Моладзевы форум у Кракаве

З 19 па 24 верасьня ў Кракаве адбудзецца Моладзевы форум, які арганізуюць Klub Jagielloński у супрацоўніцтве з Ягелонскім унівэрсытэтам. Мэта форуму - закласьці асновы супрацоўніцтва ў коле маладых інтэлектуалаў з краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.

Да ўдзелу запрашаюцца грамадзкія актывісты, студэнты старэйшых курсаў, журналісты, маладыя навукоўцы зь Беларусі ўзростам да 35 год. Плянуемая колькасьць удзельнікаў - 40 чалавек.

Асноўнай тэмай форуму будзе інтэграцыя, арыентаваная на выкарыстаньне асабістага досьведу ў межах агульных рэгіянальных інтарэсаў і гісторыі.

Сэмінары форуму будуць базавацца на чатырох асноўных тэмах: гісторыя й асоба, грамадзтва й палітыка, эканоміка й міжнародныя адносіны. Да ўдзелу ў канфэрэнцыі запрошаныя экспэрты: Норман Дэйвіс, Вацлаў Гавэл, Вітаўтас Ландзбэргіс, Вайра Віке-Фрэйбэрг. Усе даклады й лекцыі экспэртаў будуць апублікаваныя на старонцы праекту, якая стане месцам абмену ідэямі пасьля форуму. Асобная справаздача аб працы форуму будзе апублікаваная ды распаўсюджаная сярод ключавых дзяржаўных інстытутаў і аналітачных цэнтраў у краінах-удзельніцах.

Каб прыняць удзел, неабходна падрыхтаваць эсэ на адну з тэмаў: гісторыя й асоба, грамадзтва й палітыка, эканоміка й міжнародныя адносіны. Эсэ могуць быць сфакусаваныя на нацыянальных і рэгіянальных пытаньнях у сувязі з адлюстраваньнем шляхоў далейшага супрацоўніцтва й агульных інтарэсаў сярод краінаў Усходняй Эўропы. Таксама неабходна даслаць заяўку на эл. адрас: fme@kj.org.pl, у якой пазначыць:

  • імя, прозьвішча,
  • грамадзянства,
  • дату нараджэньня,
  • адукацыю,
  • род заняткаў,
  • сяброўства ў арганізацыі,
  • папярэднюю назву эсэ.

Працоўная мова форуму - ангельская.

Апошні тэрмін падачы заявак: 15 жніўня 2010 году.

Кошт удзелу ў канфэрэнцыі складае 40 эўра. Арганізатары забясьпечаць пражываньне, харчаваньне й кампэнсуюць выдаткі на праезд да 150 эўра.

За дадатковай інфармацыяй зьвяртайцеся на эл. адрас: fme@kj.org.pl.
Падрабязнасьці чытайце на сайце: http://www.kj.org.pl/

Паводле рассылкі belngo