Нашыя прынцыпы

Незалежнасьць, бесстароннасьць.

Бесстароннасьць – гэта аснова сумленнай журналістыкі. Калі мы ўспрымаем сваю ролю як канал перадачы інфармацыі паміж падзеямі й грамадзянамі, то мусім быць годнымі даверу. Нашыя адрасаты павінны ведаць, што мы трымаемся прыцыпу бесстароннасьці ў дачыненьні да ўсіх кропак гледжаньня. Гэта тычыцца ня толькі навінаў, але таксама публіцыстыкі. Прэзэнтуючы факты й меркаваньні, мы павінны быць аб’ектыўнымі, захоўваючы раўнавагу ў прадсталеньні розных пазыцыяў і меркаваньняў. Нават наш суб’ектыўны камэнтар павінен грунтавацца на бесстаронным прадстаўленьні дадзеных й быць аддзелены ад самой навіны, каб чытач ведаў, дзе ёсьць зьвесткі, а дзе іх інтэрпрэтацыя. Мы мусім мець сьвядомасьць таго, што нашая журналісцкая дзейнасьць павінна служыць усім грамадзянам. Мы ня можам нанесьці камусьці рану ці прапусьціць нейкія істотныя погляды. Усе нашыя матэрыялы павінны быць адкрытымі на розныя аргумэнты бакоў, быць сумленнымі й адпавядаць рэчаіснасьці. Ніводная значная думка не павінна быць прадстаўлена без рэфлексыі й спробы аналізу на прадмет таго, ці не існуюць супрацьлеглыя меркаваньні, вартыя ўвагі. Ніводная пазіцыя не павінна ігнаравацца ці быць недастаткова прадстаўленай, але адначасна не павінна быць ухілаў у бок нейкага аднаго меркаваньня. Журналіст, асабліва навіншчык, ня можа данесьці чытачам свой пункт гледжаньня, як і не павінен рабіць уласных ацэнак.

Дакладнасьць, акуратнасьць.

Мы павінны быць гатовымі прысьвяціць свой час на праверку атрыманых дадзеных, каб пераканацца ў іх праўдзівасьці. Таму, калі гэта толькі магчыма, трэба чэрпаць зьвесткі зь першых рук, будучы на месцы падзеяў, а калі немагчыма, то браць інфармацыю ад людзей, якія былі сьведкамі падзеі. Зрэшты дакладнасьць – гэта часта болей, чым проста пытаньне пэўненасьці таго, што атрыманыя зьвесткі адпавядаюць рэчаіснасьці. Мы павінны падаваць інфармацыю так, каб яна таксама выглядала праўдзіва, – быць дакладнай.

Варта памятаць, што ня ўсе крыніцы аднолькава даставерныя, таму ня можна ў аднолькавай ступені на іх разьлічваць. Праверка атрыманых інфармацыяў зьяўляецца адной з галоўных задач журналіста ў дарозе да праўды.

Сумленнасьць, далікатнасьць

Нашыя матэрыялы павінны абапірацца на прынцыпы сумленнасьці, далікатнасьці й адкрытасьці на розныя пункты гледжаньня. Асобы, пра якіх мы распавядаем, павінны трактавацца з павагай і шанаваньнем. Зьбіраючы журналісцкі матэрыял, размаўляючы з людзьмі, пра якіх пішам, мы не хаваем нашых намераў. Мы ясна тлумачым, якой ёсьць мэта размовы – не маскіруем яе. Адначасна мы мусім ўсьведамляць, што нашыя тэксты й праграмы даходзяць да людзей, якія маюць розныя погляды, каштоўнасьці й узровень успрымальнасьці, таму трэба так паказваць рэчаіснасьць, каб не выклікаць у іх шок, не раніць пачуцьцяў, не парушыць сістэму каштоўнасьцяў.