MAM у сетцы
Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ)
добраахвотнае, недзяржаўнае, непартыйнае аб'яднанне грамадзян, якія займаюцца прафесійнай журналісцкай дзейнасцю альбо садзейнічаюць яе развіццю. БАЖ дзейнічае з восені 1995 года (у 1999 г. прайшла дзяржаўную перарэгістрацыю). Асноўная мэта дзейнасьці - абарона правоў журналістаў і прынцыпаў свабоднай і прафесійнай журналістыкі.

Завесці сваё ўласнае медыя, стаць журналістам і рэдактарам — проста! Для гэтага не патрэбныя ні рэгістрацыя ў Міністэрстве інфармацыі, ні грошы на друкарню, ні месца пад офіс. Дастаткова мець жаданне і камп’ютар з выхадам у Інтэрнет.
Стваральнікі сервісу МАМmedia.org (Моладзевай акцыі мультымедыя) прапануюць далучыцца да свету журналістыкі ўсім, хто жадае, — і тым, хто яшчэ вучыцца ў сярэдняй школе, і тым, хто ўжо абраў прафесію журналіста.
У сервісе mammedia.org можна стварыць уласную рэдакцыю і выдаваць сваю газету, а можна далучыцца да ўжо існуючай рэдакцыі. Сервіс mammedia.org прапануе таксама журналісцкія трэнінгі, парады і online-лекцыі.
Пра тое, як паўстала ідэя сервісу, як можна стварыць сваё медыя і якія магчымасці прапануе пляцоўка, прэс-служба БАЖ размаўляе з каардынатаркай праекту МАМ у Беларусі Ганнай Ягоравай.

БАЖ: — Распавядзіце, калі ласка, пра ідэю стварэння пляцоўкі. Якую мэту паставілі перад сабой стваральнікі, на каго разлічаны МАМmedia?
Ганна Ягорава:
— Ідэя стварэння адукацыйнай інтэрнет-пляцоўкі для юнакоў, якія цікавяцца журналістыкай і хацелі б стварыць свае ўласныя выданні, павучыцца ў прафесіяналаў, узнікла год таму ў Польшчы, у коле некалькіх дасведчаных журналістаў-сяброў. Польскі партал для маладых журналістаў www.mam.media.pl стаў вельмі папулярны — заўважце, там у назве сайту схаваны добры каламбур: «mam» па-польcку азначае «маю». Маю медыя, то бок у мяне ёсць СМІ, СМІ належаць мне.
Польскія школы з радасцю прымаюць трэнераў з працоўнай групы праекта МАМ, якія вучаць як дзяцей, так і саміх настаўнікаў карыстацца шматлікімі мультымедыйнымі магчымасцямі сайта, дэманструюць, як лёгка і хутка можна закласці ўласную газэтку, раздрукаваць яе і распаўсюдзіць сярод сяброў ці калег. Тады ў каардынатараў фонду «Новыя Медыя» і ўзнікла ідэя на аснове польскага досведу і з улікам мясцовых асаблівасцяў распачаць працу над адпаведнымі парталамі ў Беларусі і Украіне. Такім чынам, беларуская адукацыйная платформа праекта «Моладзевая акцыя мультымедыя» толькі пачынае свае існаванне ў вэб-прасторы і запрашае далучыцца да супрацы ўсіх зацікаўленых.
БАЖ: — Ці існавалі раней падобныя праекты і які вынік яны мелі?
Ганна Ягорава:
— Наколькі мне вядома, праектаў, падобных да праекту МАМ, у Беларусі не было. Таму мы — першапраходцы, энтузіясты і аптымісты. Гэта добрая кампанія, каб разам працаваць на вынік і заахвочваць іншых займаць актыўную грамадскую пазіцыю і цікавіцца журналістыкай.
БАЖ: — Якія ўзроставыя рамкі існуюць для ўдзельнікаў праекту, ці ёсць якія-кольвек абмежаванні ўвогуле?
Ганна Ягорава:
— Мы арыентуемся на студэнцкую аўдыторыю і на старшых школьнікаў, але ніякіх узроставых рамак не існуе — мы рады кожнаму новаму сябру!
Мы адкрытыя для кожнага, не будзе ніякіх абмежаванняў і па колькасці моладзевых рэдакцый, якія пажадаюць далучыцца да праекту. З усімі рэдакцыямі мы будзем падтрымліваць сталы кантакт і працаваць як над якасцю іх выданняў, так і над павышэннем прафесіяналізму кожнага з удзельнікаў каманды.
БАЖ: — Што можа атрымаць удзельнік праекту?
Ганна Ягорава:
— Нават калі сябра праекту МАМ актыўна карыстаецца такімі сучаснымі сродкамі анлайн- камунікацыі, як vkontakte.ru, livejournal.com і г.д, ён адразу адчувае пазітыўнае адрозненне парталу Mammedia.org ад таго ж ЖЖ. Бо мы прапануем магчымасць каманднай працы, «гульню» ў рэдакцыю, якая можа перарасці ў прафесію.
Мы даем мачымасць амбітнай моладзі паспрабаваць сябе ў ролі рэдактара, журналіста, рэпарцёра, дызайнера. Рэдагаваць свае выданні можна калектыўна і з нашай дапамогай (калі патрапіце ў рукі да Санітара Слова, які дакладна адрознівае добры тэкст ад графаманства, ён разбярэ ваш тэкст «на косткі» і прадэманструе ўсе яго хібы і добрыя бакі).
