50 новых рэдакцыяў, каля 20 новых выданьняў

Больш за 50 новых рэдакцыяў, каля 20 новых выданьняў - такі вынік паўгадовай працы праекту "Моладзевая акцыя мультымэдыяў" у Беларусі.

Узімку польскі фонд "Новыя мэдыі" запусьціў беларускамоўныя сэрвісы mammedia.org і elekcyi.org, якія паралельна існуюць на польскай і ўкраінскай мовах. З таго часу каардынатары праекту правялі актыўную інфармацыйную кампанію, каб прыцягнуць як мага болей зацікаўленай моладзі да ўжываньня створаных магчымасьцяў ў сваіх мэтах, а менавіта – выкарыстоўваць тэарэтычныя журналісцкія матэрыялы партала elekcyi.org і флэш-рухавік рэсурса mammedia.org, які спрашчае працэс стварэньня уласных віртуальных рэдакцыяў і э-газэтаў.

Дадзеныя інтэрнэт-рэсурсы дапамаглі й дапамагаюць у даступнай і цікавай форме кожнаму маладзёну весьце свае ўласныя газэты. Спрашчаецца гэтая задача таксама і для ўстановаў адукацыі, грамадзкіх арганізацыяў, аб’яднанняў і розных суполак, якія раней ня ведалі, з чаго пачаць рабіць сваё выданьне альбо ня мелі магчымасьцяў рабіць яго ў простай і сучаснай форме.

З 1 красавіка стартаваў конкурс "МАМ фармат" на лепшую газэту, створаную і выкладзеную на сайце mammedia.org. Гэтымі днямі вызначыліся яго пераможцы:

1 месца - газэта "Скарбонка падзеяў" гімназіі г. Крычаў.

Газэта была прызнаная лепшай у намінацыях: лепшая газэта, лепшае валоданьне рэсурсам mammedia.org, лепшая прэзэнтацыя школы ў газэце, лепшая прэзэнтацыя свайго населенага пункту.

2  месца - газэта "Волонтерский вестник" Берасьцейскага абласнога валанцёрскага савета г. Лунінец.

Газэта адзначана ў намінацыях: лепшая рэдакцыя, лепшае фота, лепшы рэпартаж.

3 месца - газэта "Юность" Клецкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя.

Выданне перамагло ў намінацыях: лепшы фотарэпартаж, лепшае эсэ.

З усімі працамі-пераможцамі можна азнаёміцца па спасылцы: mammedia.org/paper/qmams/

Сардэчна запрашаем усіх ахвочых паспрабаваць свае сілы ў журналісцкай дзейнасьці,  стварыўшы свой уласны самвыдат на сайце mammedia.org, ды спраўдзіць адукацыйны патэнцыял парталу elekcyi.org.