MAM у сетцы




У межах праекту Моладзевая Акцыя Мультымэдыяў пачаў сваю дзейнасьць праект “Інтэрлекцыі”, рэалізаваны ў супрацы зь незалежным Эўрапейскім гуманітарным унівэрсітэтам у Вільні.
Падчас штомесячных спатканьняў прадстаўнікоў фонду Новыя Мэдыі і журналістаў са студэнтамі і выкладчыкамі ЭГУ будуць уздымацца актуальныя аспекты сучаснай журналістыкі і новых мэдыяў на польскім і агульнаэўрапейскім прыкладзе, будзе закранута тэматыка новых трэндаў журналісцкага рамяства (газэтная графіка, інтэрнэт як інструмэнт адукацыі, сацыяльныя сеці, відэаблогі).
Заняткі будуць праводзіць: Міхал Маслоўскі, Павал Сіто, Дорота Цыбульска, Алесь Лукашэвіч і Міхал Харбулевіч.
26 лістапада 2010 г. адбыліся першыя заняткі, падчас якіх Вольга Гардзейчык-Мазярска, каардынатар праекту МАМ Усход, і спадар Аляксей Крывалап запрэзентавалі студэнтам ідэю курсу “Інтэрлекцыі”.
Для вывучэньня былі запрапанаваныя наступныя тэмы: новыя мэдыі, сацыяльныя сеці ды іх уплыў на міжлюдскую камунікацыю, спосабы выкарыстаньня інтэрнэту, інтэрнэт як інструмэнт адукацыі.
Другую частку сустрэчы студэнты прысьвяцілі стварэньню ўласнай мультымы, э-газэты, - “У сеці”.
Дзякуючы шырокаму выкарыстаньню матэрыялаў, прадстаўленых выкладчыкам, працы над электроннай газэтай рушылі даволі хутка й спраўна.
Спатканьне ў Вільні было запісана на камэру й дыктафон, а здабытыя такім чынам матэрыялы паслужаць стварэньню інфармацынай брашуры, дзе фонд і прадстаўнікі ЭГУ зьмесьцяць самыя цікавыя фрагмэнты лекцыяў і дыскусійнай панелі.


Ужо першы выклад паказаў, што інтэрлекцыі ствараюць сапраўдную прастору для абмену поглядамі, досьведам і навыкамі. Як прыклад - спантаннае выступленьне Максіма Мільты, які яшчэ падчас вучобы ў сярэдняй школе браў удзел у майстар-клясах фонду Новыя Мэдыі ў Польшчы. Ён расказаў, як пасьля вяртаньня ў Беларусь стварыў і выдаваў у адной зь менскіх гімназіяў газэту “Марэнга”. Дзякуючы прэзентацыі свайго мультымэдыйнага выданьня, Максім распавёў пра перавагі супрацы з Фондам Новыя Мэдыі.
Рэдакцыя “У сеці” анансавала выданьне чарговых нумароў сваёй новаўтворанай газэты, прысьвечаных жыцьцю вучэльні і праблемам студэнцкай супольнасьці.
Цягам наступнага месяца чарговыя прадстаўнікі Фонд Новыя Мэдыі наведаюць беларускі ўнівэрсітэт у Вільні, каб рэалізаваць другую частку трэнінгу з абшару абслугі сістэмы э-газэтаў.