Бясплатныя падручнікі па софту ў Інтэрнэце

Абрывіятура FLOSS, якую вынайшаў  Rishab Aiyer Ghosh у 2001 годзе, семямільнымі крокамі ўваходзіць у штодзённы ўжытак юрыдычных дакумэнтаў і афіцыйных установаў, спалучаючы ў сабе два вядомых паняцьці: Free Software і Open Source. Такім чынам, калекцыя падручнікаў FLOSS (Free Libre Open Source Software)  – гэта бясплатная й шырокадаступная ў Сеціве база дакумэнтаў, прысьвечаных вольнаму і адкрытаму праграмнаму забесьпячэньню: ад апрацоўкі графікі да рэдактараў гуку й інтэрнэт-сэрвісаў кшталту Wikimedia Commons.

FLOSS вырасла з шырока вядомага праекту пад назвай Collabrative² Futures, у рамках якога пісаліся падручнікі тыпу booksprint (Booksprint праславіўся як адна з  найбольш пасьпяховых праяваў калектыўнага стварэньня кніжак, калі падручнікі пісаліся за лічаныя дні, дзякуючы шчыльнай супрацы вялікай колькасьці аўтараў). Праект быў упершыню прэзэнтаваны сусьветнай грамадзкасьці падчас берлінскага фэстывалю Transmediale. Цяпер кожны жадаючы пры дапамозе старонкі бібліятэкі можа далучыцца да армады айцішных аўтараў, пакінуць свой камэнтар, выправіць чужыя памылкі альбо дапоўніць сваімі ведамі які-небудзь існуючы артыкул.

*Варта зазначыць, што дакумэнты FLOSS даступныя з большага на ангельскай мове.

Падручнікі FLOSS распвядаюць, якім чынам інсталяваць і выкарыстоўваць рознае вольнае й адкрытае апраграмаваньне, як ствараць новыя праекты, якія абапіраюцца на свабодным праграмным забесьпячэньні, як выкарыстоўваць і узбагачаць медыя-культуру, дзякуючы дасягненьням гэтага руху. Сярод вялікай колькасьці матэрыялаў можна знайсьці падручнікі да такіх папулярных праграмаў як Audacity (мультысьцежкавая праграма для апрацоўкі гуку), Inkscape (рэдактар вектарнай графікі), Wordpress (плятформа і апраграмаваньне для стварэньня інтэрнэт-сайтаў) і т.д. Усе тэксты распаўсюджваюцца праз ліцэнзіі Creative Commons Прызнаньне Аўтарства – На Такіх жа Ўмовах (СС BY SA) альбо сумяшчальных з GNU-GPL.

Тэкст апублікаваны па ліцэнзіі Creative Commons.