Бясплатныя рэдактары гуку й музычны софт

Новыя мэдыі – гэта ня толькі тэкст. Тэкст ужо хутчэй становіцца толькі дадаткам да іншых мультымэдыйных формаў, такіх як: відэа, гуказапіс ці mixed media, - мяшаных смі. Дзьве апошнія формы яшчэ здаўна вядомыя сваёй папулярнасьцю сярод артыстаў. А цяпер, дзякуючы лёгка даступным сучасным тэхналёгіям й інтэрнэту, гэтыя формы набіраюць вялікую папулярнасьць і сярод звычайных карыстальнікаў. Зрэшты, усё па парадку.

Асноўныя інструмэнты

Апрацоўка гуку можа ўяўляць сабой як складаную мадыфікацыю, так і зусім просты мантаж ці карэкцыю. Для вырашэньня досыць простых задачаў можна на штодзень выкарыстоўваць такія праграмы як базавая вэрсыя Power Sound Editor альбо Wave Editor. Абедзьве аплікацыі прапануюць комплекс найважнейшых асноўных функцыяў ад запісу гуку й мантажу ажно да магчымасьцяў ужываньня такіх эфектаў як інвэрсыя, нармалізацыя ці абязгучваньне. Power Sound і Wave Editor выкарыстоўваюць выключна ангельскую мову інтэрфэйсу, але пры гэтым не вылучаюцца асаблівай складанасьцю функцыянаваньня ці мудрагелістымі наладкамі. Пачатковы карыстальнік павінен даць зь імі рады без асаблівых цяжкасьцяў.

Power Sound Editor у дзеяньні.

Audacity

Audacity гэта пашыраны й мульцісьцежкавы рэдактар музычных файлаў, які распаўсюджваецца праз ліцэнзіі GNU GPL. Праграма працуе з такімі апэрацыйнымі сістэмамі як Unix/Linux, Microsoft Windows i Mac OS. Рэдактар прадастаўляе, між іншага, магчымасьці запісу аўдыё (ажно да 16 каналаў, калі ўжываеце шматканальнае абсталяваньне), рэдагаваньня файлаў у фарматах Ogg Vorbis, MP3 і WAV, зьмены хуткасьці й вышыні, а таксама выразаньня й злучэньня гукаў. Калі вам не стае нейкіх эфектаў, функцыянальнасьць праграмы заўжды можна пашырыць пры дапамозе плагінаў з базы парталу www.ladspa.org. Audacity мае даволі вялікую армію актыўных прыхільнікаў, якія публікуюць у інтэрнэце розныя дапаможныя матэрыялы для гэтага рэдактара. Можаце іх  знайсьці ў Wікіпэдыі ды іншых дапаможных старонках кшталту гэтай.

LMMS

Linux MultiMedia Studio (скарочана LMMS) зьяўляецца праграмным забесьпячэньнем для рабочых станцыяў, прызначаных для стварэньня й мантажу гуку. Гэты софт працуе з такімі апэрацыйнымі сістэмамі як GNU/Linux, Mac OS X i Microsoft Windows. Вы можаце ствараць музыку пры дапамозе адпаведных сінтэзатараў, Midi-клявіятуры ды іншых інструмэнтаў. LMMS таксама абслугоўвае плагіны сэрыі VST і LADSPA. LMSS напэўна спадабаецца асобам, якія жадаюць займацца мантажом, бавіцца з моднымі гучаньнямі, а нават з напісаньнем музыкі.

Як і большасьць адкрытага софту, LMSS мае разьвітую міжнародную супольнасьць, ахвочую да абмену ведамі й сакрэтамі выкарыстаньня рэдактара, зь якой мы можам таксама атрымаць багата парадаў і дапаможных матэрыялаў.

А можа інтэрнэт-радыё?

Мантаж і стварэньне музыкі - гэта ня ўсё, асабліва, калі хочаш рэалізаваць сябе як аўдыёвядоўца. У інтэрнэце гэта зрабіць прасьцей простага, прынамсі з тэхнічнага пункту гледжаньня. Падкасты, фрыкасты, свая інтэрнэт радыёстанцыя – усё магчыма рабіць самому, калі прысьвяціць справе крыху высілкаў і цярпеньня. На добры пачатак вам неабходна сэрвэрнае апраграмаваньне, якое можа выконваць функцыю streaming’у (перасылкі дадзеных у рэальным часе). Гэта можна зрабіць пры дапамозе такіх адкрытых плятформаў як icecast альбо платнага/бясплатнага Shoutcastа. Пры дапамозе парталу peercast.org можна, напрыклад, перадаваць сыгнал уласнага радыё праз файлавую сетку тыпу Peer to Peer (больш вядомую ў народзе як P2P). Для радыётрансляцыі вам таксама спатрэбіцца праграма, якая ў стане прымаць сыгналы, напрыклад, Soma Player. Ён падтрымлівае такія гукавыя фарматы як MP3, OGG, WAV, CDA і стрымінг MP3 i Ogg. Паставіўшы адпаведныя драйверы, пры дапамозе Soma Player можна перадаваць уласны сыгнал непасрэдна на сэрвэры Icecast альбо Shoutcast.

Каміль Сьлівовскі

Крыніцы:

wikipedia.org

Старонкі вытворцаў згаданага софту

 

 

Creative Commons License
Усе матэрыялы распаўсюджваюцца на падставе ліцэнзіі Creative Commons .