават недарагі экзэмпляр за 30 даляраў дасьць нашмат лепшы сыгнал, чым любы убудаваны мікрафон.

Зьнешні мікрафон

Ручны

Гэта базавы мікрафон, які часта ўжываюць, напрыклад, тыя ж журналісты. Досыць лёгкі й танны. Яго можна перадаваць з рукі ў руку альбо прымацаваць да металічнага штатыва, каб трымаць бліжэй да крыніцы гуку.

Петлічны мікрафон

Ён прычапляецца да кашулі ці пінжака й гарантуе добрую якасьць, калі трэба запісваць голас адной асобы.

Накіравальны мікрафон

Добры накіравальны мікрафон, як правіла, каштуе даражэй за параўнальныя па якасьці ручныя петлічныя мікрафоны, але затое можа пахваліцца незвычайнай уласьцівасьцю: ён хапае гук з акрэсьленага кірунку (то бок чуе адтуль, куды кіруеш). Такія мікрафоны вельмі патрэбныя для запісу голасу чалавека, які, напрыклад, выступае перад натоўпам.

Многія відэакамэры маюць гнёзды стандартных памераў, у якія можна прымацаваць накіравальны мікрафон, аднак дастаткова вялікі працэнт апаратуры абсталяваны асаблівымі спосабамі падлучэньня, таму раім правяраць гэтыя рэчы перад пакупкай мікрафону й відэатэхнікі.

XLR i stereo разьём

Прафэсійныя мікрафоны, зазвычай, маюць разьёмы XLR, але большасьць лічбавых відэакамераў не абсталяваная такімі гнёздамі. Каб вырашыць праблему й усё ж карыстацца мікрафонамі пад штекеры XLR, рэкамэндуем набываць адпаведныя перахаднікі.

Безправадная сістэма

Надзейная безправадная сістэма часта не адносіцца да катэгорыі танных. Таму мы бы не раілі выкарыстоўваць малабюджэтныя рашэньні для прафэсыйных мэтаў, паколькі безправадныя мікрафоны вельмі адчувальныя да памех і могуць нарабіць вам болей шкоды, чым карысьці.

Навушнікі

Падчас ужываньня зьнешняга мікрафону абавязкова сачыце за гукам! Проста падлучыце навушнікі да аўдыёвыхаду камэры й правярайце якасьць гуказапісу. 

Навушнікі дазваляюць выявіць праблемы з кепскм падключэньнем, памехі на лініі (радыйныя ці электрамагнітныя), а таксама шумы навакольнага асяроддзя (напрыклад, фонавы шум). Вырашыць праблему памехаў падчас гуказапісу - значыць з’эканоміць шмат нэрваў і часу падчас пазьнейшай апрацоўкі засьнятых відэаматэрыялаў. 

Гэты твор даступны на падставе ліцэнзіі Creative Commons - Прызнаньне аўтарскіх правоў на тых жа самых варунках

 

Арыгінал знаходзіцца на makeinternettv.org, быў створаны й належыць The Participatory Culture Foundation.