Дакумэнтальныя фільмы on-line

Многім беларусам пампаваньне ці дармовы прагляд фільмаў зь інтэрнэту  атаясамліваецца зь пірацтвам. Ёсьць шанец, што такія асацыяцыі могуць паступова сыйсьці ў нябыт, дзякуючы вялікім калекцыям відэаматэрыялаў, якія ўсё часьцей зьяўляюцца ў легальным доступе. Мы хацім распавесьці некалькі словаў аб інтэрнэт-парталах, якія прадастаўляюць шырокі спектр дакумэнтальных кінафільмаў і клясыкі кінематаграфу абсалютна бясплатна онлайн. Калі вы шукаеце архіўныя дакумэнты з розных частак плянэты ці проста любіце глядзець цікавыя фільмы па актуальных праблемах рэчаіснасьці, раім пазнаёміцца зь ніжэй названымі сэрвісамі. І хаця абсалютная большасьць зь іх прапануе кінастужкі на ангельскай мове, пагадзіцеся, гэта ўсё ж істотны крок у бок павелічэньня нашай мэдыйнай свабоды, асабліва калі параўноўваць з праграмай тэлеперадачай на тэлебачаньні.

www.europafilmtreasures.eu – гэта архіў клясыкі эўрапейскага кіно зь вялікім наборам гатункаў, ад камэдыі да анімацыі; для жадаючых пагуляцца ў адкрыцьцё “скарбаў кінематографу” распрацоўшчыкі падрыхтавалі мілую неспадзяванку - пашукавікі фільмаў у выглядзе віктарынаў.

www.europeana.eu – гэта адна з самых гучных культурных істытуцыяў Эўразьвязу, якая паўстала адносна нядаўна –  у мінулым годзе. Па задуме “панэўрапейцаў” гэты сэрвіс мусіць стаць самым вялікім архівам культурнай спадчыны Эўропы ў Сеціве. Усе мэдыя-экспанаты дадаюцца ў калекцыю European’ы нацыянальнымі музэямі й архівамі краінаў-удзельніцаў Эўразьвязу. Europeana не адносіцца да ліку лёгкіх ў навігацыі інтэрнэт-парталаў, але самым упартым і мэтанакіраваным карыстальнікам можа прынесьці шмат задавальненьня ў форме вельмі рэдкіх фота й відэа матэрыялаў, унікальных твораў мастацтва й літаратуры.  

www.tvp.pl/filmoteka/film-dokumentalny - гэта цудоўны інтэрнэт-рэсурс для тых, хто вырашыў вывучаць і засвойваць польскую мову. Гэты сэрвіс належыць польскаму грамадзкаму тэлебачанью й прапануе шмат дакумэнтальных фільмаў польскай вытворчасьці. У фільматэцы вы можаце таксама знайсьці багата мастацкіх кінастужак і цікавых інтэрв’ю.

http://www.babelgum.com/film Гэты рэсурс мае сваёй мэтай распаўсюд традыцыйных тэлевізійных матэрыялаў і новых дакумэнтальных формаў у інтэрнэце. Што цікава, Babelgum штогод праводзіць уласны фэстываль дакумэнтальных фільмаў, у жюры якога засядаюць такія гуры рэжысуры як Spike Lee i Micheal Gondry.

www.freedocumentaries.org – чарговы сэрвіс, які адкрывае шырокаму інтэрнэт-гледачу дакумэнтальныя фільмы онлайн. У ягонай калекцыі знаходзяцца такія сучасныя рэчы як “Дарога да Гуантама” альбо экалягічны “11ая гадзіна” пад рэжысэрскай працай Leonardo di Caprio.

video.pbs.org - PBS (Public Broadcast Service) – гэта публічнае тэлебачаньне са Злучаных Штатаў Амэрыкі, якое выкладвае ў Сеціва свае відэаматэрыялы, перадусім, дакумэнтальныя фільмы. На добры пачатак ўсім зацікаўленым журналістам і мэдыязнаўцаў раім паглядзець утульным вечарам стужку Digital Nation, прысьвечаную тэме глябальных зьменаў, якія нясуць з сабой лічбавыя тэхналёгіі сучаснай моладзі.