Беларускія гімназісты – ці маладыя журналісты

“Лічыш сябе крэатыўным і адказным? Падабаецца ствараць? Цікавішся журналістыкай? Маеш што сказаць людзям?” – адказаўшы “так” на ўсе гэтыя пытанні, вучні Заслаўскай гімназіі прыйшлі на трэнінг па журналістыцы. Яго праводзіла я – скончыўшы летнік “Дэма” ў Супрасьлі два тыдні таму, я вырашыла выкарыстаць набытыя веды і падзяліцца імі з вучнямі маёй гімназіі, якую сама ўжо скончыла.

На маю аб’яву адгукнуліся вучні нават тых класаў, якіх я не запрашала – шостых (а я думала, што яны маленькія, і будзе патрэбна яшчэ і граматыцы вучыць). Я памылілася, і радасная, што гэта ня так: шастікласніцы не толькі могуць даваць майстар-клясы па правапісанню, але і ў крэатыўнасці не адстаюць! Так мы і спрацаваліся: маленькія і дарослыя, але ўсе зацікаўленыя агульнай справай: адрадзіць газэту “Ізюм”, якую выдавала яшчэ я, калі вучылася ў дзевятым класе. Выкарыстоўваючы цікавыя практыванні, мы разам вучыліся пісаць навіны, прыдумляць назвы да артыкулаў, і, галоўнае – рабіць мультыму. Стварылі рэдакцыю, і я зноў парадавалася: не трэба было прасіць кагосьці быць рэдактарам ці фотакарэспандэнтам – ролі ў рэдакцыі разышліся хутка, і так склалася, што не было бітваў, кожны знайшоў сабе занятак па сабе.

Вось уражанні ўдзельнікаў: “Я – вучаніца вясёлага восьмага класа Маргарыта. Даўно хацела пабываць на занятках, прысвечаных журналістыцы. Хацела дазнацца шмат новага і цікавага. Трэнінг скончыўся, і, дзякуючы яму, я навучылася пісаць навіны і атрымала каштоўныя парады. Калі пісалі артыкулы, шукала матэрыял і нават адчула сябе сапраўднай журналісткай. Вялікі дзякуй гэтаму трэнінгу”.

Хутка скончыліся два запланаваныя дні трэнінгаў, і было вельмі прыемна, што ўдзельнікі запрасілі мяне працаваць з імі і далей – расказваць пра журналістыку і яе асаблівасці. Хто ведае, як там будзе – можа, яшчэ і папрацуем разам ;)

P.S. Не магу ўтрымацца, каб не сказаць вялікі ДЗЯКУЙ майму трэнеру Марціну Грудзеню, які ў летніку паказаў там, што такое ўвогуле трэнінг і як яго рабіць цікавым. Зараз ўжо магу з упэўненасцю сказаць: выкарыстала свае новыя веды я добра, таму што маладыя настаўніцы гімназіі прыходзілі з нататнікамі і запісвалі сабе мае гульні ;)

Крысціна Калбаснікава
Заслаўе