Мы прапануем кожнаму сябру праекта павысіць сваю ўласную вартасць праз рэалізацыю сябе як грамадзянскага журналіста, атрымаць дадатковую бясплатную адукацыю, самастойна прайсці прафпадрыхтоўку (на сайце ёсць для гэтага адпаведны раздзел «Школка маладога журналіста», па сканчэнні якой дыстанцыйна можна атрымаць адпаведны сертыфікат), а таксама пашырыць свае веды і атрымаць досвед працы з тэкстам, мантажом гуку і відэа, і, што немалаважна, — навучыцца мастацтву самапрэзентацыі.
Сябры праекта mammedia.org маюць шанец наладзіць кантакты з журналістамі суседніх краін, Украіны і Польшчы, удзельнічаць у сумесных майстар-класах і лагерах, разам вучыцца і адпачываць.
БАЖ: — Пра вас добра ведаюць у Польшчы, але пакуль што не ў Беларусі. Якія захады ў гэтым накірунку вы плануеце?
Ганна Ягорава:
— Зараз партал www.mammedia.org працуе ў тэставым рэжыме, але даступныя ўжо амаль усе яго разнастайныя і цікавыя рэсурсы. Прэзентацыя праекту ў Беларусі складзецца з шматлікіх лакальных прэзентацый па ўсёй краіне, для розных па ўзросце і падрыхтоўцы мэтавых груп.
Са свайго боку і мы, і праграмісты пастараліся, каб карыстацца нашым парталам было вельмі проста — каб заахвоціць далучацца да нас тых, хто хацеў бы пісаць, але пабойваецца тэрмінаў «вёрстка», «макет». У нас гэта ўсё спрошчана проста максімальна!
БАЖ: — Ці патрэбна моладзі ведаць польскую мову, каб далучыцца да праекту? У якой форме, хто і на якой мове вядзе заняткі?
Ганна Ягорава:
— У праекце МАМ робіцца ўпор менавіта на анлайн-адукацыю — адукацыйны партал «э-лекцыі» самой назвай тлумачыць, што заняткі па журналістыцы будуць у фармаце электронным.
За жывыя адукацыйныя праграмы для ўдзельнікаў нашага праекта будуць адказваць найбольш кампетэнтныя і прафесійныя беларускія журналісты. Гэта, ў першую чаргу, прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў, на супрацу з якой мы вельмі разлічваем.
Старонка mammedia.org, аснова ўсяго праекту, таксама як і э-лекцыі, змяшчае ўсе матэрыялы і лекцыі па-беларуску. Для нас вельмі важна падтрымаць прэстыж мовы, заахвоціць моладзь ёй карыстацца. Хаця мы абсалютна не адмяжоўваемся ад рускамоўных аматараў прыгожага пісьменства! Зрэшты, калі параўноўваць, то наш партал у сваёй «інструментальнай частцы» найбольш набліжаны на рэсурсу тыпу livejournal — мы прапануем макеты, а ўжо справа карыстальніка, чым яго запоўніць. Праўда, у адрозненні ад тых самых блогаў, мы яшчэ і вучым працаваць у камандзе, і паказваем, як пісаць больш цікава.
БАЖ: — Няўжо кожны, хто жадае, зможа з вашай дапамогай зрабіць якую заўгодна газэту? Ці будзе нехта праглядаць змест гэтых газэтаў? Што накот цэнзуры?
Ганна Ягорава:
— Кожная новая газэта, якая з’яўляецца на старонцы сайта, папярэдне праглядаецца кампетэнтным юрыстам на прадмет адпаведнасці дзейнаму ў Беларусі заканадаўству. Гэты прынцып, мы ўпэўненыя, дапаможа пазбегнуць праблем з «кампетэнтнымі органамі» як самім маладым журналістам, так і каардынатарам праекту. Тым болей, калі казаць пра юрыдычны бок, у нас гатовая цэлая рубрыка, дзе змешчаныя ўсе законы, ведаць якія абавязаны кожны журналіст, нават аматар, нават пачатковец. А можа, перадусім пачаткоўцы і мусяць ведаць усё, чаго засцерагацца…
Але, акрамя юрыдычных норм, ніякай цэнзуры не прадугледжана, паколькі нам важна навучаць не толькі журналістыцы, але таксама асновам дэмакратыі і плюралізму.
БАЖ: — Ці мае праект МАМ партнёраў на Беларусі?
Ганна Ягорава:
— Мы як адукацыйны праект зацікаўленыя ў супрацоўніцтве са школамі, якія спецыялізуюцца на адукацыі журналістаў. Разлічваем на сталую супрацу са Школай маладога журналіста ў Гародне, з Беларускім Калегіюмам, з ЕГУ, з Інстытутам журналістыкі БДУ, з Таварыствам Беларускай Школы, ахвотна пашукаем супольных кропак з Міністэрствам адукацыі. Мы адкрытыя для ўсіх, каму з намі па дарозе ў прафадукацыі.
Спадзяюся, сумеснымі намаганнямі мы здолеем прапанаваць нашай моладзі новыя магчымасці, даць у рукі новыя медыя і навучыць карыстацца імі з задавальненнем і плёнам.
Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»