MAM у сетцы
Два летнікі "ДЭМА", зладжаныя Фондам Новыя Мэдыі пры падтрымцы МЗС Польшчы прайшлі ў жніўні ў Супрасьлі, што ў 10 км ад Беластоку. На кожны з тыднёвых летнікаў прыехалі 10 беларускіх студэнтаў, вясёлых і адкрытых на ўсё новае, асабліва - на тое, што іх цікавіла найболей: прафэсійная і аматарская журналістыка, таямніцы рамяства добрага пісьменства, мастацтва самапрэзэнтацыі.

Ну і канешне ж, тое, што Фонд Новыя Мэдыі прадстаўляе як свой "фірмовы прадукт" - стварэньне ўласнай газэты на макетах www.mammedia.org. Як вынік - паўстала газэта "Аркуш", поўная і ўражаньняў, і думак, і рэпартажаў, і проста - нас саміх.
Кожны зь летнікаў працягваўся толькі тыдзень, але праграма была складзеная так шчыльна і інтэнсіўна, што час на інтэграцыйныя гульні заставаўся толькі вечарам - і, зрэшты, быў выкарыстаны з шанаваньнем што да хвіліны.
Што ж да праграмы - то яна складалася з трох блёкаў: Новыя мэдыі і журналістыка (экскурс у гатункі журналістыкі, асноўныя тэарэтычныя веды, а таксама - разьвіцьцё аніматарскіх здольнасьцяў (праца ў групе, актыўныя мэтады навучаньня) пад крылом дасьведчанага трэнера Фонду Марціна Грудзеня.

Прафэсійнае разьвіцьцё - падрыхтоўка да сьвядомага выбару кар'ернага і адукацыйнага шляху і прафэсійнай кар'еры ва ўмовах рынку. Курсы пад назвай "АBC прафэсійнай працы" уключалі ў сябе імітацыю перамоваў з працадаўцам, пазіцыянаваньне ў калектыве, вырашэньне канфліктных сітуацыяў, падрыхтоўку СV, матывацыйных лістоў, удалае сумоўе. Трэнэрка Павліна Суханкова пры дапамозе прафэсійных тэстаў дапамагла ўдзельнікам вызначыць індывідуальныя прафэсійныя схільнасьці і падабраць кірунак адукацыйнага разьвіцьця на рынку працы. Усе сцэнкі сумоўя і перамоваў пра свае здольнасьці і належны нам (канешне ж!) высокі заробак мы фіксавалі на відэакамэру, каб кожны мог пазьней ацаніць сваё майстэрства самапрэзэнтацыі, але таксама пасьля кожнай сцэнкі праходзіла абавязковае абмеркаваньне па прынцыпу: пахвалі заслужана, а крытыкуючы - не абражай.

Трэці блёк "Сістэмная трансфармацыя" згодна са сваёй назвай быў яшчэ больш актыўны: група цягам двух дзён перамяшчалася па Беластоку ад сустрэчы да сустрэчы, ад рэдакцыі да рэдакцыі, пазнаючы як беларускамоўныя мэдыі Беласточчыны, так і адметнасьці жыцьця рэгіёну, а на сустрэчах з прадстаўнікамі польскага руху "Салідарнасьць" падцягвалі прабелы ў ведах па найноўшай гісторыі: так, дэпутат полськага Сэйму і кіраўнік парлямэнцкай групы па справах Беларусі Роберт Тышкевіч шчыра прызнаваўся, колькі разоў сядзеў ён у часы падземнай "Салідарнасьці" у турме і ці было яму страшна.
Самае ж істотнае, што прагучала падчас сустрэчы і ўзрушыла беларускую моладзь - гэта просьба аб прабачэньні ад імя дэпутатаў польскага Сэйму за справу Алеся Бяляцкага.

Гісторыя працягваецца штодня - і мы мусім, ведаючы і памятаючы мінулае, адказваць за нашае сёньня і клапаціцца пра заўтра. Гэты лейтматыў працягнуў і вядомы рэжысэр Юры Каліна, які паказаў удзельнкіам "ДЭМА" свае тэчкі, якія вяліся на яго ў часы "Салідарнасьці" у польскім КДБ, а таксама паказаў некалькі выданьняў - некаторыя ў паасобным экзэмпляры! - якія выдавала беларуская й польская моладзь у тыя часы.
Што ж да сустрэчаў у рэдакцыях - мы наведалі "Газэту Выборчу", патрапілі пад абаяльны ўплыў харызматычнай Ілёны Карпюк з тыднёвіка "Ніва",

захоплена слухалі адданага аматара Беласточчыны Зьміцера Косьціна, разважалі зь Ігарам Лукашуком, як найэфэктыўней прамаваць беларускую культуру, і пасядзелі ў фатэлі вядучага ў тэлевізійнай студыі польскай тэлевізіі TVP пад апекай Міколы Ваўрынюка.

Потым, едучы вечарам ў наш чароўны Супрасьль, мы падоўгу, разам і групкамі, абмяркоўвалі свае ўражаньні, крыху спрачаліся, рабілі пэўныя высновы. А вечарамі - нястомна зьбіраліся разам, каб паразмаўляць пра свае спадзяваньні, пра краіну і каштоўнасьці, і... пагуляцца ў кракадыльчыкаў. Дарэчы, самым складаным для паказу бяз словаў аказаўся панятак "адраджэньне". Помніце, дэмаўцы?
Вельмі спадзяюся, што мы дагэтуль напаўняем сэнсам і сваімі элемэнтамі гэты панятак, так, як было падчас нашых летнікаў у Супрасьлі - і будзем працягваць гэта рабіць.
Вольга Гардзейчык
